У чацвер, 15 лютага, на базе санаторыя «Ружанскі» прайшла рэспубліканская нарада сістэмы санаторна-курортнага лячэння з абмеркаваннем вынікаў і задач на 2024 год.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні аблвыканкама Вадзім Краўчук, а таксама прадстаўнікі Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні, Міністэрстваў спорту і турызму, аховы здароўя, унутраных спраў, адукацыі, працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Упраўлення справамі Прэзідэнта, камітэта дзяржкантролю і іншых арганізацый.
Як падкрэсліў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра Генадзь Балбатоўскі, 2023 год стаў першым пасля 2019-га, калі вызначылася станоўчая тэндэнцыя да росту паказчыкаў сістэмы. Дагэтуль негатыўны ўплыў аказвалі спачатку складаная эпідэміялагічная сітуацыя, а потым — санкцыі. Аднак, нягледзячы на аб’ектыўныя перашкоды, пабудаваная ў нашай краіне схема аздараўлення насельніцтва вытрымала іспыты, у тым ліку пры адчувальнай дзяржаўнай падтрымцы. Ні адзін санаторый не скасаваў сваю дзейнасць, наадварот, многія правялі мадэрнізацыю, у тым ліку і санаторый «Ружанскі».
Як падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама Вадзім Краўчук, толькі па Брэсцкай вобласці ў сістэму было летась укладзена 20 мільёнаў рублёў, у прыватнасці, у Ружаны была набыта адкрытая аквазона «Riviera».
У цяперашніх магчымасцях «Ружанскага» ўдзельнікі форуму пераканаліся ўвачавідкі падчас своеасаблівай экскурсіі па аздараўленчых аб’ектах. Здзіўляла не толькі насычанасць сучасным медыцынскім абсталяваннем, але і разнастайнасць працэдур.
Як і ў іншых адпаведных ўстановах санаторна-курортнай сістэмы, у «Ружанскага» мінулы год прайшоў пад знакам росту. Увогуле летась аздараўленне ў беларускіх санаторыях прайшлі амаль паўтара мільёна чалавек, з іх 217 тысяч замежных грамадзян з 56 краін свету. Адзначаецца рост выручкі, рост попыту на пуцёўкі, а разам з тым і напаўняльнасці. Як утрымаць такія дасягненні і ці ёсць патэнцыял да іх павелічэння? Менавіта гэтыя два пытанні і сталі падставай для правядзення рэспубліканскай нарады.
Падрабязнасці чытайце ў рэпартажы нашых карэспандэнтаў у наступным выпуску газеты.
Алег Сідарэнка.
Фота Кацярыны Масік
Паглядзець фотаальбомы: https://vk.com/album-23306785_301527478 і https://ok.ru/budni/album/975072835720