Са снежня 2018 года ў Пружанскай паліклініцы праце кабінет мамаграфіі, які дазваляе дыягнаставаць захворванні малочнай залозы на ранняй стадыі. Для сучаснай медыцыны гэта вельмі актуальная праблема, бо рак малочнай залозы займае першае месца як на Брэстчыне ў цэлым, так і на Пружаншчыне ў прыватнасці сярод усіх анкалагічных захворванняў у жанчын. Менавіта ранняя дыягностыка ў пераважнай большасці выпадкаў ратуе здароўе і жыццё пацыентак.
На самыя распаўсюджаныя пытанні пра мамаграфію, якія даводзіцца чуць ад пацыентаў, адказвае ўрач-анколаг Пружанскай ЦРБ Наталля Мальцэвіч.
Што такое мамаграфія?
Гэта від рэнтгеналагічнага даследавання, які ўяўляе сабой рэнтгенаўскі здымак малочных залоз у двух праекцыях на спецыяльным апараце — мамографе. Мамаграфія дазваляе выявіць зусім яшчэ маленькія пухліны малочнай залозы — да 0,5 сантыметра і нават менш.
Мамаграфія праводзіцца ўсім жанчынам?
Мамаграфічнае даследаванне паказана ўсім жанчынам ва ўзросце ад 50 да 69 гадоў. Калі вам яшчэ няма 50 гадоў, рабіць яго немэтазгодна: трэба разумець, што мамаграфія — гэта тое ж рэнтгеналагічнае апраменьванне. А вось у жанчын больш маладога ўзросту малочная залоза мае структуру, якая не дазваляе зрабіць аб’ектыўную дыягностыку раку. Паказаннем да рэгулярнай мамаграфіі ў маладым узросце з’яўляецца толькі спадчынная схільнасць да рака малочнай залозы.
Увогуле, калі вы самастойна выявілі якое-небудзь змяненне збоку малочных залоз, не важна, колькі вам гадоў, трэба звярнуцца да мамолага або анколага: спецыяліст вырашыць пытанне аб далейшым даследаванні. А вось жанчыны, якія працуюць у шкодных умовах, у рамках прафагляду павінны праходзіць і мамаграфічнае даследаванне.
Увогуле хто знаходзіцца ў групе рызыкі?
У групе рызыкі развіцця раку малочнай залозы знаходзяцца жанчыны, у якіх адзначаецца:
∎ позняе з’яўленне менструацый (17 гадоў і старэйшыя) і, наадварот, ранняе іх з’яўленне (раней 12 гадоў);
∎ позняя менапаўза (55 гадоў і старэйшыя);
∎ адсутнасць родаў;
∎ познія першыя роды (пасля 35 гадоў);
∎ дабраякасныя пухліны малочнай залозы;
∎ дысфункцыянальныя парушэнні яечнікаў;
∎ ёсць анамнэз іншых анкалагічных захворванняў.
Увогуле чым жанчына старэйшая, тым большая верагоднасць захворвання. Рэзкае павелічэнне захворвання адзначаецца менавіта пасля 40 гадоў, дасягаючы максімуму да 65 гадоў. Рак малочнай залозы, які развіўся ў маладым узросце, больш агрэсіўны.
Пры дапамозе якіх метадаў можна выявіць рак?
Многія жанчыны звяртаюцца да ўрача ўжо з новаўтварэннямі малочнай залозы — пасля таго, як самастойна намацаюць пухліну. Таму, пераканана, жанчыны павінны ўмець рабіць самадаследаванне малочных залоз і праводзіць яго рэгулярна, каб своечасова выявіць захворванне. Больш дакладным метадам з’яўляецца даследаванне малочнай залозы ўрачом з дапамогай пальпацыі.
З новых метадаў, якія дапамагаюць выявіць рак малочнай залозы на ранніх стадыях, бадай, самым перспектыўным на сённяшні дзень лічыцца магнітна-рэзанансная тамаграфія (МРТ). На жаль, з-за высокага кошту і малой даступнасці абсталявання гэты метад пакуль не надта распаўсюджаны.
На дадзены момант асноўны метад ранняга і своечасовага выяўлення раку малочнай залозы — мамаграфія. Больш за тое, заўважана, што, дзякуючы мамаграфічным даследаванням, удалося знізіць смяротнасць ад раку малочнай залозы на 20–30%.
Як трапіць на мамаграфію?
Прайсці даследаванне можна бясплатна па накіраванні ўрача: тэрапеўта, гінеколага, мамолага або анколага. Па-за планава на мамаграфію могуць накіраваць пры экстранных паказаннях. Даследаванне займае каля 15 мінут. Папярэдне спецыяльна рыхтавацца да мамаграфіі не патрэбна. Папярэдні запіс на мамаграфію ажыццяўляецца на першым паверсе неўралагічнага корпуса ў рэнтгенкабінеце або па тэлефоне 2–76–87. Прымаюць пацыентак штодня (акрамя суботы і нядзелі) з 8.15 да 13.00 гадзін. Само даследаванне праводзіцца ў кабінеце, які знаходзіцца на першым паверсе паліклінікі. Ён абсталяваны сучасным дыягнастычным апаратам і камп’ютарам, які апрацоўвае здымак у самы кароткі тэрмін. У экстранных выпадках апісанне і заключэнне жанчына можа атрымаць практычна адразу, у астатніх — як правіла, на наступны дзень пасля праходжання працэдуры.
«Клапаціцца пра сябе, а значыць, і пра сваё здароўе — наш прамы абавязак», — нагадала Наталля Мікалаеўна.
█ Да ведама
Вось ужо больш за трыццаць гадоў у кастрычніку ва ўсім свеце праводзіцца месячнік па барацьбе з ракам малочнай залозы. І пружанскія медыкі не выключэнне. У рамках месячніка 26 кастрычніка з 11.00 да 13.00 пройдзе «гарачая тэлефонная лінія». Па нумары 2–31–73 па пытаннях прафілактыкі анкалагічных захворванняў насельніцтва будзе інфармаваць урач-анколаг Наталля Мікалаеўна Мальцэвіч.
█ Даведка «РБ»
За час працы кабінета даследаванне прайшло каля 2400 жыхарак раёна. Дзякуючы мамаграфіі, было выяўлена 4 выпадкі анкалогіі і 117 дабраякасных утварэнняў. Статыстыка, мякка кажучы, насцярожвае: зацягваць з даследаваннем не варта.
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.