У апошні час вяскоўцам стала вельмі складана трапіць да ўрача ў раённую паліклініку. Напрыклад, нядаўна жыхарка аграгарадка Шчарчова, каб узяць талон на прыём да стаматолага, вымушана была выязджаць у 6 гадзін раніцы! І такая сітуацыя з прыёмам да іншых урачоў. Магчыма, можна выкарыстаць іншыя падыходы?
Людміла Палянчук, дэпутат Шчарчоўскага сельвыканкама

Як адказаў галоўны ўрач УАЗ «Пружанская ЦРБ» Андрэй Пачынчык, выдзяляць асобныя квоты на талоны да ўрачоў, у прыватнасці, для жыхароў Шчарчова або іншых сельскіх населеных пунктаў немэтазгодна.
— Можа атрымацца чахарда з пераразмеркаваннем, бо ў адзін дзень адтуль прыедуць тры чалавекі, а ў іншы — ні аднаго, хаця талоны патрэбны будуць пацыентам з суседняй вёскі. На маю думку, куды больш рацыянальна працуе сістэма папярэдняга заказу, які можна зрабіць праз інтэрнэт. У дадатак можна скарыстацца і больш класічным спосабам — узяць талон па тэлефоне.
Нагадаю, што для запісу да ўрача трэба тэлефанаваць: у дарослую рэгістратуру — 2-05-03, 2-09-03, у дзіцячую — 2-10-03, 2-10-22, у жаночую кансультацыю — 4-15-96, у стаматалогію — 2-91-76, 7-12-92.
Падрыхтаваў Алег Сідарэнка