Вторник, 18 февраля 2025

Як вяскоўцам пасябраваць са спортам? Адказ на пытанне ведае спартінструктар ААТ «Жураўлінае» Уладзімір Савельеў

804

Адным з напрамкаў Дзяржаўнай праграмы аднаўлення вёскі з’яўляецца садзейнічанне спартыўнаму развіццю насельніцтва сельскай мясцовасці. У тым ліку і праз узвядзенне аб’ектаў фізічнай культуры. У нашым раёне па колькасці падобных спартыўных збудаванняў безумоўным лідарам з’яўляецца ААТ «Жураўлінае».

З аднаго боку, менавіта гэта лічыцца прычынай таго, што жыхары населеных пунктаў, размешчаных на тэрыторыі гаспадаркі, становяцца пераможцамі ў розных спаборніцтвах, спартакіядах работнікаў сельгасгаліны не толькі на раённым, але на абласным і нават рэспубліканскім узроўнях. Напрыклад, летась у раённым спаборніцтве сярод сельсаветаў кляпацкая каманда стала пераможцай, а на абласных — увайшла ў прызавую тройку.

Але на самай справе крыніцы перамог знаходзяцца значна глыбей. І калі аналізаваць шлях станаўлення прыхільнасці да спорту вяскоўцаў, то пачынаць трэба з пачатку 1990-х гадоў. Менавіта ў той час за гэты накірунак сацыяльнага развіцця сельгаспрадпрыемства стаў адказваць Уладзімір Савельеў. Але, як зазначае сам Уладзімір Пятровіч, памылкова лічыць, што «дзякуючы яго намаганням» спорт стаў развівацца ў калгасе-камбінаце «Савецкі» (тагачасная назва ААТ «Жураўлінае»).

— У той няпросты перыяд гаспадарцы шанцавала: яе ўзначальвалі актыўныя кіраўнікі, якія прытрымліваліся пазіцыі спрыяння ў стаўленні да «сельскай» фізкультуры,— тлумачыць спецыяліст.— Нягледзячы на складанае эканамічнае становішча, выдзяляліся пэўныя сродкі на падтрымку спартыўных заняткаў.

Набываўся інвентар, знаходзіліся грошы на папаўненне трэнажорнага абсталявання, выдзяляўся транспарт для падвозу на спаборніцтвы і нават рыхтаваліся стымулы для лідараў. Сярод тых, каму трэба дзякаваць за цяперашнія перамогі, У.П.Савельеў называе былых дырэктараў Уладзіміра Калесніка, Івана Шпарло, Анатолія Ліневіча.

Менавіта пры Анатоліі Канстанцінавічы пачалася рэалізацыя падпраграм адраджэння вёскі. І адметна тое, што кіраўнік гаспадаркі за вытворчымі клопатамі не пакінуў па-за ўвагай спартыўнае жыццё пасёлка і навакольных вёсак. Найбольш «ураджайным» спартінструктар лічыць 2007 год, калі было набыта нямала інвентару, а перад спецыялістам пастаўлена задача максімальна прыцягваць у спорт дзяцей. Гэтую работу працягнулі і наступныя кіраўнікі.

Такім чынам атрымліваецца, што падмурак спартыўнага лідарства сярод сельгасарганізацый у ААТ «Жураўлінае» закладваўся на працягу трох дзесяцігоддзяў. Другім краевугольным каменем Уладзімір Пятровіч лічыць падтрымку, якую спорт у акцыянерным таварыстве заўсёды атрымліваў ад кіраўніцтва аграпрадпрыемства.

— Дзякуючы захаванню мінулых набыткаў, ААТ «Жураўлінае» не адзін раз гучала нават на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Мы прывозілі прызы з абласных футбольных чэмпіянатаў, можам пахваліцца амаль дзясяткам залатых медалёў, атрыманых на спаборніцтвах «Залатая шайба», «Каласок». Цяпер жа набіраем балы ў міні-футболе і валейболе.

Любое пачынанне атрымлівае падтрымку з боку кіраўніцтва сельгаставарыства. Хаця і гэта нельга назваць абсалютным рашэннем. Сапраўды, мець спартыўныя аб’екты яшчэ не значыць прыцягваць у іх людзей. У наш час «інтэрнэтызацыі» і «тэлефанізацыі» вельмі складана адцягнуць дзяцей і моладзь ад гаджэтаў і прымусіць больш рухацца.

Нельга сказаць, што ў ААТ «Жураўлінае» знайшлі «лякарства» для праблем сучаснага пакалення, аднак там не спыняюцца ў яго пошуках. І пэўныя здабыткі ёсць.

Як расказвае спартінструктар ААТ «Жураўлінае», наведваюць спартыўныя аб’екты гаспадаркі і мясцовых школ дзясяткі людзей. Хацелася б весці статыстыку сотнямі, але многія не маюць і такіх вынікаў. А вось тое, што ў Клепачах самы юны спартсмен яшчэ толькі збіраецца ў школу, а самы сталы даўно знаходзіцца на заслужаным адпачынку, можна лічыць дасягненнем. Як і тое, што ні адзін з аб’ектаў не застаецца па-за ўвагай. Выкарыстоўваюцца ўсе, магчыма, не ў поўную моц, але застаюцца запатрабаванымі. Спорт у Клепачах і навакольных вёсках не мае сезонных перапынкаў, ладзяцца тут своеасаблівыя летнія і зімовыя алімпіяды. З велакросамі, чэмпіянатамі на адкрытым паветры, а калі шанцуе і зіма падкідвае снегу, — лыжныя гонкі і забегі.

У лік дасягненняў такой увагі да спартыўнага жыцця вяскоўцаў можна дадаць жыццёвы выбар выпускнікоў школ. Як паведамляе Уладзімір Савельеў, сярод яго былых выхаванцаў ёсць настаўнікі фізкультуры, а таксама будучыя прафесійныя спартсмены. З імі экс-трэнер працягвае падтрымліваць сувязь і нярэдка сустракаецца, ужо для абмену вопытам.

Калі ўзяць рэспубліканскую спартыўную статыстыку, то 90% прафесійных спартсменаў маюць «вясковыя» карані. У правінцыі яны знаёміліся з фізкультурай, станавіліся яе прыхільнікамі, раскрывалі таленты. Якія граніліся ўжо ў Мінску. І добра, калі на такім, першым, этапе юніёры адчуваюць падтрымку. А таксама маюць магчымасць трэніравацца ў такіх апантаных спортам людзей, як Уладзімір Савельеў.

Алег Сідарэнка. Фота Алены Зялевіч