Вторник, 18 июня 2024

Дэльфіны і русалкі, або Як пружанскія плыўцы выступілі на дамашніх раённых і абласных турнірах (+фота)

189

Гэтай вясной не адстае па насычанасці на спартыўныя падзеі ад Лядовага і Водны палац. Менш чым за тыдзень басейн СДЮШАР № 2 г. Пружаны прыняў два сур’ёзныя старты. Але пра ўсё па парадку.

Пакуль дарослыя 20 красавіка наводзілі парадак на вуліцах і ў населеных пунктах раёна падчас рэспубліканскага суботніка, у дзяцей былі свае «разборкі» — спартыўныя. У гэты дзень у Водным палацы адбылося Адкрытае першынство Пружанскага раёна па плаванні. Сама назва турніру прадугледжвае тое, што ўдзельнічаць у ім могуць не толькі мясцовыя плыўцы. Так і адбылося: акрамя пружанцаў, на дарожках можна было ўбачыць хлопцаў і дзяўчат з Бярозы і Слоніма.

Лепшыя спартсмены вызначаліся па выніках заплываў на трох дыстанцыях, а ўдзельнічалі ў турніры плыўцы 2013 г.н. і маладзейшыя. Нашы заваявалі ў агульнай колькасці 29 узнагарод.

Пагаворым пра ўзроставую катэгорыю 2013-2014 г.н. Так, у Ганны Мацвяйчук — тры медалі. Гэта золата на 50 м батэрфляем і 100 м комплексным плаваннем і бронза — на пяцідзесяціметроўцы брасам. Столькі ж узнагарод і ў Меланіі Гарус. Яна вызначылася на тых жа дыстанцыях, што і Ганна, усюды заваяваўшы серабро.

Два медалі запісала ў актыў Дыяна Ільяшэвіч: яна лепшая на 50 м брасам і трэцяя — на стаметроўцы комплексным плаваннем. Бронзавы медаль на дыстанцыі 50 м батэрфляем заваявала Марыя Салапонава.

Сярод юнакоў гэтай узроставай групы двойчы на п’едэстал узнімаўся Андрэй Масік: пасля заплываў на 50 м батэрфляем і 100 м комплексным плаваннем. Трэцім на брасавай пяцідзесяціметроўцы стаў таксама наш Станіслаў Шэлест.

Сярод спартсменаў 2015 г.н. і маладзейшых на ўсіх дыстанцыях лідзіравалі пружанскія плыўчыхі. Па выніках заплываў на 50 м батэрфляем і 100 м комплексным плаваннем п’едэстал выглядаў наступным чынам: Варвара Лукуць, Сафія Шынкарук і Сафія Гвоздзік. А вось на пяцідзесяціметроўцы брасам першай прыплыла Сафія Гвоздзік, другой — Сафія Шынкарук, а Варвара Лукуць — трэцяй.

У хлопцаў на ўсіх дыстанцыях абсалютную перамогу святкаваў Іван Клімук — у яго тры золата. Ігнат Ліпко — другі на 100 м комплексным плаваннем і трэці на 50 м батэрфляем. Бронзавы прызёр у заплывах на 50 м брасам і 100 м комплексным плаваннем — Ягор Кніга. Яшчэ адзін медаль — сярэбраны — заваяваў Арцём Пілюцік на пяцідзесяціметроўцы батэрфляем.

Падрыхтавалі гэтых дзетак да турніру трэнеры пружанскай СДЮШАР № 2 Сяргей Каляда, Павел Баран, Крысціна Міраноўская, Крысціна Ліцкевіч і Юлія Козел.

Два дні перапынку, і ўжо ў аўторак, 23 красавіка, басейн прымаў новы турнір — чацвёрты этап абласных спаборніцтваў па плаванні «Старты надзей» на прызы «Беларускай федэрацыі плавання». На гэты раз у Пружаны з’ехаліся спартсмены з Брэста, Баранавіч, Пінска, Івацэвіч, Бярозы, Кобрына, Лунінца і Жабінкі.

Мясцовыя плыўцы, якія займаюцца пад кіраўніцтвам Сяргея Каляды, паказалі годныя вынікі ў катэгорыі сярод хлопцаў 2011 г.н. і маладзейшых. Так, у Яўгена Бойкі — золата на дыстанцыі 100 м на спіне. Яго сябар па камандзе Цімур Дакімовіч стаў бронзавым прызёрам спаборніцтваў па выніках заплываў за 200 м брасам.

Віншуем спартсменаў і іх настаўнікаў і ўжо хутка чакаем новыя турніры і яшчэ больш пераможных навін!

Уладзіслаў Шпарла.

Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы глядзіце тут:

Адкрытае Першынство Пружанскага раёна па плаванні: https://vk.com/album-23306785_302402554 і https://ok.ru/budni/album/977846393736

Чацвёрты этап абласных спаборніцтваў па плаванні «Старты надзей»: https://vk.com/album-23306785_302431133 і https://ok.ru/budni/album/977933488520