Четверг, 28 марта 2024

Як праходзяць тэхгляд «па-новаму»? Прыехалі на станцыю №229 і высветлілі ўсе нюансы

642

Мы прыехалі на станцыю тэхнічнага агляду №229 у сярэдзіне лютага. Работнікі арганізацыі кажуць, што пачатак года — адзін з найбольш «гарачых» перыядаў: у дзень зараз прыязджае машын 20-30. Хаця бывае па-рознаму. Пакуль майстры правяралі тэхнічны стан аўтамабіляў, журналісты «раёнкі» пагутарылі і з аўтаўладальнікамі, і з начальнікам станцыі. Больш за ўсё нас цікавіла, ці стала складаней цяпер атрымаць дазвол на ўдзел у дарожным руху?

«Лепш выдаткаваць паўгадзіны, чым потым плаціць штрафы»


Першым на станцыю тэхагляду заязджае аўтамабіль БМВ. Яго ўладальнік аддае ў акенца дакументы на аўто, а потым адганяе яго на «ролікі» для праверкі тармазной сістэмы. Руслан хоць і адмовіўся фатаграфавацца, але пра свой аўтамабіль расказаў ахвотна. Сумненняў у тым, што ён атрымае дазвол на рух, у мужчыны не было. Да гэтага тэхагляд праходзіў раз у два гады, зараз, калі аўтамабілю споўнілася дзесяць гадоў, штогод. Вядома, гэта трохі больш напружвае, але лепш адзін раз з’ездзіць і выдаткаваць паўгадзіны, чым потым плаціць штрафы ў ДАІ, — перакананы вадзіцель.

— Аўто ў ідэальным стане. Відаць, што ўладальнік сочыць за ім. Заўваг няма наогул ніякіх,— падводзіць вынік тэхнічнага агляду начальнік станцыі Сяргей Грышкевіч.

«Падцягніце ручнік!»


Наступнай на станцыю ТА прыбывае дзяўчына на «Нісане». Слабыя месцы «японца» расійскай зборкі — рулявыя наканечнікі і падвеска.

— Тармазы нармальныя, ручнік пажадана падцягнуць — ён у нормы ўклаўся, але спрацаваў не на належным узроўні, — кажа Сяргей Іванавіч — і ўсё-такі «дазвол» атрыманы.

А вось наступнаму аўтаўладальніку пашанцавала менш: дазвол яму не адразу выдалі. Першая заўвага — пры візуальным аглядзе: адзін са стоп-сігналаў не гарэў. Але праверыць трэба было ўсё астатняе. І, як высвятлілася, нездарма. Знайшлася яшчэ адна прычына, па якой машына не можа быць дапушчана да ўдзелу ў дарожным руху. І звязана яна, дарэчы, з новымі патрабаваннямі.

«Рэно» больш за 20 гадоў, пружанец купіў машыну паўгода назад, а ездзіць пачаў толькі нядаўна. Увесь гэты час мужчына займаўся ўхіленнем дэфектаў: рамантаваў тармазную сістэму, мяняў лабавое шкло з-за расколіны.

— Ёсць розніца па тармазах — 27%. У старыя нормы машына ўпісалася б, у новыя — ужо не. Патрабуецца замена тармазных калодак, бо вельмі вялікае біццё ідзе. Пярэднія сайлент-блокі пабіты — замяняць трэба адразу чатыры. Ручнік слабаваты, — рэзюмуе начальнік станцыі.

Відавочна, рамонт нядаўна набытага «Рэно» зацягнецца. Яго ўладальнік забірае дакументы і накіроўваецца да свайго старэнькаго аўто:

— Будзем, значыць, усё выпраўляць.

На выпраўленне, па правілах, у аўтаўладальнікаў ёсць 20 дзён. Пры паўторнай праверцы праводзяцца кантрольна-дыягнастычныя работы толькі ў стаўленні вузлоў, сістэм, вонкавага выгляду і камплектацыі транспартнага сродку, якія пры папярэднім правядзенні тэхагляду былі прызнаны неадпаведнымі патрабаванням ТНПА. І аплачваецца толькі гэтая працэдура (паводле ўстаноўленага на станцыі прэйскуранта). Калі на працягу 20 дзён у аўтааматара не атрымаецца ўхіліць выяўленую няспраўнасць, прынесці патрэбныя дакументы або па нейкіх прычынах ён не паспее прыехаць, давядзецца зноў праходзіць кантрольна-дыягнастычную лінію ў агульным парадку і заплаціць поўную суму за паслугі праверкі.

«Атрымаў папярэджанне — вось і прыехаў»


Наш наступны суразмоўца хвалюецца перад тэхаглядам: гэта яго першы вопыт. Тры гады яго новая машына была вызвалена ад такой працэдуры, а потым амаль год ездзіла без тэхагляду. Вадзіцель прызнаецца, што наведаў станцыю, каб не атрымаць штраф:

— Нядаўна супрацоўнік ДАІ спыніў. Вынеслі мне папярэджанне, сказалі, у наступны раз будзе спагнанне, калі не прайду тэхагляд. Вось таму і прыехаў.

Але штрафу ўжо можна не баяцца: машына лёгка атрымала дазвол на ўдзел у дарожным руху на два гады.

— Стан ідэальны! — вынес свой вердыкт інжынер Сяргей Матус.

«Аўто для рыбалкі і палявання»


На 27-гадовай «Ніве» наступны кліент станцыі тэхнічнага агляду ездзіць не так часта — толькі на паляванне або рыбалку. Нягледзячы на гэта, ТА праходзіць рэгулярна. Дарэчы, атрымаць «дазвол» сёлета мужчына спрабуе ўжо не першы раз:

— Быў тут у канцы студзеня. Але паўсталі пытанні па падвесцы. Ухіляў праблемы, рамантаваў. Спадзяюся, цяпер усё будзе добра.

Другая спроба аказалася больш удалай для аўтаўладальніка. Дазвол атрыманы!

«Асноўная прычына адмовы ў ТА — тармазная сістэма»


Як мы ўжо пісалі раней, з верасня мінулага года ў праходжанне тэхагляду былі ўнесены некаторыя змены. Зараз правілы дыктуюцца не тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі РБ, а тэхрэгламентамі Мытнага саюза і ЕАЭС. Пра гэта мы і пагаварылі з начальнікам станцыі:

— Якая асноўная прычына для адмовы ў атрыманні «дазволу»?

— Непаладкі ў тармазной сістэме заўсёды былі галоўным фактарам непрахаджэння тэхагляду, — кажа Сяргей Грышкевіч. — А ў сувязі з новымі рэгламентамі нормы ўзмацнілі. Паводле новаўвядзенняў, да тармазной сістэмы стала больш патрабаванняў. Калі раней атрымаць дазвол на ўдзел у дарожным руху можна было пры адноснай рознасці тармазных сіл колаў восі ў 30%, то зараз гэта магчыма пры 20% для дыскавых, 25% — для барабанных механізмаў. Некаторыя аўтаўладальнікі, вядома, абураюцца гэтаму. Прыязджаюць машыны, якім толькі тры-чатыры гады, напрыклад

VW-Polo або «Рэно-Логан», і ў іх розніца тармазных сіл колаў — 22%. Усё — сістэма ставіць неадпаведнасць! Хоць тэхнічна аўтамабіль спраўны і па старых нормах упісаўся бы ў патрабаванні. Але па новых мы вымушаны адмовіць у дазволе.

— А як людзі рэагуюць на іншыя новаўвядзенні і рэгламенты?

— Вось, напрыклад, адсутнасць падгалоўніка — яшчэ адна прычына не даць дазвол. Бо ў выпадку ДТЗ ён з’яўляецца страхоўкай і мерай бяспекі. Але не ўсе кіроўцы ў курсе такога нюансу. І некаторыя дзівуюцца, калі не праходзяць ТА з-за гэтага.

— Калі паказваеце на няспраўнасць, кіроўцы ўхіляюць яе і вяртаюцца? Або забываюць пра гэта і ездзяць без ТА?

— Як правіла, большасць вяртаецца ўжо з адрамантаваным аўтамабілем. Ужо здаралася, што некалькі разоў да нас прыязджалі тыя, хто атрымаў «пісьмы шчасця» за адсутнасць тэхагляду. Справа ў тым, што ёсць вадзіцелі, якія ездзяць без ТА да першага штрафу. Вось калі атрымліваюць яго, тады і ідуць па «дазвол».

— А стымулюеце неяк да праходжання ТА?

— Гэтым займаюцца супрацоўнікі ДАІ. Мы больш звяртаем увагу аўтаўладальнікаў на тэхнічны стан іх машын. Ёсць аўтааматары, якія праходзяць ТА, але бачна, што ў машыне праз нейкі час можа здарыцца паломка. Напрыклад, недахопы стоек стабілізатара самі па сабе не з’яўляюцца падставай, каб не даць «дазвол», але мы заўважаем, што пабіты пракладкі, і таму раім уладальніку пры з’яўленні характэрнага груку ехаць адразу ў майстэрню.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік