Понедельник, 13 января 2025

Як работнікі доследнай станцыі ствараюць спрыяльныя ўмовы для маладых яблынь

358

РУП «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя НАН Беларусі», якое займаецца ў тым ліку і вырошчваннем яблыкаў, перыядычна абнаўляе свой сад для лепшай ураджайнасці на будучае: цяперашні пакупнік даволі патрабавальны да смакавых якасцей і выгляду прадукцыі, якую набывае.

Пасадкай маладзенькіх яблынь на пару займаюцца рабочыя Ларыса Людкевіч і Дзмітрый Мяшэчка.

Вясна – добры час для пасадкі пладовых дрэў. Гэты перыяд найбольш спрыяльны для маладых саджанцаў таму, што цяпер шанцаў замерзнуць у іх менш і верагоднасць таго, што дрэвы падужэюць, вырастуць, большая.

У бягучым годзе доследная станцыя высадзіла маладыя яблынькі на трох гектарах. Гэтай рабоце першапачаткова папярэднічала раскарчоўка патрэбных плошчаў: высажаныя каля чатырох гадоў таму пладовыя дрэвы выдаляюцца, адбываецца абнаўленне саду. Пасаджаная стандартная яблыня пачне пладаносіць праз 4-8 гадоў, а карлікавая – праз 2 гады.

Аграном доследнай станцыі Святлана Трус расказала, што яблыні можна высаджваць у пачатку восені і ранняй вясной. Найбольш аптымальныя тэрміны для пасадкі саджанцаў вясной – праз 3-5 дзён пасля поўнага адтайвання глебы. Перад гэтым дрэўцы неабходна ўважліва агледзець. Хворыя, пашкоджаныя галінкі і карэньчыкі абрэзваюць.

Для пасадкі пладовых культур, як адзначае аграном, неабходна падрыхтаваць ямкі дыяметрам 60 см і глыбінёй 50 см. Для гэтага ў доследнай станцыі маецца спецыяльны бур, які навешваецца на трактар.

У пасадачныя ямы не трэба ўносіць свежы гной або няспелы кампост, таму што пры марудным раскладанні на глыбіні яны выдзяляюць аміяк і серавадарод. А гэта выклікае атручванне каранёў і пагаршае прыжывальнасць саджанцаў. Мінеральныя ўгнаенні можна не ўносіць, калі глеба дастаткова ўрадлівая. Калі ёсць апаска, што яна бедная, уносяць 150-200 г фосфарных і 100-200 г калійных угнаенняў. Пасадку саджанцаў лепш праводзіць у пары: адзін трымае дрэўца, а другі акуратна засыпае, тут без ручной работы не абысціся.

Пабелку дрэў ажыццяўляе падсобны рабочы Міхаіл Гамшэй.

Доследная станцыя мае свой гадавальнік, саджанцы з якога і выкарыстоўваюцца для абнаўлення саду. Сёлета пры пасадцы дрэў аддалі перавагу такім сартам яблыкаў, як «шампіён», «сябрына», «голдэн далішэс», «хані крысп».  За дзень удаецца пасадзіць 8 радоў дрэўцаў, што складае каля 1 га. Тут абавязкова ўлічваецца схема пасадкі: чатыры метры паміж радамі і паўтара – паміж дрэўцамі. Наступны крок – пабелка яблынь фарбай для садовых дрэў. Дадзеная работа праводзіцца для абароны саджанцаў ад сонца і перападаў тэмператур.

Цяпер застаецца чакаць, чым жа парадуюць маладыя дрэўцы праз год-другі. Будзем спадзявацца, што яблыкі будуць прыгожымі, духмянымі і вельмі смачнымі.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік