Четверг, 7 ноября 2024

Як садзяць лес: наш рэпартаж з Мокраўскага лясніцтва

415

Вясной лесаводы Пружаншчыны не толькі садзяць лес, але і займаюцца пасевам насення для атрымання ў далейшым пасадачнага матэрыялу, які можна будзе выкарыстоўваць пры стварэнні «новага зялёнага багацця». Мы пабывалі ў Мокраўскім лясніцтве і ўбачылі на свае вочы, як вядуцца работы.

З самай раніцы ў лясніцтве кіпіць работа. Пад кіраўніцтвам ляснічага Юрыя Ясінскага сяўбу жалудоў дуба чарэшчатага ажыццяўляюць пяць лесаводаў.

— Да моманту пасеву насення праходзіць некалькі этапаў. Усё пачынаецца восенню, са збору жалудоў. Затым на пробу адбіраецца частка сабранага ўраджаю і адпраўляецца ў спецыяльную ўстанову, дзе робіцца аналіз і вызначаецца якасць. У нашым выпадку мы маем насенне другога класа, што азначае сярэднюю якасць. Пасля чаго сабраны ўсімі лясніцтвамі ўраджай адпраўляем на зімоўку. На пэўную глыбіню выкопваецца траншэя, куды апускаюць насенне ў спецыяльных мяшочках. Такія ўмовы захоўвання найбольш аптымальныя для сабранага ўраджаю, — адзначыў Юрый Валер’евіч.

На работах па лесааднаўленні задзейнічаны кожны работнік лясніцтва. Як расказвае памочнік ляснічага Марына Пекач, якая мае немалы вопыт работы ў лясной гаспадарцы, работы па сяўбе насення з’яўляюцца неад’емнай часткай усяго лесааднаўленчага працэсу.

— Тут важная кожная дробязь, бо гэта праца на перспектыву, — ад таго, як пасеем, якой якасці і ў якой колькасці вырасцім сеянцы, будуць залежаць і нашы наступныя работы па аднаўленні зялёнага багацця.

Пасеў жалудоў дуба чарэшчатага ажыццяўляецца ў спецыяльныя касеты, у кожнай — 35 ячэек. Усяго сёлета плануецца засеяць больш за 1100 касет, выкарыстаць для гэтага каля 350 кілаграмаў жалудоў.

Руслан Басак.

Фота Кацярыны Масік