Уклад далёкаўсходніх рэгіёнаў у агульную скарбонку знешняга гандлю Беларусі і Расіі малы з улікам існуючых магчымасцей. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 кастрычніка на сустрэчы з губернатарам Сахалінскай вобласці Расійскай Федэрацыі Валерыем Лімарэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Прэзідэнта, Сахалінская вобласць — вялікі, вельмі цікавы і родны расійскі рэгіён для Беларусі. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым уклад далёкаўсходніх рэгіёнаў у агульную скарбонку знешняга гандлю Беларусі і Расіі меншы за працэнт, або $350 млн.
«Менш за працэнта, але аб’ёмы каласальныя: усё ж такі $350 млн на такую адлегласць — гэта добрыя аб’ёмы», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аднак з улікам існуючых магчымасцей гэтага мала, падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка абазначыў некаторыя напрамкі, па якіх бакі могуць рухацца, каб якасна і колькасна прырастаць у двухбаковым узаемадзеянні.
Імпартазамяшчэнне
«Нам трэба быць незалежнымі па ўсіх напрамках. Нам трэба зрабіць так, каб не да нас везлі розныя тавары, а ад нас вывозілі і прыязджалі сюды, у Расію і Беларусь, і прасілі, каб мы ім вырабілі тыя ці іншыя тавары», — падкрэсліў Прэзідэнт.
У гэтым напрамку бакі зрабілі ўжо вельмі шмат. Расія дапамагае Беларусі крэдытнымі рэсурсамі пры рэалізацыі сумесных праектаў. «Больш таго, мы больш цяпер маем праектаў, чым планавалі. Пачынаючы ад нейкай «дробязі» (мікраэлектронікі) і заканчваючы самалётабудаваннем. Мы будзем будаваць у Беларусі самалёт «Асвей», які ў перспектыве будзе вельмі запатрабаваны. Ён сёння вельмі запатрабаваны ў Расійскай Федэрацыі, а для нас гэта новыя гарызонты, новыя кампетэнцыі. І так па ўсіх напрамках — мы павінны быць незалежныя ў эканоміцы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Думаю, што за наступную пяцігодку, калі, вядома, нас будуць вось так ціснуць, мы выйдзем на практычна поўнае імпартазамяшчэнне. Калі націску не будзе, можам расслабіцца, — адзначыў з доляй гумару кіраўнік дзяржавы. — Таму ўсе гэтыя санкцыі — яны і час магчымасцей».
Інавацыі і экалагічны транспарт
Прэзідэнт адзначыў, што на Сахаліне праводзіцца ўнікальны эксперымент па стварэнні вугляроднай нейтральнасці. «Мы вельмі гатовы з вамі пасупрацоўнічаць у плане інавацый, экалагічнага транспарту», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што першы ў свеце аўтамабіль-велікагруз БЕЛАЗ, які працуе на вадародным паліве, у хуткім часе будзе працаваць на сахалінскіх палігонах.
Ён звярнуў увагу, што Беларусь таксама паўсюдна ўкараняе экалагічны транспарт. Маршруты з выкарыстаннем электробусаў нават дзейнічаюць паміж некаторымі гарадамі Беларусі. «Калі ёсць жаданне, мы можам папрацаваць і ў вас і нашу тэхніку паставіць да вас», — прапанаваў Прэзідэнт.
Транспартная лагістыка і прадукты харчавання
«Мы сёе-тое можам у гэтым плане. Гатовы з вамі працаваць у вашым праекце па стварэнні міжнароднага транспартна-лагістычнага хаба за кошт мадэрнізацыі Корсакаўскага марскога гандлёвага порта і будаўніцтва заводаў па перапрацоўцы рыбнай прадукцыі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб пастаўках рыбнай прадукцыі, Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі яна карыстаецца вялікай папулярнасцю. Расійскі бок выдзеліў беларускім кампаніям квоты для вядзення рыбнага промыслу ў сваіх водах. «Аж на 10 гадоў наперад», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Цяпер у рэспубліцы плануюць пабудаваць завод па перапрацоўцы рыбы.
«Сельская гаспадарка і прадукты харчавання — калі ў вас будуць якія-небудзь пажаданні ў гэтым плане, мы гатовы з вамі працаваць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт дадаў, што беларускі бок гатовы развіваць супрацоўніцтва і па многіх іншых напрамках. «Адлегласць не мае ніякага значэння, будзем з вамі супрацоўнічаць і працаваць», — рэзюмаваў ён.