Пагадзіцеся, што падарункі на дзень нараджэння любяць атрымліваць усе. І не важна, хто віноўнік урачыстасці — чалавек ці… горад.
Мы расказвалі, што «Пружанскі малочны камбінат» падрыхтаваў сюрпрызы з нагоды 590-годдзя горада. Сёння гатовы агучыць усё падрабязна.
Вялікая пляцоўка малочнага камбіната размяшчалася на свяце побач з домам побыту «Прэстыж». Больш за 10 гадзін у фармаце нон-стоп для жыхароў і гасцей горада тут праводзілі шматлікія гульнявыя праграмы, бітву на падушках, спаборніцтвы па перацягванні каната, азотнае міні-шоу і шоу мыльных бурбалак, конкурсы, падчас якіх можна было атрымаць прызы. А яшчэ майстар-класы па прыгатаванні сырнага супу і тварожных вафляў. Мноства гледачоў сабрала выступленне кавер-бэнда «Gruzdi» з Брэста.
І, канечне, дэгустацыі! «Малочка» адназначна здзівіла сваімі навінкамі, якія былі прэзентаваны спецыяльна да юбілею Пружан. Сярод іх адразу два віды сметанковага масла: салодкавяршковае «Сялянскае» салёнае і закусачнае салёнае з часнаком і кропам. Яшчэ адзін новы прадукт — сыр з добра знаёмай назвай «Пружанскі», які адрозніваецца ад свайго папярэдніка. Усё таму, што ён — са смакам вяршкоў. І, нарэшце, навінка нумар чатыры — тварожная паста з ванільным водарам. Яе вытворчасць камбінат аднавіў праз некалькі гадоў перапынку. Гэта адбылося ў тым ліку і таму, што прадукт карыстаўся вялікай папулярнасцю ў пружанцаў, асабліва ў дзетак.
«Пружанскі малочны камбінат» яшчэ раз віншуе горад са святам і працуе над новымі прадуктамі і ўдасканаленнем якасці ўжо знаёмага і любімага пакупнікамі асартыменту!
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік