Вторник, 18 февраля 2025

Як пушчанская вёска Папялёва сваё 385-годдзе адзначала (+многа фота)

946

Ведаю, што не варта супастаўляць магчымасці буйнога аграгарадка з развітай сацыяльнай інфраструктурай, блізкасцю да райцэнтра і чыгуначнай станцыі і пушчанскай вёсачкі, якая даўно прайшла праз зеніт свайго росквіту, а цяпер, здаецца, павольна дажывае свой век.

І ўсё роўна параўноўваю свята ў Папялёве, якое адбылося яшчэ ў ліпені, з сёлетнім ліноўскім святкаваннем. Параўноўваю бляск у вачах тых, хто прыехаў здалёк, каб пабачыцца з землякамі, шчырасць апладысментаў, якімі суправаджаюцца выступленні артыстаў, непадробнасць эмоцый ад сустрэчы…

Між іншым, папялёўцы прызнаваліся, што падобнае мерапрыемства тут наладзілі ўпершыню за доўгія гады. І нечакана, падчас падрыхтоўкі да свята, даведаліся, што сёлета вёска адзначае 385-годдзе свайго існавання. Ва ўсялякім выпадку, менавіта ў 1639 годзе было праведзена ўпарадкаванне каралеўскіх пушчаў, і ў складзеных з гэтай нагоды дакументах называецца «аступ Папялёва», які ўваходзіў у Фалаўскі паляўнічы ўчастак. Аступам, дарэчы, называлася месца, зручнае для загонкі жывёл, а значыць, сяліліся тут спачатку паляўнічыя.

Шмат вады ўцякло з гэтага часу, але па-ранейшаму акружае вёску Белавежская пушча. І дорыць ёй непаўторны каларыт, насычае паветра гаючым водарам лесу.

Нямала ўхвалялі ў святочны дзень прыгажосць тутэйшых мясцін, працавітасць, адказнасць, шчырасць іх жыхароў. Але спачатку ўшанавалі памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны: 12 аднавяскоўцаў не вярнуліся з фронту, 25 мірных жыхароў былі забіты гітлераўцамі, а сама вёска спалена. Пра падзеі агнявых саракавых сведчыць помнік савецкім воінам на ўскрайку Папялёва. Напярэдадні свята вёскі каля яго была ўстаноўлена шыльдачка з QR-кодам. Прыняў удзел у яе ўстаноўцы стараста вёскі Мікалай Заянчкоўскі.

— Мікалай Канстанцінавіч — незаменны і вельмі адказны чалавек, які душу ўкладвае ў сваю вёску, — адзначыла старшыня Сухопальскага сельвыканкама Ірына Кузьміч.

Шмат гучала ў гэты дзень віншаванняў і музычных падарункаў: ад Ірыны Іванаўны, ад артыстаў Мураўскага і Кляпацкага Дамоў культуры, Сухопальскага сельскага клуба-бібліятэкі. Цудоўныя песні змяняліся ўшаноўваннямі самых старэйшых і самых юных жыхароў, імяніннікаў, юбіляраў, лепшых гаспадароў сядзіб.

Раз-пораз звярталіся да аднавяскоўцаў і тыя, хто ў свой час выехаў з вёскі, але не пакінуў сувязі з ёй. Зразумела, перш за ўсё жадалі прысутным здароўя і мірнага неба. Радаваліся, што вёска працягвае жыць, нягледзячы на тое, што ёсць тут закінутыя сядзібы. І прасілі: не забывайце малую радзіму, не кідайце бацькоўскія хаты!

— Гэта нават не нам найбольш патрэбны такія сустрэчы, а дзецям нашым, каб ведалі пра свае карані, — кажа Сяргей Семаковіч. Мужчына прызнаецца, што сустрэчы з аднакласнікамі наладжваюцца апошнім часам штогод, але так хацелася, каб больш людзей прыязджала. І вось збылася мара, амаль дзве сотні чалавек сабралася на пляцоўцы каля былой школы!

— Бы калісьці прыйшло людзей, — падтрымлівае яго маці Вера Міхайлаўна. — Я жыву ў Папялёве шмат гадоў і вельмі яго люблю. Добра ў нас.

На жаргоне маладзейшага пакалення апошняя фраза прагучала як «Клёва ў Папялёве». Так і назвалі свята.

Тым не менш, ноткі суму ўплятаюцца ў радасную мелодыю агульнага настрою: школа ў вёсцы даўно не працуе, нешматлікіх школьнікаў возяць у Сухопаль. Паедзе 1 верасня разам з усімі і адзіны сёлета першакласнік Мацвей Семаковіч. Няма ў Папялёве цяпер стацыянарнага магазіна, пошты: па графіку прыязджаюць аўтакрама і перасоўнае аддзяленне паштовай сувязі. Жыхары прывыклі ўжо.

— Як мне, то зусім недалёка ісці да аўталаўкі, а там усё патрэбнае ёсць, — адказвае на маё пытанне Лідзія Мікалаеўна Пракопчык. — Наогул, на жыццё зараз грэх наракаць, вось каб у нашы маладыя гады столькі ўсякага было. А зараз, у 85 гадоў, хіба толькі здароўя хочацца паболей.

Але пажылыя жанчыны, тым не менш, імкнуцца не паддавацца ўзроставым праблемам. Марыя Аляксандраўна Жук, напрыклад, захапілася рукадзеллем. Яе вышываныя карціны ўпрыгожылі і пляцоўку падчас свята.

— Я пасля інсульту спытала ў доктара, ці можна мне вышываць. І атрымала ў адказ: трэба. А як жа без справы быць? — разважае 89-гадовая жанчына.

Такія яны, папялёўцы, моцныя, нібы тыя векавыя дубы, што высяцца ўздоўж вясковай вуліцы.

Ірына Сядова

Фота аўтара

Фотаальбомы са свята глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_303731208 і https://ok.ru/budni/album/982144847496