Мусіць, няма такога чалавека, які б не любіў святы. Кожны з нас неаднаразова прымаў удзел у афіцыйных урачыстасцях, збіраўся за адным сталом са сваякамі, весела бавіў час у кампаніі сяброў. Але ёсць асаблівы від святочных мерапрыемстваў, на якіх можна ўсвядоміць сябе часткай вялікай гісторыі пэўнай установы і разам з калектывам адзначаць дні яе нараджэння. Так 50-гадовы юбілей ДУА «Дзіцячы сад № 2 г. Пружаны» стаў нагодай для сустрэчы прадстаўнікоў розных пакаленняў.
Урачыстасць, якая праходзіла 12 мая, сабрала ў рознакаляровых сценах дзіцячага сада № 2 выхавацеляў, ветэранаў працы, выпускнікоў, бацькоў. Сярод запрошаных гасцей была і былая загадчыца ўстановы Антаніна Імховік, якая падзялілася сваімі эмоцыямі яшчэ да пачатку імпрэзы.
– Я працавала ў садку з 1981 года, спачатку была метадыстам, пасля ўзначаліла ўстанову. У 2006 годзе перайшла ў аддзел па адукаці, а маёй пераемніцай стала Жанна Калымага, якая дагэтуль выдатна спраўляецца з роллю загадчыцы, – паведаміла Антаніна Мікалаеўна. – Пачуццё свята апанавала мяне з самай раніцы, а тут гэтае цудоўнае адчуванне толькі ўзмацнілася. Вельмі прыемна сустрэцца з былымі калегамі: усе яны як родныя, а пабачыцца яшчэ і з такой цудоўнай нагоды – вялікае шчасце. Дзіцячы сад быў нашым другім домам, калі не першым, бо асноўны час мы праводзілі на працы і вялікі адрэзак жыцця прысвяцілі дзецям, выхаванню і навучанню малых.
Як зазначалі прысутныя, калектыў ва ўсе часы быў выдатным. Гэтае месца быццам бы прыцягвае адказных, працалюбівых і чулых людзей. Словам, тых, хто і павінен працаваць з дзецьмі. У нас таксама склалася ўражанне сапраўды дружнай каманды, якая з павагай і шанаваннем ставіцца да кожнага, з кім звязваюць зносіны.
На сённяшні дзень у штаце супрацоўнікаў дзіцячага сада 31 чалавек. З 2006 года загадчыцай з’яўляецца, як ужо адзначалася, Жанна Калымага, дзякуючы якой ва ўстанове камфортна і ўтульна і дзецям, і бацькам, і калектыву.
Раздзяліць радасць ад урачыстасці прыйшоў загадчык сектара па пытаннях сацыяльнага забеспячэння правоў непаўналетніх аддзела па адукацыі Пружанскага райвыканкама Андрэй Копыл. Ён павіншаваў прысутных са святам і ўручыў узнагароды лепшым прадстаўнікам працоўнага калектыву.
Хочацца адзначыць і шыкоўную падрыхтаванасць усіх удзельнікаў мерапрыемства і, канечне ж, яго галоўных зорачак – выхаванцаў, якія сталі ўпрыгажэннем святочнай сустрэчы. Малыя чыталі радасныя вершы, спявалі вясёлыя песні, дарылі прысутным запальныя танцы. Таксама творчымі нумарамі радавалі і работнікі ўстановы, а яшчэ нашай увазе прадставілі прэзентацыю з архіўнымі фотаздымкамі садка. Выступоўцы, сярод якіх былі, вядома, загадчыца, выпускнікі, ветэраны, выказалі шмат прыгожых слоў і шчырых пажаданняў у адрас усіх людзей, так ці інакш звязаных з дзіцячым садком. І ў выніку атрымалася проста цудоўнае свята!
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы са свята: https://vk.com/album-23306785_293015336 і https://ok.ru/budni/album/961110590088