Адзін раз на месяц, незалежна ад колькасці бягучых зваротаў грамадзян, брыгада па адлове безнаглядных жывёл, якая дзейнічае пры Пружанскім КУВП «Камунальнік», адпраўляецца ў маршрут па пошуку бяздомных гадаванцаў.
Пра тое, як гэтая служба змагаецца з праблемай «лішніх» сабак і катоў, расказаў майстар участка «Добраўпарадкаванне» Уладзімір Гардзяюк.

— Уладзімір Васільевіч, патлумачце, калі ласка, чаму неабходна адлоўліваць безнаглядных жывёл?
— Адлоў безнаглядных сабак, катоў у населеных пунктах ажыццяўляецца для таго, каб прадухіліць не толькі ўкусы людзей і жывёл, але і іх захворванні на шаленства і іншыя інфекцыйныя хваробы.
— Якім чынам бяздомныя жывёлы адлоўліваюцца ў нашым раёне?
— Найперш адзначу, што мы абавязаны захоўваць прынцыпы гуманнасці пры адлове і транспарціроўцы безнаглядных жывёл. Нашы спецыялісты не павінны прычыняць шкоду жывым істотам, а таму адлоўліваюць іх пры дапамозе сачкоў, сетак, пастак, а таксама прэпаратаў, якія абезрухоўліваюць жывёл. У апошнім выпадку лавец выкарыстоўвае пнеўматычную стрэльбу, зараджаную спецыяльнымі дроцікамі-паралізатарамі.
— Пасля атрымання такога «ўколу» жывёла засынае?
— Так, звычайна жывёла проста спіць, у пэўнай ступені гэты стан нагадвае кому. Бывае, што пасля ўвядзення прэпарата, а назначае яго ветурач, жывёла не засынае, аднак усё роўна на працягу некалькіх гадзін застаецца нерухомай.
ФАКТЫ
Безнагляднай з’яўляецца жывёла, якая не мае ўладальніка або ўладальнік якой невядомы, а таксама жывёла, ад права валодання на якую ўладальнік адмовіўся.
— Якую работу праводзіце вы, пакуль жывёла пад уздзеяннем прэпарата не можа рухацца?
— У гэты час мы вызначаем, ці сапраўды яна з’яўляецца безнагляднай. Для гэтага спачатку проста аглядаем жывёлу. Наяўнасць ашыйніка звычайна падказвае, што, хутчэй за ўсё, яна дамашняя. Куды прасцей вырашаецца пытанне, калі на жывёле ёсць спецыяльны жэтон, які сведчыць пра яе рэгістрацыю (а дамашнія жывёлы павінны мець заалагічны пашпарт!) і, натуральна, дапамагае вельмі хутка знайсці гаспадара. Калі ж на жывёле няма ні жэтона, ні ашыйніка, яна па ўмаўчанні лічыцца безнагляднай. Аднак канчаткова мы прызнаём яе такой толькі тады, калі не дадуць выніку ўсе іншыя прынятыя меры па ўстанаўленні яе прыналежнасці, у тым ліку апытанне жыхароў тэрыторыі, дзе была адлоўлена жывёла.
— У чым на дадзеным этапе заключаецца функцыя ветэрынарнага ўрача, які таксама лічыцца ў вас у штаце?
— Пакуль мы займаемся пошукамі гаспадара, ветурач абследуе жывёлу, выяўляе, ці хворая яна. Калі на працягу сутак прыналежнасць жывёлы не ўстанаўліваецца, ветурач усыпляе яе. Дарэчы, для пахавання безнаглядных сабак і катоў нам выдзелена месца на тэрыторыі ААТ «Шані-аграпрадукт».
ЛІЧБЫ
За 2022 год на тэрыторыі сельсаветаў лаўцом жывёл адлоўлена 19 кошак і 116 сабак, а ў Пружанах — 13 катоў і 33 сабакі.
— Як жа быць у выпадках, калі праз адсутнасць доказаў жывёла прызнаецца безнагляднай і ўсыпляецца, а потым высвятляецца, што яе ўсё ж такі шукае гаспадар?
— За непрацяглы тэрмін маёй працы на ўчастку «Добраўпарадкаванне» такіх сітуацый яшчэ не здаралася. Нягледзячы на тое, што на ўстанаўленне прыналежнасці жывёлы нам выдзелена адносна мала часу, усіх хатніх гадаванцаў, якім давялося трапіць пад наш адлоў, мы вярталі гаспадарам.

— Тых жа жывёл, якія аказваюцца насамрэч безнагляднымі, чакае толькі ўсыпленне?
— На дадзены момант гэта так. На жаль, пакуль у нас няма магчымасці ўтрымліваць жывёл у вальерах: гэта патрабуе вельмі вялікіх выдаткаў. У гэтым ужо ўпэўніліся мае калегі, якія некалі браліся за гэтую справу, ды, як аказалася, марна…
— Уладзімір Васільевіч, на самым пачатку Вы звярталі ўвагу на прынцып гуманнасці пры вырашэнні праблемы безнаглядных жывёл. Няўжо вашай службе ніколі не даводзіцца прымаць такую крайнюю меру, як адстрэл?
— Правілы ўтрымання дамашніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь дапускаюць прымяненне адстрэлу, аднак толькі ў выключных сітуацыях. Напрыклад, калі шалёная жывёла непасрэдна пагражае жыццю чалавека.
Асабіста мне з такімі выпадкамі яшчэ не даводзілася мець справы. А вось справы з чалавечай безадказнасцю даводзіцца мець рэгулярна. Як у чалавека, звязанага з дзейнасцю брыгады па адлове безнаглядных жывёл, у мяне ўжо склалася ўражанне, што людзі не разумеюць, адкуль у нас бяруцца зграі безнаглядных незадаволеных (чытаць няшчасных) сабак і катоў…
Гутарыла Вольга Басак. Фота Кацярыны Масік