У рэдакцыю звярнуліся некалькі чалавек — настаўнікі і бацькі вучняў СШ № 3 г. Пружаны, якія аказаліся нязгоднымі з рашэннем камісіі па бяспецы дарожнага руху аб закрыцці ўваходнай брамкі з боку дома № 6 па вул. Юбілейнай.
Праз гэтую брамку, лічаць яны, у школьны двор заходзіў асноўны паток людзей. Цяпер практычна ўся нагрузка лягла на ўваход непадалёк, побач з дзіцячым садком № 3. Але раніцай каля дадзенага праходу збіраецца вялікая колькасць народу і машын. На думку тых, хто звярнуўся да нас, гэта можа прывесці да непрыемных наступстваў

Казалі людзі і пра тое, што каля «рабочай» брамкі ў перыяд дажджоў і раставання снегу ўтвараюцца вялікія лужыны, якія неабходна пераадольваць. Таксама выказвалася прапанова зрабіць у гэтым раёне невялікую паркоўку, таму што не заўсёды ёсць магчымасць паставіць свой аўтамабіль на стаянку побач са школай.
Па адказ на гэтыя пытанні мы звярнуліся да намесніка старшыні Пружанскага райвыканкама, старшыні камісіі па бяспецы дарожнага руху Сяргея Гука.
Сяргей Міхайлавіч растлумачыў, што рашэнне камісіі было дакладна абдумана і ўзгоднена са старшынёй райвыканкама. У склаўшайся сітуацыі, лічыць старшыня камісіі, яно з’яўляецца найбольш правільным. Уздоўж гэтага ўчастка вул. Юбілейнай, дзе знаходзіцца зачыненая брамка, размешчаны рад гандлёвых павільёнаў. Школьнікі, выходзячы з-за іх, траплялі адразу на праезную частку, што магло прывесці да непрыемных сітуацый. Для таго, каб зрабіць больш бяспечным дарожны рух па вуліцы Юбілейнай, спецыяльна побач са школай была пабудавана зона пасадкі і высадкі дзяцей з міні-кальцом, асвятленнем і тратуарнай пліткай, а побач з ёй зроблены брамкі для ўваходу на тэрыторыю школы і дзіцячага садка. А вось стаянку ў гэтым раёне зрабіць не ўдасца, таму што вуліца вельмі вузкая.
Сяргей Міхайлавіч дадаў, што любое рашэнне камісіі па бяспецы дарожнага руху павінна паляпшаць сітуацыю, што было і зроблена ў дадзеным выпадку.
Руслан Басак.
Фота аўтара