Понедельник, 16 сентября 2024

Як спынілі мяцеж ПВК «Вагнер» у Расіі. Лукашэнка раскрыў дэталі перагавораў

46

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пасля цырымоніі ўручэння пагонаў вышэйшаму афіцэрскаму складу расказаў падрабязнасці таго, як 24 чэрвеня ішлі перагаворы на фоне спробы ўзброенага мяцяжу ПВК «Вагнер», а таксама падзяліўся матывамі сваіх дзеянняў і пазіцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Мерапрыемства ў Палацы Незалежнасці было запланаванае, але прайшло ў пашыраным складзе. Да ўдзелу запрасілі кіраўніцтва ваенных і сілавых структур, спецпадраздзяленняў, а таксама кіраўнікоў СМІ, палітолагаў і журналістаў. Размова атрымалася грунтоўнай, а самае галоўнае, максімальна адкрытай, з адказамі на самыя актуальныя пытанні, якія апошнімі днямі луналі ў грамадстве. Аляксандр Лукашэнка таксама пракаменціраваў і шэраг інфармацыйных укідаў і здагадак.

Каб захаваць сутнасць і дух аповеду Прэзідэнта, прыводзім максімальна падрабязна і без купюр асноўныя цытаты:

Пра рашэнне выказацца

«Учора раніцай я прыняў рашэнне, што надышоў час на гэту тэму нешта сказаць (зразумела, не ўсё), прытым сумленна, адкрыта, нічога не ўтойваючы.

Падштурхнула мяне да гэтага якраз тое, што ў СМІ, асабліва Расіі… Беларусы — малайцы. Я, шчыра кажучы, папрасіў прэс-сакратара абзваніць кіраўніцтва асноўных нашых СМІ і папрасіць, каб яны не тапталіся на гэтай тэме. Радавацца няма чаго. Вы зараз даведаецеся чаму. Але ў Расіі, як заўсёды, заўсёды так бывае, з’явіліся ўра-патрыёты, я ўбачыў гэту тэндэнцыю, якія пачалі выць і крычаць, асуджаць Пуціна, патрабаваць ад яго не спыняць крымінальныя справы, лавіць, мачыць, саджаць. Вось гэта тое, ад чаго я хацеў бы перасцерагчы і нас, і расійскае грамадства.

І ў сувязі з гэтым, калі разгортвалася, як Прэзідэнт Пуцін назваў яе, гэта смута ў Расіі, неяк усе пад венікам сядзелі. Мацвіенка аказалася мужнай, Валодзін, Патрыярх, некалькі чалавек — і ўсё. А пасля бойкі рукамі мы ўмеем махаць, ох як умеем, і раіць: «Мачыць, мачыць і мачыць». Слухайце, ну ёсць каго мачыць, асабліва ведаеце дзе. Ёсць каго саджаць там, дзе гэта патрэбна».

«Вось гэта мяне падштурхнула да таго, што я павінен сказаць некалькі слоў аб сітуацыі, якая развівалася ў пятніцу і ў суботу, паколькі быў паглыблены, як вы ведаеце, у гэтыя падзеі поўнасцю».

«Для таго каб вы разумелі і ведалі, адчулі, што адбывалася і што магло здарыцца. Мне хацелася б, каб вы дакладна ведалі і разумелі, што было і што магло б быць».

Пра паступленне трывожнай інфармацыі

«І вось, пятніца. Вы ведаеце ў нас такі дзень быў шчаслівы, мы ўсе рыхтаваліся адсвяткаваць дзень выпускнікоў. Зразумела, і я быў заняты значна гэтымі пытаннямі. Ды і неяк, шчыра скажу… Атрымліваючы рэдкую інфармацыю аб тым, што адбываецца ў Расіі, у Растове, на поўдні, я неяк і ўвагі асабліва не звяртаў. Вайна ідзе, ці мала што там адбываецца.

Але раніцай у суботу, з 8 гадзін раніцы мне паступае ўжо трывожная інфармацыя аб сітуацыі ў Расіі. Сёй-той мне там падказвае, што пішуць у гэтых Telegram-каналах, мэсэнджарах… Праз ФСБ і наш Камітэт дзяржбяспекі, генерала Тэртэля мне дакладваюць: Прэзідэнт Пуцін хоча звязацца. Калі ласка. Дамовіліся ў палове дзясятага, што мы перагаворым у любы зручны для яго час. Калі ў 10 ён выступіў, у 10.10 патэлефанаваў і вельмі падрабязна праінфармаваў мяне аб сітуацыі, якая адбываецца ў Расіі»;

«Задаў (Пуціну. — Заўвага БЕЛТА) некалькі пытанняў, у тым ліку і аб процідзеянні гэтаму, і зразумеў, што сітуацыя складаная. Не буду канкрэтызаваць гэту частку размовы».

Пра прапанову Пуціну не спяшацца з жорсткім рашэннем

«Самае небяспечнае, як я зразумеў, — гэта не ў тым, якая яна была, сітуацыя, а як яна магла развівацца і яе наступствы. Гэта было самае небяспечнае. Я таксама зразумеў: прынята жорсткае рашэнне (яно і прагучала падтэкстам у выступленні Пуціна) — мачыць. Я прапанаваў Пуціну не спяшацца. Давай, кажу, пагаворым з Прыгожыным, з камандзірамі яго. На што ён мне сказаў: «Слухай, Саша, дарэмна. Ён нават трубку не бярэ, ні з кім размаўляць не хоча».

Як удалося выйсці на Прыгожына

«Я пытаюся: «Дзе ён?» — «У Растове». Я гавару: «Добра. Лепш благі мір, як любая вайна. Не спяшайся. Я паспрабую з ім звязацца». Ён чарговы раз кажа: «Гэта дарэмна». Я гавару: «Добра, пачакай». Дзесьці мы размаўлялі, напэўна, з паўгадзіны. Потым ён мяне праінфармаваў, што на фронце. Памятаю яго словы: «Ты ведаеш, а на фронце, як ні дзіўна, лепш, чым калі-небудзь было». Я кажу: «Вось бачыш, не ўсё так сумна». У 11 гадзін… Трэба было яшчэ гэтыя тэлефоны знайсці… Гавару: «Як з ім звязацца? Дай тэлефон». Ён кажа: «Хутчэй за ўсё, у ФСБ ёсць тэлефон». Мы ўдакладнілі. Устанавілі да сярэдзіны дня цэлыя тры каналы, па якіх мы можам размаўляць з Растовам».

«У сярэдзіне дня трэці, чацвёрты раўнд перагавораў мы ўжо вялі па гэтым канале, там у мяне ў доме былі, у загараднай рэзідэнцыі, пасрэднікі, якія ажыццяўлялі нам гэту сувязь».

Пра ролю Яўкурава і Бортнікава ў перагаворах

«Павінен у сувязі з гэтым падзякаваць асабліва генералу Юнус-Беку Яўкураву. Пашанцавала нам. Прыяцель аказаўся Івана Станіслававіча (Тэртэля, старшыні КДБ. — Заўвага БЕЛТА), вучыліся вы разам, паводле маіх даных.

Я павінен сказаць, што вельмі важную ролю адыграў гэты генерал. Да ведама скажу: гэта той, які, памятаеце, з батальёнам зайшоў у Сербіі на аэрадром. Памятаеце, быў такі прарыў. Ён кіраваў гэтым батальёнам. Праўда, усё гэта потым, як заўсёды бывае, праз здраду або нешта развіцця не атрымала. Нават кіраўніцтва Расіі вельмі саромелася гаварыць пра гэты факт. Я проста зноў ведаў тую сітуацыю. Чалавек вельмі адважны. Быў паранены сур’ёзна, калі ў Інгушэціі кіраўніком працаваў. Вельмі сур’ёзна. Я памятаю, мне Пуцін расказваў, яго ледзь выцягнулі з магілы. Чалавек ваенны, адказны, і ён вельмі шмат зрабіў у рамках гэтых перагавораў.

Гэта я гавару падрабязна да таго, што пасля бойкі рукамі пачалі махаць, што там удзельнічаў і адзін, і другі ў перагаворах… Называлі прозвішчы (я не буду іх называць). Акрамя Яўкурава на першым этапе і Бортнікава, дырэктара ФСБ, у гэтых перагаворах ніхто не ўдзельнічаў».

Пра першую размову з Прыгожыным

«У 11.00 (хоць Пуцін мяне папярэджваў: не возьме трубку) ён (Прыгожын. — Заўвага БЕЛТА) імгненна зняў трубку. Гэта значыць Яўкураў яго паклікаў, аддаў яму тэлефон: «Вось, Прэзідэнт Беларусі тэлефануе, ці будзеш размаўляць?» — «З Аляксандрам Рыгоравічам буду».

Размова — эйфарыя. У Яўгена поўная эйфарыя. Размаўлялі першы раўнд хвілін 30 на мацернай мове. Выключна. Слоў мацерных (я потым ужо прааналізаваў) было ў 10 разоў больш, чым нармальнай лексікі. Ён, вядома, папрасіў прабачэння і пачаў мне мацернымі словамі расказваць.

А я думаю: з чаго зайсці, каб пачаць гэтыя перагаворы. Хлопцы толькі з фронту. Яны бачылі тысячы, тысячы сваіх загінулых хлопцаў. Хлопцы вельмі пакрыўджаныя, асабліва камандзіры. І, як я зразумеў, яны вельмі ўплывалі (я гэта папярэдне вылічыў) на самога Прыгожына. Так, ён такі, ведаеце, гераічны хлопец, але на яго аказвалі націск і ўплыў вельмі тыя, хто кіраваў штурмавымі атрадамі і бачыў гэтыя смерці. І вось у гэтай сітуацыі, выскачыўшы адтуль у Растоў, у такім напаўшалёным стане я з ім вяду гэты дыялог».

Пра дзеянні вагнераўцаў у Растове

«Па сваіх каналах я атрымаў інфармацыю, у тым ліку ад нашага камітэта (КДБ. — Заўвага БЕЛТА) і ваенных, што яны занялі штаб акругі (у Растове. — Заўвага БЕЛТА)».

«Тут жа ў СМІ: «Ай-ай-ай, захапілі, ужо марадзёрства, яшчэ нешта», — укідваюць. Асабліва ўкраінцы адтапталіся на гэтай тэме.

Я пачаў удакладняць. Я гавару: «Ты чаго, забіў некага там з грамадзянскіх, ваенных, якія табе не процістаялі?» — «Аляксандр Рыгоравіч, я вам клянуся, мы нікога не кранулі. Мы занялі штаб. Вось я тут знаходжуся». І гэта аказалася праўдай. Гэта было вельмі важна. Заўважце, гэта было вельмі важна, што яны, зайшоўшы ў Растоў, нікога не кранулі».

Пра патрабаванні Прыгожына

«Я гавару: «Ты чаго хочаш?» (Пуціну я, зразумела, расказаў у размове іх патрабаванні) — «Я ж нічога, Аляксандр Рыгоравіч, не прашу. Няхай мне аддадуць Шайгу і Герасімава. І мне трэба сустрэцца з Пуціным». Я кажу: «Жэня, ніхто табе ні Шайгу, ні Герасімава, нікога не аддасць, асабліва ў гэтай сітуацыі. Ты ж ведаеш Пуціна не менш, чым я. Па-другое, ён з табой не тое што сустракацца — па тэлефоне размаўляць не будзе з прычыны гэтай абстаноўкі». Маўчыць. «Але мы хочам справядлівасці! Нас хочуць задушыць! Мы пойдзем на Маскву!» Я гавару: «На паўдарогі цябе проста як клапа расціснуць. Нягледзячы на тое што войскі (мне пра гэта Пуцін доўга гаварыў) адцягнуты на адпаведным фронце». Падумай, гавару, пра гэта. «Не» — такая вось эйфарыя.

Доўга я яго пераконваў. І ў канцы сказаў: «Ведаеш, ты як хочаш можаш рабіць. Але на мяне не крыўдуй. Брыгада падрыхтавана да перакідкі ў Маскву. І, як у 1941-м (ты ж кніжкі чытаеш, адукаваны, разумны чалавек), мы будзем абараняць Маскву. Таму што гэта сітуацыя не толькі ў Расіі. Гэта і не толькі таму, што гэта наша Айчына. А таму, што, не дай бог, вось гэта смута пайшла б па ўсёй Расіі (а перадумовы для гэтага былі каласальныя), наступнымі былі б мы».

«Трыумфальнае шэсце савецкай улады — тое ж самае. Прыкладна 100 тысяч бальшавікоў перавярнулі Расію. Без зброі. Задаю сабе пытанне: «А што, у нас, у Расіі ўсё так добра?» Ды не. Прычын для таго, каб смута гэта пайшла, пакацілася па ўсёй Расіі і да нас дакацілася, больш чым дастаткова. Патрэбны трыгер, патрэбен спускавы кручок. І ён з’явіўся».

Пра недапушчальнасць сілавога рашэння

«Хто такі Прыгожын? Гэта вельмі аўтарытэтны сёння чалавек ва ўзброеных сілах. Як бы камусьці гэтага ні хацелася. Таму я падумаў: замачыць можам. Я і Пуціну сказаў: «Замачыць можам». Гэта не праблема. Не з першага разу, дык з другога. Я гавару: «Не рабіце гэтага». Таму што потым ніякіх перагавораў не будзе. Гэтыя хлопцы, якія ўмеюць адзін за аднаго пастаяць, якія там і ў Афрыцы, Азіі, Лацінскай Амерыцы ваявалі, яны пойдуць на ўсё. Таксама можам замачыць, але тысячы, тысячы загінуць мірных людзей і тых, хто будзе процістаяць вагнераўцам. А гэта самая падрыхтаваная ў арміі адзінка. Хто з гэтым стане спрачацца? Ваенныя мае таксама разумеюць гэта, і ў нас у Беларусі няма такіх (настолькі падрыхтаваных. — Заўвага БЕЛТА). Гэта людзі, якія прайшлі не праз адну вайну ў розных месцах.

Таму, перш чым мачыць, трэба падумаць, што будзе заўтра. Трэба паглядзець далей свайго носа, асабліва ўра-крыкунам, якія сёння топчуцца на гэтай тэме».

Пра міжасобасны канфлікт

«Пойдзем на Маскву, нам патрэбна справядлівасць. Мы ваявалі, мы сумленна ваявалі. Вы ж, Аляксандр Рыгоравіч, ведаеце, як мы ваявалі». — «Ведаю». Але пачалася канкурэнцыя паміж арміяй, як ён сказаў, і нашым падраздзяленнем. Нездаровая канкурэнцыя. Міжасобасны канфлікт паміж вядомымі людзьмі перарос у гэту бойку.

І вось тут я яшчэ хацеў бы зрабіць адну заўвагу, чаму сваім СМІ, прэс-сакратару даручыў ні ў якім разе не рабіць з мяне героя, з Пуціна і Прыгожына. Таму што мы прашлёпалі гэту сітуацыю. Мы яе прапусцілі. А потым, калі яна пачала развівацца, мы бачылі і думалі, што разыдзецца, — і я, і Пуцін (я ў меншай ступені, калі ўжо шчыра гаварыць, але тым не менш). А яно не разышлося. І сутыкнуліся практычна два чалавекі, якія ваявалі на фронце. Я зноў жа ў гэтай тэме, у гэтым катле быў пастаянна. Я ведаю работу Шайгу. Незаслужана яго часам крытыкуюць. Шайгу тут быў не аднойчы. Вядома, я не магу ў СМІ даваць тое, аб чым мы гаварылі. Мы з ім вялі вельмі сур’ёзныя перагаворы. Генерал Хрэнін з ім сустракаўся не адзін раз, і мы спакойна падтрымлівалі чым маглі (а маглі многае) і многае зрабілі. І ў гэтых адносінах Шайгу нямала зрабіў. Гэта значыць, ён заняў сваю нішу там, дзе ён можа нешта зрабіць».

«Яўген Прыгожын… наконт гэтага яго можна зразумець. А калі дабавіць, што ён чалавек такі, як і Шайгу (у іх характары аднолькавыя), вельмі імпульсіўны, вось і пачалося».

Пра ўмову для Прыгожына і яго адмову ад сваіх патрабаванняў

«Размаўляючы другі ці трэці раз, я яго папярэдзіў. Я ўжо бачу, што ён гатовы адступіцца, але я яго папярэджваю: «Яўген, ніякага кровапраліцця. Як толькі ты знарок, незнарок заб’еш хоць аднаго чалавека, асабліва грамадзянскага, — усё, ніякіх з табой перагавораў не будзе, і я з табой размаўляць не буду». Ён мне пакляўся. У нас, кажа, такой мэты няма, і я вам клянуся, што гэтага не будзе.

Перагаворы ішлі на працягу дня. Шэсць ці сем раўндаў перагавораў. Я сваю пазіцыю выказаў. Больш не тэлефанаваў яму. Шэсць разоў, па-мойму, ён ужо выходзіў на мяне. Раіўся, прапаноўваў і іншае. Калі ён мне сказаў: «Аляксандр Рыгоравіч, я не буду патрабаваць ад Прэзідэнта, каб ён аддаў Шайгу і Герасімава, і сустрэчы нават прасіць не буду», я гавару: «Ну і добра. Гэта вельмі добры крок. Не трэба ў гэтай сітуацыі, напружваючы абстаноўку, патрабаваць невыканальнае».

Я гавару: «Вось ты ўяўляеш, я — Прэзідэнт. Ты ў мяне міністр абароны. І нейкі бандыт…» — «Я не бандыт» — «Я кажу — гэта прыклад: нейкі бандыт патрабуе аддаць Хрэніна з Гулевічам. Я на гэта ніколі не пайду. Сам загіну, але не пайду» — «Так, я разумею» — «Калі разумееш, давай дзейнічаць». Ён кажа: «Скажыце, што цяпер?» Я гавару: «Трэба спыніць калону». Гэта значыць, ён пайшоў на тое, каб дамаўляцца».

Пра гарантыі ад Прэзідэнта Беларусі

«Апошні аргумент быў, калі ў нейкі раз пасля першых перагавораў ён кажа: «Дазвольце мне сабраць камандзіраў і параіцца». Я гавару: «Вядома, ты з імі парайся, каб потым цябе не абвінавацілі».

У адзінаццаць мы размаўлялі, і а пятай гадзіне вечара ён мне патэлефанаваў і кажа: «Аляксандр Рыгоравіч, я прымаю ўсе вашы ўмовы. Але… Што мне рабіць? Спыняемся — яны пачнуць нас мачыць». Я гавару: «Не пачнуць. Я табе гарантую. Гэта я бяру на сябе». У кантакце былі з кіраўніцтвам Расіі, ФСБ займалася ў асноўным гэтым пытаннем, з Бортнікавым. Я проста настойліва прасіў гэтага не рабіць. Бортнікаў разумны чалавек. Ён сказаў: «Аляксандр Рыгоравіч, ну я ж не дурань, я ж разумею, што можа быць».

«Калі яны недзе спыняцца, калона сціснецца… Яна ў кучу збярэцца… Каб не было, ведаеце, жадання і спакусы ўзяць і яе тут накрыць. Паабяцалі: гэтага не будзе. Я і сказаў Прыгожыну: «Гэта — гарантыя» — «Што далей?» — «Аж да таго, што я выведу цябе ў Беларусь і гарантую табе поўную бяспеку. І тваім хлопцам, якія вось сюды рушылі гэтай калонай» — «Так, я вам веру. Я веру» — «Добра, у гэтым напрамку будзем дзейнічаць».

Пра завяршэнне перагавораў і абяцанні Пуціна

«Вечарам мы падышлі да заканчэння перагавораў. Я спяшаўся, таму што за 200 км да Масквы (я ведаў, мяне Бортнікаў праінфармаваў) ужо выбудаваны рубеж абароны. Было сабрана ўсё (гэта Пуцін мне ўжо ўвечары сказаў), як у гады вайны. І курсанты… І міліцыя была ў рэзерве — паўтары тысячы. Гэта значыць, яны сабралі шмат і ў Крамлі, і каля Крамля. Гэта было, я думаю, тысяч дзесяць абаронцаў. І я баяўся, што калі вагнераўцы сутыкнуцца з імі на гэтай мяжы (а гэта якраз было пад 200 км да Масквы), пральецца кроў і тады ўсё.

Я гавару (Прыгожыну. — Заўвага БЕЛТА): «Добра. Бортнікаў гэтым займаецца. Табе трэба з ім звязацца» — «Ён не бярэ трубку» — «Возьме. Праз 20 хвілін тэлефануй». Папрасіў Івана Станіслававіча (Тэртэля, старшыню КДБ. — Заўвага БЕЛТА): тэрмінова, гавару, знайдзі Бортнікава, няхай мне патэлефануе. Ён патэлефанаваў. Я кажу: «Аляксандр Васільевіч, абавязкова вазьмі трубку, калі табе патэлефануе Прыгожын». У яго, вядома, унутры ўсё бурліць. Я гавару: «Слухай, адкладзі ўсё ў бок і зрабі, як мы з ім дамовіліся». Яны перагаварылі. Ён павярнуў калону і яны пайшлі ў свае лагеры ў Луганскую вобласць. Яны пайшлі ў лагеры.

Я перагаварыў з Пуціным вечарам. Я яго яшчэ раз папрасіў: «Ні ў якім разе» — «Так. Добра. Тое, што абяцаў, я ўсё зраблю». Ён выканаў.

Смута такім чынам была прадухілена. Небяспечныя падзеі, якія маглі быць, былі зняты. Гарантыі бяспекі, як ён учора сказаў, паабяцаў, былі прадастаўлены».

БЕЛТА