Понедельник, 16 сентября 2024

Як Пружаны спраўляліся з наступствамі моцнага снегападу ў мінулую нядзелю. І ці справіліся?

351

У мінулую нядзелю Пружаны накрыў снежны цыклон. «Белыя мухі» падалі з неба так густа, што нават дыхаць было цяжка.

Яшчэ з раніцы ад імя камісіі па бяспецы дарожнага руху райвыканкама, Дзяржаўтаінспекцыі, КВУП «Камунальнік» у мэсанджарах газеты «Раённыя будні» быў апублікаваны зварот з прызывам да аўтамабілістаў: па-магчымасці, каб пазбегнуць аварый і затораў, не выязджаць на транспарце; да жыхароў шматпавярховых дамоў: аказаць усялякую дапамогу па ачыстцы дваравых тэрыторый, аўтапарковак ад снегу.

Як стала вядома, нямала жыхароў шматпавярховак жыва адазваліся як на прызывы, так і па ўласнай ініцыятыве: выходзілі з рыдлёўкамі чысціць свае двары і стаянкі.

Вечарам, вяртаючыся дамоў, стаў сведкам як чатырохгадовы хлопчык пад кіраўніцтвам мамы маленькай рыдлёвачкай кідаў снег са сцежкі. Потым задаволены спытаў: «Мы ж разам зрабілі добрую справу?».

Увесь дзень і ноч на панядзелак на дарогах, у горадзе шчыравалі тэхніка і супрацоўнікі камунальнай, дарожнай службаў. Затым да іх далучыліся супрацоўнікі двух ПМК, ПМС, а таксама сельгаспрадпрыемстваў раёна. Было складана. Да гэтай пары яшчэ вядзецца расчыстка і вывазка снегу.

А як справа з тэрыторыямі каля супермаркетаў і іншых уласных прадпрыемстваў? Ёсць станоўчыя прыклады, як з «Белмаркетам» і «Дабраномам», што па вуліцы Інтэрнацыянальная. Яны заключылі дамову са спратыўнай школай. Прыехаў невялікі трактар і пачысціў тэрыторыю.

Іншыя кінулі барацьбу са снегам на водкуп камунальнікам. У гэтым мы ўпэўніліся, калі праехалі па горадзе. Паркоўкі насупраць магазіна «Дабрацэн», супермаркета «Марцін» не чысціліся. Тут стварылася брудная снежная мешанка. Машыны буксавалі, адну, нават, прыйшлося выштурхоўваць: колы круціліся, а яна стаяла на месцы. Чаго чакаюць работнікі гэтых гандлёвых прадпрыемстваў? Адказ зразумелы: прыедуць супрацоўнікі камунальнай службы і ўсё зробяць. Паклапаціцца самім аб зручнасці наведвальнікаў – для іх такой патрэбы не існуе. А павінна існаваць…

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік