Выбар імя для свайго гадаванца часам пераўтвараецца ў сапраўдны квэст. Многія хочуць даць хатняй жывёле якую-небудзь рэдкую або незвычайную мянушку. Некалькі рэкамендацый, як лепш падысці да гэтага працэсу, дала наш пастаянны дарадчык і памочнік ветэрынарны ўрач Пружанскай раённай ветэрынарнай станцыі Алена Астудзіна. Спадзяёмся, што парады Алены Міраславаўны зробяць выбар мянушкі для вашага гадаванца лягчэйшым і камфортным для зносін з ім.
Каб было прасцей і самому гаспадару, і жывёле, лепш каб мянушка была кароткай і гучнай.
У першую чаргу, варта звярнуць увагу на знешнасць гадаванца. Як рабілі нашы бабулі: з плямкай на пысцы — Мурзік, рыжы кот ці сабака — Рыжык, Мандарын, Апельсін.
Можна ўзяць за аснову характар жывёлы, а ён часта праяўляецца з першых дзён яе жыцця. Паназірайце за гадаванцам, вызначце самыя яркія рысы ў яго паводзінах.
Калі вы падбіраеце ў якасці мянушкі замежнае слова, то варта паглядзець у слоўніку яго значэнне, каб не патрапіць у няёмкую сітуацыю.
Бываюць выпадкі, калі жывёле мяняюць мянушку. Перажываць, што яна яе не запомніць, не варта. Жывёлы ў асноўным эмпаты, яны больш рэагуюць на інтанацыю. Таму праз некаторы час здольны прывыкнуць да новага імя.
Самыя незвычайныя мянушкі сустракаюцца ў пародзістых жывёл, паколькі ў гадавальніках вядзецца радавод, кожны памёт называецца на пэўную літару алфавіта. А яшчэ ў кожнага заводчыка ёсць свая прыстаўка, яна нібы прозвішча, заўсёды далучаецца да мянушкі. Аднак вельмі часта такія складаныя імёны трансфармуюцца ў прасцейшыя. Напрыклад, па дакументах сабаку клічуць Жалезная Ледзі, а гаспадыня называе яе Паці. А Ажына пераўтварылася ў Кайлі.
Што тычыцца мянушак маіх жывёл, то ў мяне дома жыве кошка пароды сфінкс, дык мы яе называем Неферціці Гаргульеўна. Чаму? З аднаго боку, яна цудоўная, як егіпецкая царыца Неферціці. А з іншага, мае вельмі наравісты характар, часам так паглядзіць, нібы пагарджае ўсім светам. Таму і Гаргульеўна. Яшчэ ёсць кот, які вельмі непрыгожа мяўкае. Ну, як яго можна было назваць, як не Гнусяўкін? Дарэчы, з асабістай практыкі ведаю сабаку, якога (напэўна, за характар) гаспадары назвалі Гітлерам, але клічуць яго проста Гіця.
Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік