Среда, 15 января 2025

Як у Ружанскім дзіцячым садку № 1 умоўны пажар патушылі і павучыліся правілам бяспекі

156

У Ружанскім дзіцячым садку №1 дзеці прынялі ўдзел у спартыўнай віктарыне «Юныя выратавальнікі». Арганізаваць яе работнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях дапамагла выхавальніца старэйшай групы Алена Бараноўская.

Мерапрыемства мела вельмі сур‘ёзныя мэты — навучанне дзяцей асновам бяспекі і дзеянням у надзвычайных сітуацыях. Але праходзіла весела і нязмушана, у гульнявой форме.

Паміж сабой з энтузіязмам змагаліся каманды «Выратавальнікі» і «Пажарныя»: спаборнічалі ў веданні правілаў паводзін на вадзе, на вуліцы, у лесе і іншых месцах, актыўна адказвалі на цікавыя пытанні. Таксама малыя выконвалі заданні, накіраваныя на развіццё каардынацыі, спрыту і фізічнай падрыхтоўкі. Спаборнічалі і ў бегу з перашкодамі да тэлефона для выкліку выратавальнікаў, эстафеце па выратаванні хатняга любімца. Давялося і пры дапамозе вёдзер з вадой «тушыць пажар», аказваць «пацярпелым» медыцынскую дапамогу.

Удзельнікі віктарыны атрымалі медалі «Юны пажарны» і памяткі «5 крокаў выратавання», а таксама мноства станоўчых эмоцый, новых ведаў і навыкаў.

Іна Хаваўка, работнік РАНС