Понедельник, 21 апреля 2025

Як WeDo аказалася ў справе

287

У дні школьных канікулаў не ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі проста адпачывалі. Некаторыя, як вучні малодшых класаў з гімназіі і СШ № 1 імя ЧБВА, удзельнічалі ў міжшкольным робатурніры пад назвай «WeDo ў справе».

Нехта скажа, маўляў, што за падзея? Для некага, можа, і не такая глабальная, а для хлопчыкаў і дзяўчынак, што сабраліся разам са сваімі выкладчыкамі ў студыі па канструяванні СШ № 1 — даволі цікавае і карыснае мерапрыемства. Хочацца верыць, што вось з гэтых, пакуль яшчэ маленькіх канструктараў вырастуць сапраўдныя інжынеры па робататэхніцы, машынабудаванні. Пакуль жа ім проста цікава было збіраць з канструктара «Lego WeDo 2.0» робатаў. Мала таго, што яны павінны былі быць дакладнымі, дык яшчэ і запраграмаванымі на выкананне некаторых задач. Але гэта быў самы апошні з тураў.

Перад пачаткам турніру да ўдзельнікаў з прывітальным словам звярнулася дырэктар СШ №1 імя ЧБВА Святлана Станкевіч. Яна выказала надзею, што турнір стане штуршком да яшчэ большай зацікаўленасці канструяваннем і робататэхнікай хлопчыкаў і дзяўчынак. Ёсць надзея, што многія з іх сваю будучую прафесійную дзейнасць прысвецяць стварэнню новых робатызаваных машын. Святлана Мікалаеўна пажадала поспехаў у спаборніцтве і каб перамогу атрымаў мацнейшы.

Суддзямі турніру былі Мікалай Бегер — намеснік упраўляючага дзяржаўнай установы «Цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Пружанскага раёна», Мікалай Дубінчук — настаўнік інфарматыкі і фізікі СШ №1 імя ЧБВА, Таццяна Станкевіч — настаўніца інфарматыкі гімназіі г. Пружаны.

Турнір пачаўся з гонак. Трэба было на пэўнай дыстанцыі прагнаць аўтамабілі-робаты, каб дасягнуць фінішу, не сутыкнуцца з бардзюрам і аўто саперніка.

Другі этап складаўся з робасумо. Неабходна было з розных пазіцый выправадзіць саперніка за межы рынга.

І завяршаў турнір, як я ўжо казаў вышэй, этап зборкі мадэляў з праграмаваннем дзеянняў. Не ўсё было тут проста. Крыху не так паставіш дэтальку, ці насунеш раменны прывад, ці дзеянне пераблытаеш, так і не рухнецца аўто з фігуркай ката, могуць колы круціцца, а машына не паедзе, альбо не ў той бок. Па гэтым заданні трэба было чытаць уважліва, нічога не прапускаць, не блытаць.

Пакуль ішоў працэс зборкі, Мікалай Дубінчук пракаментаваў гісторыю ўзнікнення турніру, яго працяг і задумкі на будучае. Чаму менавіта Мікалай Мікалаевіч даваў каментарый? Справа ў тым, што ён з’яўляецца ініцыятарам турніру. Як паведаміў настаўнік, турнір вырашылі рабіць для папулярызацыі робатаруху. Раней робататэхнікай займаліся толькі ў СШ №1. Зараз у гімназіі таксама рухаюцца ў гэтым накірунку. Так што ёсць з кім праводзіць спаборніцтвы. Дарэчы, вучні СШ №1 неаднаразова былі на абласных спаборніцтвах па робататэхніцы. Як сказаў Мікалай Мікалаевіч, Брэсцкая вобласць даволі развітая ў гэтым напрамку, бо ёсць неблагая база. У Пружанах толькі ўсё пачынаецца, трэба добра рыхтавацца, каб заняць якія-небудзь месцы.

Па выніках конкурсу пераможцы атрымалі дыпломы і сувеніры. Што цікава, прызы былі зроблены вучнямі школы. Многія з дапамогай 3D-прынтэра. У гонцы робатаў заняў першае месца Міхаіл Мядзведзеў з гімназіі, у робасумо — Максім Давідзюк, у зборцы мадэляў — Марк Алішэўскі, вучні СШ № 1 імя ЧБВА.

Пасля турніру яго ўдзельнікі падзяліліся ўражаннямі ад мерапрыемства. У апытанні прынялі ўдзел Сафія Бармута —
2 клас, Ксенія Ганчарук — 4 клас, абедзве дзяўчынкі навучэнкі СШ № 1 імя ЧБВА і вучні 3 класа гімназіі Іван Бут і Міхаіл Мядзведзеў. Усе сказалі, што спаборніцтвы вельмі спадабаліся і ім хочацца яшчэ ўдзельнічаць у такіх цікавых турнірах.

Мне было цікава назіраць за ходам турніру. Асабліва за рэакцыямі вучняў, іх уважлівасцю, захапленнямі ў вачах, радасцю ад поспеху. Вельмі хочацца, каб гэты імпэт з гадамі не згас.


Віктар Ільюшчанка.
Фота аўтара