Воскресенье, 19 января 2025

У райвыканкаме абмеркавалі, як працаваць з сем’ямі на розных этапах крызісу

201

На другой сесіі Пружанскага раённага Савета дэпутатаў 29-га склікання разглядаўся шэраг пытанняў, асноўнае з якіх тычылася прафілактычнай работы з сем’ямі на розных этапах крызісу.

Дарэчы, гэтая тэма, вынесеная на разгляд сесіі, закранае ўсё наша грамадства, яго далейшае развіццё. Нельга быць поўнасцю шчаслівым, калі яшчэ існуе сацыяльнае сіроцтва, калі бацькі не выконваюць і не імкнуцца выконваць свае функцыі. Пра гэта гаварыў у сваім дакладзе намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх Руслан Супрыновіч. У дакладзе былі прыведзены лічбы, што ўказваюць на павелічэнне колькасці сем’яў аднесеных да катэгорыі тых, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. І гэта не значыць, што інстытут сям’і ў раёне дэградуе. Не, гэта тлумачыцца тым, што патрабаванні да інстытута сям’і значна павялічыліся. І трапіць у СНС-статус даволі проста. Завялі сям’ю, сталі бацькамі — трэба прытрымлівацца бацькоўскага звання ў поўнай меры.

Каментуючы сутнасць разглядаемага пытання, старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, які прымаў удзел у рабоце сесіі, адзначыў, што падтрымлівае больш жорсткі падыход дзяржавы да інстытута сям’і. Некаторыя бацькі знялі з сябе абавязкі па выхаванні дзяцей і фактычна перадалі іх дзіцячаму садку, школе, грамадству, самаўхіліліся ад сваіх функцый. Асноўным арыенцірам для сябе выбралі разгульны лад жыцця, Бахус стаў іх «богам». Добра, што дзяржава абавязала такіх аплочваць утрыманне сыноў і дачок у сацыяльных прытулках. Ды яны і ад гэтага стараюцца збегчы. Не выходзяць на абавязковую работу не толькі днямі, але і тыднямі. Іх трэба адшукваць і дастаўляць па месцы занятасці. Гэтыя словы пацвердзіў і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Віталь Матвіенка.

Ведаеце, слухаючы даклад Руслана Супрыновіча, каментарыі Міхаіла Грышкевіча і старшыні райсавета дэпутатаў Мікалая Кудраўца, прыходзіш да высновы, што трэба меры па прымусовым утрыманні сваіх дзяцей рабіць больш жорсткімі. Інакш такія людзі ніколі не адумаюцца. Яны ідуць па жыцці смеючыся, у п’яным чадзе.

Праект рашэння па азначаным пытанні, а поўнасцю яно гучала так: «Аб арганізацыі прафілактычнай работы з сем’ямі на розных этапах крызісу ў рамках выканання патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 г. №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няшчасных сем’ях», прыняты аднагалосна.

Затым быў разгледжаны шэраг пытанняў аб унясенні змяненняў у некаторыя рашэнні райсавета дэпутатаў, зацвярджэнні справаздачы аб выкананні бюджэту за 2023 год, аб змяненні межаў сельскіх населеных пунктаў Пружанскага раёна. Па ўсіх разгледжаных пытаннях былі прыняты адпаведныя рашэнні.

Дэпутаты райсавета мелі магчымасць задаць кіраўніцтву раёна пытанні, даць даручэнні некаторым службам наконт вырашэння праблем, якія былі ўзняты выбаршчыкамі падчас правядзення прыёмаў.

Асобна выдзелю ўрачысты момант у рабоце сесіі. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец уручыў узнагароду дырэктару філіяла ААТ «Брэстаблаўтатранс» «Аўтамабільны парк №11 г. Пружаны» Анатолю Вакульчыку, які на працягу пяці скліканняў запар з‘яўляўся дэпутатам раённага Савета.

Віктар Ільюшчанка