Воскресенье, 13 октября 2024

Як вучні Хараўской школы дзень нараджэння БРПА адзначалі

441

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Хараўской СШ Аляксандра Фядотава ўжо пяты год каардынуе дзейнасць дзіцячых і маладзёжных аб’яднанняў. За гэты час пярвічкі школы не раз займалі першыя месцы не толькі ў раённых, але і ў абласных конкурсах. 13 верасня для выхаванцаў установы не проста чарговы школьны дзень, а асаблівае свята – дзень нараджэння любімага аб’яднання. Мы даведаліся, як дружына адзначыла свята.

Пераемнасць піянерскіх лідараў: Аліна Скобля і Ганна Губарык.

Распачаўся дзень з акцыі «Салодкая паштоўка ад Вогніка», а працягнуўся працай фотазоны «З днём нараджэння, БРПА!». Кульмінацыяй свята стаў збор піянерскай дружыны імя П. І. Клімука. Яго пад наглядам Аляксандры Аляксандраўны рыхтавалі дзевяцікласнікі. Яны ўжо не піянеры: кожны напісаў заяву на ўступленне ў БРСМ і цяпер чакае гэтай урачыстай падзеі, але пачэсная роля адказных за свята выпала менавіта ім. Гэта сведчыць аб наяўнасці пераемнасці ў дзіцячым калектыве. За дысцыплінай на мерапрыемстве сачыў маладзёжны атрад аховы правапарадку «Віцязь», які быў сфарміраваны з членаў БРСМ. Для старэйшых вучняў гэта вельмі пачэсная місія.

Наладжаная работа калектыву ў многім залежыць ад яго лідара. Доўгі час пасаду старшыні савета дружыны займала Аліна Скобля, якая ў мінулым навучальным годзе перамагла ў раённым этапе конкурсу «Лідар года». Але дзяўчынка вырасла. Аліна жартуе, што зараз яна ўжо «піянер-пенсіянер». Не пагадзілася з гэтым настаўніца і нагадала, што хутка настане яскравая будучыня разам з членствам у БРСМ, гэта значыць, да «пенсіі» яшчэ далёка.

На піянерскім зборы быў выбраны новы старшыня савета дружыны — Ганна Губарык. У святочнай абстаноўцы Аліна павязала Ганне гальштук лідара і шчыра пажадала поспехаў сваёй пераемніцы. Ганна прызнаецца, што добра разумее ўсю адказнасць, якую прыняла разам з лідарскім гальштукам, і гатова сваёй дзейнасцю абараняць ганаровае званне лепшай піянерскай дружыны нашага раёна.

Пасля збору вучні адправіліся на квэст «У адзінстве — наша сіла», у якім прымалі ўдзел зборныя каманды акцябрат і піянераў, а капітанамі выступілі члены ГА «БРСМ».

Юлія Янушка. Фота аўтара