Четверг, 13 февраля 2025

Як работнікі розных службаў Пружаншчыны спраўляліся з наступствамі непагадзі

409

Дождж, навальніца і моцны вецер — для кагосьці, магчыма, нагода пасядзець пад пледам, пад шум за вокнамі паразважаць пра жыццё. А вось для супрацоўнікаў шэрага службаў — сігнал: хутчэй за ўсё, прыйдзецца адпраўляцца на ліквідацыю наступстваў непагадзі.

Гэтак было на бягучым тыдні ў Пружанскім раёне. Навальніца і моцны вецер, якія прайшлі праз нашу мясцовасць вечарам у сераду, 30 жніўня, сталі прычынай адключэння электрычнасці і паваленых дрэў.

Як расказаў галоўны інжынер філіяла «Пружанскія электрасеткі» РУП «Брэстэнерга» Аляксандр Богдан, падчас стыхіі адбылося адключэнне трох ліній электраперадачы-10 кВ. У выніку без электрычнасці на некаторы час застаўся 21 населены пункт Пружанскага раёна. Работы па аднаўленні электразабеспячэння праводзіліся да глыбокай ночы. Было задзейнічана 5 брыгад энергетыкаў і спецтэхніка. Па прычыне стыхіі было пашкоджана 6 апор лініі электраперадачы, абарваны правады на 15 пралётах апор з-за падзення дрэў. Пасля аднаўлення электразабеспячэння работы па рамонце ліній электраперадачы праводзіліся на працягу ўсяго чацвярга.

«Дасталася» ў выніку стыхіі і дарожнікам. Фотаздымкі дрэў, якія загароджвалі праезд, дасылалі нам і чытачы. Па словах галоўнага інжынера філіяла ДЭУ-25 РУП «Брэстаўтадар» Ігара Якімчыка, работнікі арганізацыі выязджалі на ліквідацыю «падарункаў» навальніцы двойчы. На трэцім кіламетры аўтадарогі Р-81 прыбралі два дрэвы, якія ўпалі на праезную частку, у выніку чаго яе перагарадзілі. Аналагічная сітуацыя адбылася і на 96-100 кіламетрах трасы Р-85 Слонім — Высокае. У абодвух выпадках дрэвы былі аператыўна прыбраны.

Хапіла работы і супрацоўнікам Пружанскага ДРСУ №140. Дыспетчар арганізацыі Людміла Клімашэвіч паведаміла, што вечарам у сераду выязджалі на аўтадарогу Дабучын — Труханавічы, каб прыбраць вялізную галіну ліпы, якая ўпала на паласу руху і перагарадзіла яе.

На пад’ездзе да в. Сярэдняе фактычна ў палоне непагадзі аказаліся аўтамабілі. Тут упала 5 дрэў, яны і сталі перашкодай для руху аўто з абодвух бакоў. Работнікі ДРСУ дрэвы прыбралі.

А вось на дарозе Гарадзечна — Харкі — Жабін працавалі як у сераду, так і ў чацвер, разам з работнікамі «Пружанскага лясгаса». Дарогу расчысцілі ад паваленых і зламаных дрэў.

У «Пружанскім лясгасе» расказалі, што ў выніку праходжання ўрагану пашкоджана 55 га ляснога фонду, які патрабуе суцэльных санітарных высечак у аб’ёме 10 тыс. квадратных кубаметраў. Асноўныя ўчасткі — у Гарадзечненскім, часткова — у Пружанскім лясніцтвах. Работнікі арганізацыі вялі актыўныя работы па адвядзенні лесасек і расчыстцы лясных дарог.

Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла