Понедельник, 11 ноября 2024

Як вучань Хараўской СШ Аляксей Лаўраш стаў удзельнікам праекта «Цягнік Памяці» і што найбольш запомнілася дзесяцікласніку

310

Апошнія класы сярэдняй школы… Цудоўны, адносна вольны час, які дазваляе займацца не толькі вучобай, але і творчасцю, раскрываць свае таленты праз удзел у розных конкурсах, мерапрыемствах. Асабліва няўрымслівымі па праве можна лічыць дзесяцікласнікаў (канешне, іх яшчэ не закранулі выпускныя турботы!). Такой жа думкі прытрымліваецца вучань 10 класа Хараўской сярэдняй школы Аляксей Лаўраш (на здымку), які стаў удзельнікам культурна-адукацыйнага праекта «Цягнік Памяці».

Маці падлетка Аксана Лаўраш кажа, што Лёша з дзяцінства быў вельмі артыстычным і актыўным. Пры любым зручным моманце рабіў рэверансы, паклоны, шмат ляпіў з пластыліну, што, напэўна, пасля дапамагло яму асвоіць гітару. Ён самастойна разабраўся ў акордах і ўжо праз месяц узяў першае барэ. Таксама Аляксей выдатна малюе, добра танцуе і спявае. Гэтыя ўменні не раз дапамагалі заваёўваць прызавыя месцы на творчых конкурсах розных узроўняў.

Руку да станаўлення паўнавартаснай, гарманічнай асобы прыклалі і педагогі: загадчыца Калядзіцкага СДК Алена Сівачэнка, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Хараўской СШ Аляксандра Фядотава. Дзякуючы ім юнак не раз дасягаў сапраўды важкіх вяршынь. З апошніх — падарожжа па гарадах Беларусі і Расіі ў рамках ініцыятывы «Цягнік Памяці».

Якім жа чынам просты хлопец з вёскі нашага раёна трапіў на такі класны праект? Насамрэч, гэтаму папярэднічала значная работа над сабой.

Член пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ», камандзір школьнага атрада аховы правапарадку «Віцязі» Аляксей Лаўраш стаў лепшым кандыдатам на ўдзел у конкурсе «Я патрыёт сваёй краіны», пераможцы якога павінны былі «сесці на Цягнік Памяці».

Лёшы неабходна было падрыхтаваць традыцыйную візітоўку, эсэ, творчы конкурс, а таксама прадэманстраваць інтэлектуальныя здольнасці. Апроч гэтага, каманда стварыла прыгожае відэа пра Пружаны, якое было высока адзначана журы.

З дапамогай надзейных сяброў-аднакласнікаў юнак паспяхова прайшоў раённы этап конкурсу і стаў адным з 11 пераможцаў з Брэсцкай вобласці (сапраўды выцягнуў шчаслівы білет!). Агулам жа ў праекце прынялі ўдзел 200 навучэнцаў з Расіі, Беларусі, Кыргызстана і Арменіі.

— Падарожжа пачалося з мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Ваенна-гістарычная рэканструкцыя пачатку Вялікай Айчыннай вайны стала нашым першым мерапрыемствам, — кажа Аляксей Лаўраш. — Я быў удзельнікам атрада 2/2, у склад якога ўвайшлі 26 чалавек. Каб не згубіцца і адрознівацца ад іншых атрадаў, мы насілі прыгожую сінюю уніформу.

Яркі двухпавярховы цягнік, створаны спецыяльна для праекта і размаляваны ў адпаведнай стылістыцы, паўсюль сустракалі вельмі ўрачыста, дзе-нідзе нават з аркестрам.

— Мы наведалі 14 гарадоў. Пра кожны я магу расказваць безліч часу, самі разумееце, столькі ўражанняў… Напэўна, больш за ўсё мне спадабаўся Піцер, прыемна ўразіў старажытны Ніжні Ноўгарад.

Падлеткам паказвалі мясцовыя славутасці, праводзілі аглядныя экскурсіі па гарадах. Але асаблівая ўвага была нададзена памятным мясцінам Вялікай Айчыннай вайны.

— Крануў горад-герой Валгаград. За кожны сантыметр гэтай зямлі савецкімі салдатамі вялася жорсткая барацьба. На свае вочы я пабачыў дом Паўлава, Мамаеў курган, скульптуру Радзімы-маці… Стоячы перад такімі культавымі помнікамі, я адчуваў гордасць за тое, што маю дачыненне да гэтай гісторыі, што я нашчадак герояў, якія 200 дзён пралівалі кроў за Сталінград, — дзеліцца Аляксей.

— Яшчэ ў памяць урэзаўся парк «Патрыёт» каля Масквы, прынамсі, яго доўгі музей. Там мы зрабілі 1418 крокаў — столькі дзён доўжылася вайна. Кожны крок — кожны дзень з апісаннем таго, праз якія цяжкія выпрабаванні праходзілі барацьбіты з фашызмам. Ідучы побач з новымі сябрамі розных нацыянальнасцяў, мы быццам бы самі бачылі той нялёгкі шлях нашых продкаў, — зазначае юнак.

Па словах Аляксея Лаўраша, рэалізацыя такіх праектаў вельмі важная і карысная для нашай краіны. Эмпірычнае вывучэнне гісторыі, атрыманне новых ведаў на практыцы дае хлопцам і дзяўчатам разуменне важнасці тых далёкіх падзей.

— Арганізатары выконваюць важную і годную місію, выхоў-ваюць у падрастаючага пакалення пачуццё гонару за мінулае сваёй Радзімы. З «Цягніка Памяці» дзеці вяртаюцца іншымі — больш сталымі і ўдумлівымі. Цяпер Лёша разважае наконт падзей 1941 — 1945 гадоў, разумее, якой цаной нашаму народу далася Перамога, — дзеліцца назіраннямі Аксана Лаўраш.

— Я вельмі рады, што маю дачыненне да такога маштабнага праекта, — шчыра кажа хлопец.

Эмоцыі ад падарожжа не сціхлі і дагэтуль. Нагадваюць аб нядаўна перажытых прыгодах сувеніры і падарункі з наведаных мясцін, лісты ад новых сяброў… Так, гэтае лета Аляксей Лаўраш дакладна запомніць на ўсё жыццё!

Юлія Янушка. Фота аўтара