Пятница, 1 ноября 2024

Як працуе электронны рэцэпт? Падрабязна расказала загадчыца аддзялення агульнай урачэбнай практыкі Пружанскай ЦРБ Жанна Ісакава

560

Пластыкавая картка светла-зялёнага колеру са штрыхкодам, выдадзеная некалькі гадоў таму ў Пружанскай паліклініцы, аказалася даволі зручнай у карыстанні: у аптэках сеткі РУП «Фармацыя» па ёй належыць 5%-ная скідка на лекі айчыннай вытворчасці і 2%-ная — на імпартныя. Але, аказваецца, гэта не самае галоўнае прызначэнне карткі «Для медыцынскага абслугоўвання».

— З 2016 года ў сістэме аховы здароўя Рэспублікі Беларусь рэалізуецца праект па ўкараненні тэхналогіі абарачэння электронных рэцэптаў. Да яго падключыўся і наш раён, — тлумачыць загадчыца аддзялення агульнай урачэбнай практыкі Жанна Ісакава. — Згодна з праектам, кожны грамадзянін можа бясплатна атрымаць пластыкавую карту «Для медыцынскага абслугоўвання». Той, хто гэтага яшчэ не зрабіў, можа звярнуцца ў паліклініку.

Для атрымання карткі неабходна мець пры сабе пашпарт і запоўніць бланк згоды. Працэс займае некалькі мінут: медрэгістратар уносіць у электронную базу ідэнтыфікацыйны нумар, які замацоўвае за сабой канкрэтную картку для медабслугоўвання. Яна і з’яўляецца электронным рэцэптам. Такую картку можна аформіць і для дзіцяці — пры наяўнасці яго пасведчання аб нараджэнні і пашпарта аднаго з бацькоў.

Усе звесткі пра стан здароўя пацыента ўносяцца ў спецыяльную праграму, туды ж запісваюцца і прызначаныя ўрачом падчас прыёму лекавыя сродкі. Усе яны аўтаматычна дубліруюцца на пластыкавай картцы — электронны рэцэпт гатовы.

— Жанна Жанаўна, але пакуль у аптэцы трэба падаваць і папяровы варыянт рэцэпта?

— Калі ўсе арганізацыі аховы здароўя і аптэкі Беларусі падключацца да аўтаматызаванай сістэмы «Электронны рэцэпт» і з‘явіцца магчымасць выкарыстання электроннага подпісу ўрача, папяровы варыянт стане неабавязковым. Цяпер жа ўрач адначасова выпісвае рэцэпт і запаўняе яго электронную форму. Дарэчы, пры наведванні аптэк сеткі РУП «Фармацыя» мець пры сабе папяровы варыянт, калі ўрач выпісаў электронны, ужо неабавязкова (ён патрэбны больш для таго, каб падстрахавацца ад магчымых збояў сістэмы). Што тычыцца прыватных аптэк, то падключыліся да сістэмы яшчэ не ўсе.

— І ўсё ж, якія перавагі на цяперашні момант?

— Па-першае, выключаецца падробка рэцэптаў, а таксама памылка рэцэптара пры водпуску лекаў. У электронным рэцэпце прэпарат выпісваецца па міжнароднай непатэнтаванай назве і фірме-вытворцы, так што пацыент можа набыць той лекавы сродак, які ёсць у наяўнасці. Выключаецца і дубліраванне водпуску ў аптэцы лекавых сродкаў для аднаго пацыента. Па-другое, дзякуючы пластыкавай картцы ўрач можа кантраляваць, ці набыў пацыент назначаны сродак, ці не ігнаруе лячэнне.

Па-трэцяе, у базе адлюстроўваецца ўвесь пералік прэпаратаў, прызначаных іншымі спецыялістамі, а значыць, мінімізуецца несумяшчальнасць лекаў.

Зручнасць карыстання электроннымі рэцэптамі ацэняць і пацыенты з хранічнымі захворваннямі, якія маюць права льготнага водпуску лекавых сродкаў. Пры наяўнасцi пластыкавай карткi папяровы варыянт рэцэптаў цяпер не патрэбны. Гэта мае свае плюсы: пацыент не згубiць рэцэпты, што неаднаразова здаралася раней.

Ужо зараз мы актыўна выпісваем пацыентам ільготныя прэпараты з дапамогай пластыкавай карткi.

У перспектыве наогул пластыкавая картка медыцынскага абслугоўвання стане паўнацэннай заменай папяровай амбулаторнай картцы, а ў кожнага пацыента з‘явіцца доступ у свой кабінет карыстальніка.

Гутарыла Ірына Сядова