Мінсельгасхарч падвёў вынікі работы аграпрамысловага комплексу краіны за 2023 год. У мінулым годзе рэзультаты ў малочнай жывёлагадоўлі больш значныя, чым у папярэднім. Што датычыцца надояў ад каровы, то ў 2023-м сплюсавалі па рэспубліцы на 338 кг, валавая вытворчасць узрасла на 6,2%. Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы выраслі на 23 грамы, свіней — на 47.
Як вядома, грошы лішнімі не бываюць. А іх можна зарабіць і за кошт прыбаўлення таварнасці малака. Па краіне яна склала 91,1% — +0,7 да 2022 года. У Брэсцкай вобласці — 91,7% (+0,4).
Не забываем пра якасць малака як рэзерв павелічэння даходаў. У сярэднім па рэспубліцы 67,3% малака рэалізавана гатункам «экстра». Лідарам тут выступае наша вобласць — 79,8%, хаця і змінусавала адносна 2022 года на 0,2%.
Глянем на вытворчасць і рэалізацыю мяса БРЖ. Сярэдняздатачная вага адной галавы буйной рагатай жывёлы ў сярэднім па краіне склала 440 кг (+18 да 2022 года). Другое месца пасля Гродзенскай вобласці ў Брэстчыны — 478 кг (+17).
Па выніках работы комплексаў па вырошчванні і адкорме БРЖ за 2023 год (градацыя па сярэднясутачных прывагах) 18 месца з 40 займае філіял «Айчына» ААТ «Белавежскі» з прывагай у 833 грамы.
Для нашага раёна вынікі ў жывёлагадоўлі за мінулы год (градацыя па прадукцыйнасці дойнага статка) наступныя: 16-е месца сярод 118 раёнаў краіны. Сярэдні надой малака ад каровы за 2023 год у нас — 7410 кг (+436 да 2022 года). Вытворчасць малака на Пружаншчыне склала 276407 тон (107,3%), вытворчасць жывёлы і птушкі — 29893 тоны (105,6%). А вось Брэсцкая вобласць тут на першым месцы — 7268 кг малака ад каровы ў 2023 годзе (+472 да мінулага года).
Вадзім Раўнейка