Суббота, 15 марта 2025

Як спрацавалі аграрыі раёна ў 2021-м? Расказала начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Таццяна Вараб’ёва

775

Зіма для аграрыяў – гэта час, калі можна і патрэбна падвесці вынікі работы за год мінулы, прааналізаваць, што яшчэ трэба падцягнуць. Пра тое, якіх вышынь дасягнулі ў 2021 годзе жывёлаводы, мы пагутарылі з першым намеснікам старшыні райвыканкама — начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Таццянай Вараб’ёвай.

Таццяна Вараб’ёва.

— Таццяна Анатольеўна, спачатку раскажыце, як спрацавалі ў мінулым годзе ў малочнай галіне.
— Па стане на 01.01.2022 года сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна было выраблена 247,2 тысячы тон малака, або 99,6 % да ўзроўню папярэдняга года. У той жа час сярэдні надой малака ад каровы па раёне павялічыўся на 14 кг і склаў 6716 кг (+15 кг да 2020 года).

— Якія мінусы Вы бачыце ў рабоце жывёлаводаў?
— Асноўнае падзенне надояў адбылося ў чэрвені-ліпені 2021 года. Яно было звязана з анамальна высокай тэмпературай навакольнага асяроддзя, што аказала стрэсавае ўздзеянне на арганізм кароў.

Жывёлавод ААТ «Мурава» Сцяпан Дмітрук.

— З якімі вынікамі падышлі да 2022 года?
— На зімова-стойлавы перыяд 2022 года склалася паўнавартасная кармавая база па ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях. Што датычыцца якасці травяных кармоў, то яна стала лепшай: сянаж па сырым пратэіне пераважна першага (44 %) і другога (49 %) класа, сілас вышэйшага (26 %) і першага (56 %) класа. Што датычыцца абменнай энергіі, то адзначу, што ў 2020 годзе сярэдняе значэнне пры даследаванні проб сіласу было ў межах 9,60, а ў 2021 годзе гэты паказчык значна вышэйшы – у межах 11,30.

Падчас нарыхтоўкі кармоў у ААТ «Агра-Калядзічы».

— А як зараз абстаяць справы з вытворчасцю малака і яго рэалізацыяй?
— На сённяшні дзень забяспечваецца нядрэнны тэмп штомесячнага росту вытворчасці малака, па стане на 18.01.2022 года забяспечаны тэмп росту валавой вытворчасці малака на ўзроўні 101,8 %. Па стане на 01.01.2022 года рэалізавана 222,8 тыс. тон малака (99,3 % да 2020 года) пры таварнасці 90,1 (-0,3 % да 2020 года).

— Таццяна Анатольеўна, якія сельгаспрадпрыемствы з’яўляюцца найбольш паспяховымі па вытворчасці малака?
— Гэта ААТ “Велікасельскае Агра”, “Агра-Калядзічы”, “Мурава”, “Шані-аграпрадукт”, “Жураўлінае”, “Ружаны-Агра”.

Жывёлагадоўчую галіну ў ААТ «Велікасельскае Агра» не баяцца даверыць маладым работнікам. Юрый Богуш вось ужо тры гады узначальвае ферму ў Вялікім Сяле ветурач Юлія Каўко працуе тут літаральна тыдзень пасля заканчэння Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, а старшы ветурач Барыс Гутырчык — два гады.

Калі аналізаваць сітуацыю ў разрэзе асобных малочнатаварных комплексаў, то найлепшых вынікаў дасягнулі на МТК “Стараволя”, МТК “Вялікае Сяло № 2” і МТК “Вялікае Сяло № 1” (ААТ “Велікасельскае Агра”), дзе прадукцыйнасць дойнага статка склала 10055 кг, 9224 кг, 8722 кг адпаведна; на МТК “Каштанаўка” – 8864 кг, МТК “Шані” – 8701 кг (ААТ “Шані-аграпрадукт”); МТК “Калядзічы № 2” – 8525 кг (ААТ “Агра-Калядзічы”); МТК “Мурава” – 8494 кг (ААТ “Мурава”); МТК “Мокрае” – 8283 кг (ААТ “Жураўлінае”); МТК “Варанілавічы” – 8009 кг (ААТ “Ружаны-Агра”).

— Як абстаяць справы з якасцю рэалізаванага малака?
— У сярэднім па раёне рэалізавана гатункам “экстра” 93,5% малака (-0,4% да 2020 года), вышэйшым гатункам – 6,1% (+0,1% да 2020 года), першым гатункам – 0,4% (+0,3% да 2020 года). Агульны аб’ём малака, рэалізаванага гатункам “экстра” і вышэйшым, крыху паменшыўся ў параўнанні з папярэднім годам — на 0,4%.

Насельнікі фермаў ААТ «Ружаны-Агра» — прыгожыя кароўкі.

Найбольш паспяхова ў вобласці якасці спрацавалі ААТ “Мурава” – 99,4 % малака рэалізавана гатункам “экстра”, ААТ “Агра-Калядзічы” – 99,1 % і ААТ “Жураўлінае” – 99,1 %.

— У якім стане ў цэлым знаходзіцца жывёлагадоўля?
— Колькасць буйной рагатай жывёлы ў цэлым па раёне склала 94566 галоў (101,7 % да 2020 года), у тым ліку малочных кароў – 36048 галоў (-418 галоў да 2020 года).

Па стане на 01.01.2022 года вытворчасць (вырошчванне) жывёлы і птушкі склала 27,6 тыс. тон, або 102,1 % да 2020 года, у тым ліку буйной рагатай жывёлы – 14,9 тыс. тон, або 104,2 %, свіней – 12,5 тыс. тон, або 99,5 %, птушкі – 249 тон, або 118,3 5 да 2020 года.

Сярэднясутачная прывага буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме – 674 грамы (+25 г.), за снежань – 686 грамаў (+164 г. да 2020 года).

Сучасныя комплексы працуюць на вынік.

Самых высокіх вынікаў па сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы на адкорме па выніках 2021 года дасягнулі ААТ “Велікасельскае Агра” – 771 г, ААТ “Агра-Калядзічы” – 754 г, ААТ “Ружаны-Агра” – 753 г.

Рэалізацыя жывёлы і птушкі на забой склала 23,9 тыс. тон, або 96,5 % да 2020 года, у тым ліку буйной рагатай жывёлы – 11,4 тыс. тон, або 93,2 %, свіней – 12,3 тыс. тон, або 99,3 %, птушкі – 202 тоны, або 156,4 %.

Канечне, за ўсімі лічбамі стаіць работа канкрэтных людзей. І ўсе мы разумеем, што менавіта шчырая праца работнікаў сельгаспрадпрыемстваў з’яўляецца вынікам таго, што мы маем на дадзены момант. Дзякуй ім за гэта.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік