Атрымаць 100-бальныя сертыфікаты на цэнтралізаваным тэсціраванні ўдаецца нямногім выпускнікам школ. І тым не менш, нам ёсць кім ганарыцца. Спадзяемся, вопыт тых, хто дасягнуў самага высокага бала, будзе карысным для будучых абітурыентаў.
Пытанні рэкардсменам ЦТ мы задалі аднолькавыя:
- Як удалося атрымаць сертыфікат са 100 баламі па цэнтралізаваным тэсціраванні?
- Ці дапамагло гэта ў далейшай вучобе?
- Ці няма расчаравання ў вучобе па абранай прафесіі?
- Што неабходна, каб атрымаць высокі бал?
- На чым варта засяродзіць увагу будучаму абітурыенту?
Анастасія Бублевіч, выпускніца гімназіі 2015 года (100 балаў па беларускай мове):
Не сакрэт, што 100 балаў на ЦТ — гэта не імгненная латарэя, а вынік працяглай і ўпартай працы.
Нічога, канешне, не атрымалася б без дапамогі маёй настаўніцы Галіны Паўлаўны Кнігі: яна дала неацэнны багаж ведаў і прывіла любоў да беларускай мовы. Мой поспех — гэта вынік каласальнай работы, зробленай намі. Да яго я імкнулася не адзін год. Удзельнічаць у алімпіядах пачала яшчэ ў пачатковай школе, што да старэйшых класаў дало мне ўстойлівую базу ведаў. Так у 11 класе ў мяне былі вопыт і ўзнагароды з алімпіяд розных узроўняў. Сакрэт поспеху просты: даказаць (у першую чаргу сабе), што магчыма ўсё, калі захацець.
Сто балаў у сертыфікаце дапамаглі мне паступіць, але для далейшай вучобы не мелі ніякага значэння.
За парогам ВНУ пачынаецца новае жыццё, дзе кожны студэнт запісвае на свой рахунак ужо новыя дасягненні. А сваімі папярэднімі ўзнагародамі застаецца толькі ганарыцца і памнажаць іх. Магчыма, так атрымалася з-за таго, што мая далейшая вучоба ніяк не звязана з беларускай мовай: мае веды спатрэбіліся толькі на прадмеце прафесійнай лексікі. Карыстаюся мовай для ўласнага задавальнення і самаразвіцця: усё-такі беларуская мова — не проста школьны прадмет, але і наша родная мова, якую мы павінны ведаць.
Сваё жыццё я вырашыла звязаць з юрыспрудэнцыяй. Цяпер я — студэнтка юрыдычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.
Прафесію выбірала самастойна і абсалютна ўсвядомлена. І пасля года вучобы ніколькі не шкадую пра свой выбар і спадзяюся далей атрымліваць задавальненне ад вучобы.
Безумоўна, вынікі ЦТ залежаць ад шанцавання і лёсу. Але без пэўнага багажу ведаў і ўпэўненасці ў сваіх сілах дасягнуць добрага выніку немагчыма.
Таму неабходна шмат і старанна працаваць, набірацца сіл, смеласці і не адчайвацца, калі штосьці не атрымліваецца. А набітыя шышкі — гэта бясцэнны вопыт і жыццёвыя ўрокі.
Будучым выпускнікам хачу пажадаць верыць у сябе, у свае сілы.
Засяродзьцеся на вучобе, расстаўце акцэнты на прадметах, ад паглыбленага вывучэння якіх будзеце атрымліваць задавальненне. Галоўнае, каб шлях быў абраны правільна, тады і канчатковы вынік парадуе. Ніколі і не перад чым не спыняйцеся, і аднойчы ўдасца пакарыць свой уласны Эверэст.
Кацярына КАЛЮТА, выпускніца СШ №5 2014 года (100 балаў па французскай мове):
Стабальны сертыфікат па французскай мове — прыемны бонус да дыплома І ступені, які атрымала на абласной алімпіядзе.
Дарэчы, у 11 класе я пацвердзіла сваё званне дыпламанта гадавой даўнасці. Дапамаглі зрабіць гэта даўно правераныя спосабы: упартасць, праца і цярпенне. На кожны дзень у мяне была свая праграма-мінімум (новае граматычнае правіла, падрыхтоўка тэмы для вуснага выступлення і г.д.). Адхіленне ад яе магло абысціся стратай ачкоў на алімпіядзе. Гэтая думка заўсёды трымала мяне ў тонусе.
Між іншым, калі 100 балаў па замежнай мове дасталіся мне «аўтаматам», то па двух іншых прадметах я была на роўных з астатнімі абітурыентамі і здавала тэсціраванне. Па грамадазнаўстве я набрала 98 балаў, па беларускай мове — 97.
І выбар прадметаў быў зроблены невыпадкова: да вывучэння менавіта іх я мела здольнасці і праяўляла непадробную цікаўнасць. Любоў да роднай мовы — ад мамы, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, да грамадазнаўства — ад захапляльных урокаў Віктара Мікалаевіча Каўрыгі і яшчэ нарадзіўшагася ў класе шостым жадання разумець разумныя словы з тэлевізійных навін. А пачутая ў першым класе мілагучная французская гаворка Таццяны Міхайлаўны Дараховіч не пакінула мяне абыякавай, і настаўніца, заўважыўшы маю цікаўнасць да мовы, стала займацца са мной дадаткова.
Толькі спачатку. Універсітэт паставіў новыя задачы, выкананне якія аказалася б складаным, каб не было глыбокіх базавых ведаў, атрыманых у школе.
Напрыклад, азы грамадазнаўства засталіся ў мінулым, але сталі дастойным стартам для вывучэння галін нацыянальнага і міжнароднага права. На французскай мове цяпер вывучаю шматлікія нюансы прафесійнай юрыдычнай лексікі.
Я — студэнтка факультэта міжнародных адносін БДУ. Менавіта паступленне на спецыяльнасць «міжнароднае права», якая славіцца высокім прахадным балам, і матывавала мяне працаваць, не шкадуючы сіл.
Што тычыцца горычы расчаравання, пакуль яго адчуць не давялося. Ва ўніверсітэце рэгулярна праходзяць сустрэчы з яркімі дзеячамі сучаснасці: напрыклад, расійскім дыпламатам Сяргеем Лаўровым, прадстаўніком ААН у Беларусі Санакай Самарасінхай, а лекцыі чытаюць саветнікі суддзяў Суда ЕАЭС і Эканамічнага суда СНД.
Не ўсё так страшна, як здаецца. Не магу сказаць пра ЦТ па ўсіх прадметах, але заданні на тых, што здавала я, не выходзілі за межы школьнай праграмы.
Таму для добрага выніку, як гэта ні банальна, дастаткова ўважліва слухаць настаўнікаў, чытаць падручнікі і правяраць сябе з дапамогай практычных заданняў.
Карысць ёсць і ад рэпетыцыйных тэсціраванняў: большасць будучых абітурыентаў пачынае сур’ёзна займацца толькі пасля атрыманых нізкіх балаў на РТ.
Спачатку трэба прыслухацца да сябе: чым падабаецца займацца, што прыносіць задавальненне, як хацелася б зарабляць на хлеб?
Я не прыхільніца гонкі за чымсьці прэстыжным, калі на тое няма жадання, ці скачкоў вышэй галавы. Хаця з другога боку, не варта задавольвацца малым, калі здольны на большае. Не варта блытаць тое, што зрабіць не пад сілу, з тым, чаго дасягнуць можна, але складана. Зрабіць правільны выбар — галоўнае ў жыцці кожнага, таму задумвацца пра гэта трэба як мага раней, ва ўсялякім разе, за некалькі гадоў да таго, як атрымаеш статус абітурыента.
Падрыхтавала Марына Вакульская