Четверг, 10 октября 2024

Як Вялікія Якавічы Дзень вёскі адзначалі

864

І зноў надышоў дзень, калі ў вёску прыйшло свята! Аграсядзіба «Стасіна хата» ў в. Вялікія Якавічы ў нядзелю сардэчна вітала мясцовых жыхароў і гасцей. Дэвізам імпрэзы стаў радок з вядомай песні: «Тут усё маё і я адгэтуль родам».

Свята вёскі — гэта заўсёды добрая і светлая ўрачыстасць для аднавяскоўцаў. Тутэйшае наваколле шчодра дорыць людзям сваю прыгажосць. Дыхаецца лёгка і вольна, на сэрцы — мілата і спакой. Гэта не вялікі горад з яго тлумам і шумам, а мілая сэрцу родная вёска, якая размераным рытмам жыцця яднае з прыродай, якой ганарышся, якую любіш усёй душой.

Гэта свята ўсіх мясцовых жыхароў, кожны з якіх зрабіў свой унёсак у развіццё роднай вёскі. Сапраўды, гэта нібы адна вялікая сям’я: усе ведаюць адзін аднаго, умеюць падтрымаць, зразумець, дапамагчы, цешацца поспехам і засмучаюцца няўдачамі.

З днём вёскі жыхароў і гасцей павіншавала старшыня Пружанскага сельвыканкама Алена Краўчук, яна пажадала Вялікім Якавічам стабільнага росту і росквіту, а ўсім жыхарам — моцнага здароўя і дабрабыту.

Прагучалі словы прывітання і віншаванні ад начальніка ўчастка «Белавусаўшчына» ААТ «Жураўлінае» Юрыя Русака, ад старасты вёскі Аляксандра Каляды.

Па добрай традыцыі ў гэты дзень ушаноўвалі мясцовых жыхароў: старажылаў, юбіляраў, тых, хто адзначыў паўналецце.

Салістамі, вакальнай групай «Забава» аўтаклуба і ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці Белавусаўшчынскага СДК быў наладжаны канцэрт, які прайшоў у цёплай сяброўскай атмасферы. Канцэртныя нумары змяняліся ўшаноўваннем і ўручэннем падарункаў. Мясцовая публіка радасна і ад душы вітала выступоўцаў.

А якое ж свята без каравая, салодкай выпечкі і духмянага чаю? Імі частавалі ўсіх гаспадары аграсядзібы Галіна Зыгмунтаўна і Васіль Андрэевіч Цэбрукі.

Словам, свята атрымалася на славу!

Людміла Кавалёва, загадчыца аўтаклуба