Нярэдка людзі, якія толькі скончылі навучанне і атрымалі прафесію, сутыкаюцца з праблемай працаўладкавання: далёка не кожны наймальнік жадае браць на працу работніка, у якога зусім няма вопыту. Чалавек адчувае пэўную несправядлівасць у адносінах да сябе: ён жа не вінаваты ў падобнай сітуацыі.
Як можна вырвацца з замкнёнага кола і набыць свой першы практычны вопыт працы, расказала галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Іна Нічыпаровіч.
— Набыццё вопыту патрэбна найперш для таго, каб чалавек мог атрымаць прафесійныя веды, уменні і навыкі практычнай работы па сваёй спецыяльнасці, — расказвае Іна Аляксееўна. — Але наяўнасць працоўнага вопыту — гэта і павышэнне ўласнай канкурэнтаздольнасці на рынку працы, атрыманне большых магчымасцей для працаўладкавання.
— Якім чынам упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама можа дапамагчы тым, каму неабходна набыць вопыт практычнай работы?
— Калі да нас ва ўпраўленне звяртаецца чалавек з падобнай праблемай, мы шукаем наймальніка, які дасць згоду на працаўладкаванне гэтага грамадзяніна, і заключаем дагавор аб працаўладкаванні беспрацоўнага для набыцця вопыту практычнай працы па атрыманай прафесіі і частковай кампенсацыі затрат па аплаце яго працы.
Іншымі словамі, заработную плату новаму работніку наймальнік будзе выплачваць не толькі сваімі сіламі: частковае кампенсаванне затрат фінансуецца за кошт сродкаў пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, накіраваных на рэалізацыю праграмы занятасці.
— Якім чынам арганізуецца працэс выплаты кампенсацыі наймальніку?
— Для атрымання кампенсацыі наймальнік штомесяц падае ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне даведку аб затратах па аплаце працы грамадзяніна з указаннем даты выплаты заработнай платы і выплаты абавязковых страхавых узносаў у бюджэт ФСАН, налічаных на заработную плату. Упраўленне ў сваю чаргу падае ў тэрытарыяльныя органы дзяржаўнага казначэйства плацежныя дакументы для пералічэння грашовых сродкаў на бягучы (разліковы) банкаўскі рахунак наймальніка ў мэтах частковай кампенсацыі яму затрат па аплаце працы грамадзяніна.
— Для набыцця вопыту беспрацоўныя могуць быць накіраваны ў абсалютна любыя арганізацыі?
— Працаўладкаванне беспрацоўных для набыцця вопыту практычнай работы па атрыманай прафесіі можа ажыццяўляцца ў арганізацыях незалежна ад форм уласнасці (за выключэннем арганізацый, дзейнасць якіх фінансуецца за кошт бюджэтных сродкаў) і ў індывідуальных прадпрымальнікаў.
— Іна Аляксееўна, давайце акцэнтуем увагу на тым, хто іменна можа разлічваць на садзейнічанне ўпраўлення.
— Для набыцця вопыту практычнай работы па атрыманай прафесіі мы накіроўваем беспрацоўных, якія зарэгістраваны ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне з ліку:
- выпускнікоў устаноў адукацыі, якія атрымалі прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю і маюць даведку аб самастойным працаўладкаванні;
- асоб, якія прайшлі прафесійную падрыхтоўку або перападрыхтоўку па накіраванні органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне;
- асоб, якія асвоілі змест адукацыйнай праграмы павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі і прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) ва ўстановах адукацыі, іншых арганізацыях, у індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ў адпаведнасці з заканадаўствам маюць права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць;
- асоб, якія працяглы час (больш за 12 месяцаў) не працавалі ў сувязі з доглядам дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў або дзіцяці ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраванага вірусам імунадэфіцыту чалавека або хворага на СНІД.
Па пытаннях працаўладкавання беспрацоўных для набыцця вопыту практычнай работы можна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Пружанскага райвыканкама (вул. Чырвонаармейская, 78, тэл. 4-16-31).
Гутарыла Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік