Суббота, 26 апреля 2025

Як шматдзетная сям’я Кук кватэру на вуліцы Майскай будавала

665

Сярод некалькіх тысяч шматдзетных сем‘яў краіны, якія напрыканцы мінулага — пачатку сёлетняга года атрымалі ключы ад новага жылля, пабудаванага з дзяржаўнай падтрымкай, Арцём і Наталля Кук. Муж з жонкай і трыма сынамі паказалі карэспандэнтам сваю кватэру ў новым доме па вуліцы Майскай у Пружанах.

Шматдзетная сям’я Кук.

Дзяржпадтрымка шматдзетных сем’яў — візітоўка Беларусі

На адным з пасяджэнняў Савета Міністраў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што падтрымка шматдзетных сем’яў — гэта сацыяльны брэнд Беларусі, яе візітоўка. І гэта абсалютна адпавядае рэчаіснасці. Напрыклад, у суседняй Польшчы сем’і, у якіх выхоўваецца шмат дзяцей, могуць разлічваць на сацыяльныя выплаты (у эквіваленце каля 300 беларускіх рублёў на адно дзіця) і падатковыя паслабленні. Летась механізм грантавага фінансавання шматдзетных сем’яў толькі пачалі распрацоўваць парламентарыі Літвы.

У іншых нашых суседзяў таксама няма такіх мер падтрымкі, якія можна было б узяць за прыклад. Не гаворачы пра вырашэнне жыллёвых праблем, якія менавіта для шматдзетных сем’яў з’яўляюцца самымі балючымі.

А што ў нашай краіне? Практычна кожная беларуская сям’я, дзе выхоўваецца трое і больш дзяцей, можа трапіць на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. А потым атрымаць магчымасць пабудаваць жыллё пры дзяржаўным субсідзіраванні. Напрыклад, за чатырох дзяцей бюджэт поўнасцю пагашае крэдыты, такім чынам, пабудаваны дом або кватэра бясплатна перадаецца ва ўласнасць. За апошнія пяць гадоў такой магчымасцю скарысталася 35 тысяч шматдзетных сем’яў. І гэта дае станоўчы дэмаграфічны вынік: па статыстыцы 2020 года ў Беларусі больш за 116 сем’яў прызнаны шматдзетнымі, за апошнія дзесяць гадоў іх колькасць вырасла амаль удвая.

Лідарам у гэтай катэгорыі лічыцца Брэстчына, дзе жыве кожная пятая шматдзетная сям’я. Нямала іх і на Пружаншчыне, дзе актыўна ўзводзяцца шматпавярховыя дамы для забеспячэння жыллём гэтай катэгорыі сваіх грамадзян.

Вядзецца штогадовы ўлік шматдзетных сем’яў краіны, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Сёлета ў такі спіс унесена амаль 10 тысяч новых кандыдатаў. Больш за 8 тысяч у 2022 годзе атрымаюць новае жыллё або фінансавую падтрымку на рэканструкцыю былога. А летась такіх шчасліўчыкаў было больш за 11 тысяч. Сярод іх — і сям’я Кук.

Арцём і Наталля працуюць у ААТ «Велікасельскае Агра». Гаспадарка выдзеліла ім службовы дом, дзе месца хапае ўсім. Але ж гэта — не свая нерухомасць, таму Кукі вырашылі скарыстацца дзяржаўнай падтрымкай, каб займець уласнае жыллё.

Як працуе дзяржаўная падтрымка?

— Пра праграму пачулі ад сяброў, якія паспелі атрымаць такую магчымасць, — расказвае Арцём Аляксандравіч. — Разважалі доўга, бо не верылася, што ўсё можа быць так проста.

Але ж усё-такі адважыліся і звярнуліся ў сельвыканкам. Дзе і пераканаліся ў тым, што залішніх цяжкасцей і бюракратычных перашкод няма. Своеасаблівым «пропускам» з’яўляецца пасведчанне шматдзетнай сям’і, на падставе якога Кукі былі пастаўлены на ўлік. Пасля гэтага давялося пачакаць пэўны час, калі падыдзе чарга.

Пакуль няма мэблі, можна наладзіць «палёт» па пакоях.

Справа ў тым, што шматдзетным бацькам было прапанавана два шляхі: выдзяленне ўчастка для ўзвядзення дома або ўключэнне ў лік кватэрных забудоўшчыкаў. І калі першы варыянт патрабуе больш фінансавых укладанняў і намаганняў, то другога, як аказалася, давялося чакаць. Але з улікам хуткасці ўзвядзення жылых дамоў у райцэнтры, дзе хутка з’явіцца цэлы мікрараён на вул. Майскай, чаканне атрымалася нядоўгім.

«Папяровыя» клопаты

Крытыкі гэтай праграмы сцвярджаюць, што прэтэндэнтам давядзецца прайсці праз «шматлікія церні» ў зборы кожнай «паперкі». А як ішлі справы ў сям’і Кук?

— Мы атрымалі пісьмо з райвыканкама, у якім нас запрашалі прыйсці, каб напісаць заяву для ўключэння ў спіс забудоўшчыкаў, — успамінае Наталля Станіславаўна. — На жаль, мы спазніліся трапіць у спісы першага дома і зноў давялося крыху пачакаць.

Ключы ад новай кватэры.

Праз месяц сям’я атрымала чарговы выклік з райвыканкама. На агульным сходзе прайшло размеркаванне кватэр, там жа агаварылі ўмовы, у якім стане забудоўшчыкі жадаюць атрымаць жыллё — з поўным рамонтам або з «нулявой» аддзелкай.

— Пасля гэтага пытанні давялося вырашаць у асноўным з банкам адносна выдзялення крэдытных рэсурсаў, — тлумачыць Арцём Аляксандравіч. — У іншых установах усё было прасцей. Перыядычна мяне выклікалі ва ўпраўленне капітальнага будаўніцтва і будаўнічую арганізацыю, дзе трэба было падпісаць падрыхтаваныя спецыялістамі дакументы.

У выніку муж і жонка, не задумваючыся, зазначаюць, што ў любым выпадку зноў узяліся б за праходжанне адпаведных працэдур.

Фінансавы цяжар

Кукі атрымалі двухпакаёвую кватэру. Такі варыянт яны палічылі прымальным для сябе, бо ў дзіцячы пакой змогуць пасяліць разам трох сыноў. Па ўмовах субсідзіравання рэспубліканскі бюджэт бярэ на сябе асноўны цяжар фінансавання будаўніцтва — 95% для сям’і з трыма дзецьмі. Калі ж Арцём і Наталля вырашаць займець яшчэ адно дзіця, то з іх наогул здымаецца фінансавае пытанне. Хаця на сённяшні дзень грашовыя ўкладанні наўрад ці можна назваць непад’ёмнымі. Напрыклад, пакуль Кукі выплачваюць толькі працэнты па крэдыце, а напрыканцы лета бягучага года пачнуцца выплаты асноўнага доўгу. Па папярэдніх падліках сума не перавысіць 100 рублёў у месяц.

Якое жыллё прапануецца?

Кватэры ў новых дамах на Майскай маюць больш зручнасцей, чым у іншых гараджан. Напрыклад, тут ёсць уласны двухконтурны кацёл, які ў любы момант дае магчымасць карыстацца гарачай вадой і ацяпленнем. Пяціпавярховыя дамы ўпершыню абсталяваны ліфтамі, тут прадугледжана разумная сістэма вентыляцыі, якая дазваляе праветрыць пакоі без скразнякоў. А хутка свой выгляд зменіць і прылягаючая тэрыторыя, інфраструктуру якой плануецца дапоўніць і сацыяльнымі аб’ектамі.

Усім прывітанне!

Усё гэта пералічваюць Кукі ў якасці пераваг. Таксама ім падабаецца, як будаўнікі выканалі аддзелку. Атрымліваецца, што можна адразу засяляцца. Мяркуючы па дзіцячых веласіпедах і калясках на прасторных лесвічных пляцоўках, нехта паспеў гэта зрабіць. Хутка да іх далучацца і Арцём з Наталляй Кукі з трыма сынамі.

А побач пачалося ўзвядзенне яшчэ аднаго дома. У якім таксама знойдуць сваё шчасце іншыя шматдзетныя сем’і.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік