Надвор’е падражніла незвычайным цяплом, а потым зноў падзьмулі пранізлівыя вятры… Адно слова, вясна з яе капрызным характарам. Але ўсё роўна ўсё імкліва ажывае, цягнецца да сонца, радуе нас сваёй непаўторнасцю. Чаго толькі варта азімае рапсавае поле, якое цяпер цвіце і пахне! І гэта толькі пачатак. Тое яшчэ будзе!

А земляробы, якія сёлета адкрылі сезон нязвыкла рана, працягваюць шчыраваць на палетках раёна з раніцы да вечара, пакараючы ўсё новыя гектары сельскагаспадарчых угоддзяў. Толькі справіліся з яравымі збожжавымі і зернебабовымі, як ужо кладзецца ў зямлю кукуруза.
Плошчы нашага раёна пад «царыцу палёў» складаюць 22205 га. Немалыя, але помнім, што кукуруза — гэта незаменны корм для буйной рагатай жывёлы, адзін сілас прыносіць колькі карысці! Ужо не гаворым асобна пра пажыўнасць зерня, якое, у параўнанні з іншымі збожжавымі культурамі, мае больш высокую кармавую каштоўнасць.

На чацвер бягучага тыдня амаль палова гаспадарак Пружаншчыны прыступіла да сяўбы гэтай сельскагаспадарчай культуры. Напрыклад, ААТ «Радзіма» ўжо на 100% пасеяла кукурузу на зерне.
Актыўна ў гэты аўторак уключыліся ў дадзеную работу і ў ААТ «Жураўлінае», якому трэба закласці ў глебу насенне кукурузы на 3800 га (гэта самая вялікая плошча ў раёне), з іх 300 га на зерне.

Не рана пачалі сеяць? Як патлумачыў намеснік дырэктара па раслінаводстве Павел Чэчка, цяпер для сяўбы «царыцы палёў» аптымальныя тэрміны, патрэбна захапіць вільгаць, якая і дасць штуршок для прарастання кукурузы. У сельгаставарыстве плануюць пасеяць сельскагаспадарчую культуру на працягу 20 рабочых дзён. Ці паспеюць укласціся ў азначаныя рамкі? Для гэтага ёсць усё. Тры энерганасычаныя трактары абсталяваны васьміраднай сеялкай «Monosem», 16-раднай «Kinze» і на 24 рады «HORSCH».

За работай апошняга агрэгата нам і выпала магчымасць паназіраць на палетку каля аг. Сухопаль. Адметнасць яго ў тым, што перад пасадкай кукурузы на пяць сантыметраў ніжэй закладваецца фосфар, неабходны для ўкаранення насення.

А яшчэ па мабільным тэлефоне можна адсочваць увесь працэс пасадкі: калі ўзнікае непаладка, яе аператыўна вырашаюць, нават норма высеву бачна. Дарэчы, на 1 га расходуецца 90000 зярнят, 50 кг фосфару. А вопытным механізатарам зусім не ў цяжар выканаць за дзень норму ў 150 га, работа ж знаёмая, а яшчэ калі смачна і сытна паабедаеш…

Ці вераць земляробы ААТ «Жураўлінае» ў добры сёлетні ўраджай кукурузы? Зразумела. Як жа наогул без веры ў лепшае працаваць на зямлі? І глебу падрыхтавалі, і насенне выбралі высокай усходжасці: беларускі гібрыд «палескі 212» і замежныя «F-1» кампаніі «KWS» i «Сінгента». Значыць, будзем чакаць высокай кукурузы і паўнаважных пачаткаў.
Усё ў жыцці ідзе сваёй чарадой, штосьці і мяняецца. Толькі вось праца на роднай зямлі застаецца нязменнай і адвечнай. І людзі на ёй працуюць сумленныя і шчырыя. Вось гэта радуе, надае веры ў тое, што ў нас, беларусаў, усё будзе добра.
Вадзім Раўнейка.
Фота Кацярыны Масік