Понедельник, 2 декабря 2024

Як вырашаюць праблемы ў Пружанскім сельсавеце? Размова з яго старшынёй Аленай Краўчук

351

Калі мы вядзём гаворку пра жыццё сельсавета, то, у першую чаргу, канечне, маем на ўвазе жыццё яго жыхароў. Спрабуем высветліць, як яны жывуць, якія клопаты маюць, што для іх робіць мясцовая ўлада. А праблем, як бы добра ні жылося, заўсёды хапае. Такое яно, жыццё.

І заўсёды цікава, як яны, праблемы гэтыя, вырашаюцца ў канкрэтным сельскім Савеце? Чаму больш удзяляецца ўвага, чым можна пахваліцца, што парэкамендаваць?

Старшыня Пружанскага сельвыканкама Алена Краўчук.

З гэтымі пытаннямі карэспандэнты «раёнкі» завіталі ў Пружанскі сельвыканкам і пагутарылі з яго старшынёй Аленай Краўчук.

— Алена Аляксееўна, мы разумеем, што аднаму чалавеку складана бачыць усе праблемы сельсавета. Хто дапамагае Вам у гэтай справе?

— Лепшымі маімі памочнікамі, безумоўна, з’яўляюцца старасты населеных пунктаў. Гэта яны першымі бачаць нейкі недахоп, пасля чаго звяртаюцца па дапамогу да мяне ці самі напрамую звязваюцца з адпаведнымі арганізацыямі. Па выніках работы за 2022 год з лепшага боку можна адзначыць старастаў аг. Белавусаўшчына Вячаслава Дземасюка, в. Сланімцы Ніны Мароз і Плябанцы Валянціны Кунда, якія прымалі актыўны ўдзел у рабоце сельсавета, дапамагалі жыхарам вырашаць надзённыя пытанні, удзельнічалі ў суботніках, якія праводзіліся на тэрыторыі сельсавета.

— Дарэчы, калі ўжо загаварылі пра суботнікі. А як справы з добраўпарадкаваннем і азеляненнем?

— Работа ў гэтым накірунку вядзецца пастаянна. Не пакідаем па-за ўвагай пустуючыя дамы, якія ніяк не надаюць эстэтычнага выгляду населеным пунктам. На пачатак бягучага года іх налічвалася сорак два. На працягу года два было прададзена, знесена восем, у тым ліку чатыры — за сродкі бюджэту і яшчэ чатыры — іншымі арганізацыямі.

Сельвыканкамам арганізавана работа па выдаленні небяспечных аб’ектаў расліннага свету на землях агульнага карыстання, а гэта 178 дрэў. У сваю чаргу, на працягу года высаджана 19 дрэў і 86 кустоў.

Намі ліквідаваны смеццязвалкі ў п. Сонечны, в. Сланімцы і на дарозе каля в. Бузуны. На пастаяннай аснове з мая па кастрычнік праводзілася абкошванне і добраўпарадкаванне тэрыторыі.

— Памяць пра памерлых — гэта, як мы ведаем, святое. Ці падтрымліваецца парадак на могілках?

— Гэтае пытанне было на кантролі ўвесь год. На тэрыторыі нашага сельсавета знаходзяцца двое могілак, якія абслугоўвае КУВП «Камунальнік». Вывозяцца бытавыя адходы, згодна зацверджанаму графіку, маюцца месцы для часовага захоўвання смецця, праводзіцца абкошванне. На могілках у Параслянах пачалася ўстаноўка агароджы, работы плануем завяршыць у 2023 годзе. Зроблена часткова падсыпка дарогі, якая вядзе да брацкай магілы ў в. Слабудка. Сельвыканкамам сумесна з ДУА «Слабадская СШ», «СШ № 4 г. Пружаны» і ААТ «Пружанскае» прыведзены ў парадак воінскія пахаванні.

— Алена Аляксееўна, ці трымаецца на кантролі пытанне стану дарог?

— ДРБУ № 140 сістэматычна праводзіць уборку і абкошванне абочын дарог, чыстку бардзюраў, наводзіць парадак на прыпыначных пунктах грамадскага транспарту. Праводзіцца грэйдзіраванне дарог у населеных пунктах. У бягучым годзе праведзены ямачны рамонт у в. Парасляны, Арабнікі і Жадзены. Выкананы рамонт дарогі і тратуараў да Слабадской школы.

— Час ад часу ў насельніцтва ўзнікаюць пытанні па асвятленні вуліц у вячэрні час, перападах у напружанні. Як вырашаюцца гэтыя пытанні ў вас?

— Згодна з графікам, вядзецца рэканструкцыя ліній электраперадач, а пры неабходнасці — і іх замена. Апошні від работ сёлета быў праведзены ў Слабудцы, вулічнае асвятленне стала намнога лепшым, з’явілася магчымасць у жыхароў падключыць электраацяпленне.

У хуткім часе нарэшце павінна вырашыцца пытанне асвятлення пешаходнага перахода праз дарогу рэспубліканскага значэння каля в. Сланімцы. Гэта вельмі небяспечнае месца як для пешаходаў, так і для аўтамабілістаў. Перад новым годам тут зноў здарылася няшчасце, загінуў падлетак.

На 2023 год запланавана ўстаноўка свяцільняў вулічнага асвятлення ў Плябанцах, Белавусаўшчыне, Жадзенах, працягнецца гэтая работа і ў Слабудцы. У будучым годзе будзе праведзена рэканструкцыя лініі электраперадач у Семянчы.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік