Четверг, 25 апреля 2024

Як прывабіць моладзь у сельскую гаспадарку? У «Агра-Калядзічах» адказваюць: забяспечыць уласным жыллём!

527

Апошнім часам даволі часта на розных узроўнях у нашай краіне вядзецца гаворка пра тое, як наладзіць жыццё на вёсцы такім чынам, каб падтрымаць яе жыхароў, заахвоціць моладзь да пераезду ў сельскую мясцовасць. Актуальным гэтае пытанне застаецца і для сельгаставарыстваў, у тым ліку і на Пружаншчыне. У першую чаргу з пункта гледжання работнікаў.

Дык як жа прывабіць маладых людзей у сельскую гаспадарку, якія ўмовы трэба стварыць, каб хлопцы і дзяўчаты з задавальненнем працавалі механізатарамі, аператарамі машыннага даення, аграномамі, заатэхнікамі? Праведзенай работай у дадзеным напрамку падзяліліся ў ААТ «Агра-Калядзічы».

Гаспадарка сёння трывала стаіць на нагах, можа даць маладому спецыялісту годную заработную плату. Сам аграгарадок Калядзічы таксама прыгажэе, у хуткім часе сельгаставарыства завершыць будаўніцтва кафэ. Немалаважную ролю ў тым, каб затрымаць моладзь у сельскай мясцовасці, адыгрывае і забеспячэнне жыллём. Гэта пацвярджаюць Аляксандр і Ганна Марчукі, якія нядаўна стварылі сям’ю і з гэтай нагоды атрымалі новы прасторны цагляны дом прысядзібнага тыпу ў аграгарадку.

Аляксандр і Ганна Марчукі.

Карэспандэнты «раёнкі» вырашылі асабіста павіншаваць маладых са шлюбам, а яшчэ пацікавіцца, што паўплывала на выбар работы ў сельскай гаспадарцы: згадзіцеся, на дадзены момант тэндэнцыя сярод маладых людзей не масавая.

Ганна нарадзілася і вырасла ў Пружанах, тут жа скончыла СШ № 3. Пасля была вучоба ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы па спецыяльнасці «Ветэрынарны фельчар». І вось ужо чацвёрты год дзяўчына працуе ў ААТ «Агра-Калядзічы» па абранай прафесіі і ніколькі не шкадуе аб сваім выбары. Не маглі не пацікавіцца: што ж прывабіла ў рабоце фельчарам? Канечне ж, любоў да ўсяго жывога, суперажыванне братам нашым меншым і жаданне дапамагчы ім, калі гэта патрэбна. Плюс да гэтага вельмі ж цікава расказвалі прадстаўнікі каледжа падчас наведвання СШ № 3 пра сваю навучальную ўстанову і прафесіі, якія можна там атрымаць.

У Аляксандра, для якога малой радзімай з’яўляецца аграгарадок Руднікі, прыкладам шчырай работы ў сельскай гаспадарцы былі бацькі. Відаць, ужо на генетычным узроўні ў маладога чалавека была закладзена любоў да жывёлы. Таму і паступіў пасля школы ў Ваўкавыскі аграрны каледж, дзе атрымаў спецыяльнасць «Ветэрынарная медыцына». На год больш, чым жонка, шчыруе ў ААТ «Агра-Калядзічы» ветэрынарным фельчарам. Дарэчы, для Ганны і Аляксандра гаспадарка — першае рабочае месца і пачатак знаёмства, якое перарасло ў каханне і стварэнне сям’і.

Аляксандр і Ганна вырашылі не стаяць на месцы, расці ў сваёй прафесійнай дзейнасці, а таму паступілі ў Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны па аднайменнай спецыяльнасці і цяпер заканчваюць трэці курс.

Ключы ад новага дома!

Кіраўніцтва ж ААТ «Агра-Калядзічы» поўнасцю задаволена работай гэтых спецыялістаў, якія падчас выканання сваіх працоўных абавязкаў не даюць падстаў для якіх-небудзь нараканняў збоку. Чаму ж і не падтрымаць такіх работнікаў не забяспечыць іх жыллём?

Мы ж, са свайго боку, жадаем маладым не баяцца цяжкасцей, смела глядзець у будучыню, будаваць трывалы падмурак свайго сямейнага шчасця і сваім прыкладам даказваць: жыць і працаваць можна ўсюды, толькі было б жаданне.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік