Згодна з планамі добраўпарадкавання ідуць работы сёлетняй вясной у розных куточках Пружанскага раёна.

Ружаны
Напрыклад, у красавіку ў г.п. Ружаны работнікі сельвыканкама займаліся перасадкай зялёных насаджэнняў на замацаваную за ўстановай клумбу, таксама высаджваліся цыбуліны мнагалетнікаў. Работнікі Ружанскага ўчастка КУВП «Камунальнік» займаліся добраўпарадкаваннем двароў шматкватэрных дамоў па вул. Урбановіча.
Працоўны калектыў музея «Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў» абраў дастаткова вялікі фронт работ: навядзенне парадку на схіле за галоўным корпусам палаца. Работнікі музея высеклі драўняна-хмызняковыя параснікі, зграблі леташнюю траву і лісце.
А калектыў ДУА «Ружанская сярэдняя школа» наводзіць парадак на воінскіх пахаваннях і месцах памяці. Тут прыбіраюць леташнюю расліннасць, чысцяць абеліскі, рамантуюць плітку ў тых месцах, дзе яна адпала, фарбуюць і беляць кветачніцы і агароджы. Падобная работа, напрыклад, праведзена на брацкай магіле ахвярам фашызму ў в. Байкі.
Крыніца
10 красавіка ў рамках рэалізацыі сацыяльнага праекта па добраўпарадкаванні вёскі Крыніца тут прайшла акцыя «Чыстая вуліца». Праект быў распрацаваны старастай вёскі і зацверджаны Шарашэўскім сельвыканкамам. У акцыі прымалі ўдзел стараста вёскі Марыя Шука, дэпутат сельвыканкама па Крыніцкай выбарчай акрузе Хрысціна Вярбіцкая, выконваючая абавязкі старшыні Шарашэўскага сельвыканкама Святлана Амяльянец, навучэнцы ДУА « Шарашоўская сярэдняя школа».
Зіновічы
У вёсцы з‘явіліся новыя елкі. Дрэўцы былі пасаджаны работнікамі Зеляневіцкага сельвыканкама.
Клепачы
12 красавіка ўнёс свой уклад у добраўпарадкаванне роднай Пружаншчыны працоўны калектыў Кляпацкага дзіцячага сада. Работнікі ўстановы дашкольнай адукацыі навялі парадак каля пахавання ахвярам фашызму ў лясным масіве каля вёскі Краснае.
Шані
Новая дзіцячая гульнявая пляцоўка з’явілася ў аграгарадку Шані. Пружанскае КУВП «Камунальнік» дапамагло ў добраўпарадкаванні месца, дзе дзеці змогуць актыўна і весела бавіць вольны час.
А навучэнцы і калектыў Шаняўской СШ наводзяць парадак на тэрыторыі школы. Актыўна вядуцца работы па ўборцы прылеглых тэрыторый. Ужо высаджаны на клумбы кветкі, пабелены дрэвы ў школьным скверы і садзе.
Таксама жыхары Шаняўскога сельсавета навялі парадак на могілках і прылеглай да іх тэрыторыі. Дружным калектывам быў прыбраны драўняна-хмызняковы параснік і леташняе лісце.
Белавусаўшчына
Веснавы суботнік тут быў арганізаваны па ініцыятыве старасты Вячаслава Дземасюка. Жыхары аграгарадка дружна наводзілі парадак у парку: збіралі смецце, старыя галіны дрэў, зграбалі леташнюю лістоту, прыводзілі ў парадак кветкавыя клумбы.
Семянча-ІІ
Наводзілі парадак у сваёй роднай вёсцы і жыхары Семянчы-ІІ. Вясной пачынаецца час актыўных работ на землях агульнага карыстання, прысядзібных участках і каля дамоў. Цяпер і вёска Семянча-ІІ будзе прыгожай!
«Белая Русь» упрыгожвае Беларусь»
Пад такім дэвізам-заклікам на Пружаншчыне праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на стварэнне прыгажосці і парадку на зямлі, членамі гэтай грамадскай арганізацыі.
Члены пярвічкі РГА «Белая Русь» ДУ «Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» разам з наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў працавалі ў тых месцах, дзе любяць адпачываць пружанцы.
Грамадзянская пазіцыя верная!
Актыўны ўдзел у сямейным патрыятычным суботніку «Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем» прыняў шэраг шматдзетных сем’яў.
Сярод іх была сям‘я Быкоўскіх: Максім Іванавіч, Аксана Генадзьеўна і іх дзеці Паліна, Цімафей і Канстанцін навялі парадак на двух воінскіх пахаваннях у вёсцы Блізная. Бацька сямейства працуе ў ААТ «Ружаны-Агра», маці — настаўніца фізкультуры Варанілавіцкай школы.
***
У падобнай акцыі каля брацкай магілы ў в. Крыніца 11 красавіка шчыравалі шматдзетныя сем’і Юліі Галякевіч, Хрысціны Вярбіцкай, сям’я Алёны Бондар, а таксама навучэнцы Шарашоўскай школы, стараста вёскі Крыніца, работнікі сельвыканкама. Было прыбрана леташняе лісце, смецце, уздоўж дарожкі выса-джаны хосты і лілейнік.
***
А сям’я Іны Хаваўка добраўпарадкавала брацкую магілу ў вёсцы Паўлава. Іна Аляксандраўна выхоўвае чацвярых дзяцей адна, тата, на жаль, сышоў з жыцця… Маладая жанчына займае актыўную жыццёвую і грамадзянскую пазіцыю, асабістым прыкладам накіроўвае сваіх дзяцей Аліну, Аляксандра, Арсенія і Арцёма на правільную дарогу. Уся сям’я пачысціла абеліск, тратуарную плітку, абкапала туі і выграбла леташнюю траву.
Падрыхтавала Юлія Янушка