Як толькі сыходзіць снег, становяцца бачнымі стыхійныя смеццязвалкі: на ўскрайку лясных масіваў, непадалёк ад населеных пунктаў або аўтамабільных дарог. І хаця зараз «несанкцыяванае» смецце можна ўбачыць не так часта, усё-такі падобныя з’явы раз-пораз сустракаюцца.
На пачатку красавіка мы рабілі рэпартаж у Зеляневіцкай зоне і на ўездзе ў адну з вёсак заўважылі кучу пластыкавых ёмістасцей з-пад прадуктаў, бытавых адходаў, паперы… Прызнацца, гадоў з 30 таму гэта мяне б не здзівіла і не напалохала, бо амаль кожны вясковец чакаў цемры, каб вывезці тачку з адходамі, якія нельга спаліць у печы, у бліжэйшы лес. А добра наладжанага камунальнага вывазу ў той час не было. Зараз жа збор смецця цэнтралізавана ахоплівае практычна ўсе населеныя пункты Пружаншчыны, нягледзячы на колькасць іх насельнікаў. Чаму ж грамадзяне па-ранейшаму пазбаўляюцца ад адходаў па-дзікунску?
Пра гэта і не толькі мы гутарым з намеснікам дырэктара КУВП «Камунальнік» па ідэалагічнай рабоце Аляксандрам Кандрацюком.
— Аляксандр Мікалаевіч, напэўна, варта зноў патлумачыць жыхарам раёна, што робіць раённая камунальная служба ў плане абарачэння адходаў.

— Намі ажыццяўляецца збор і перавозка камунальных адходаў да месца іх захоўвання шляхам планава-рэгулярнай санітарнай ачысткі. Для гэтых мэтаў прадпрыемства мае 14 смеццявозаў (10 транспартных аўтамабіляў працуе ў г. Пружаны і па два — у гарадскіх пасёлках Ружаны і Шарашэва), а таксама прыстасаваныя віды тэхнікі. Парадак збору ЦКА (цвёрдых камунальных адходаў) у населеных пунктах такі: спачатку з домаўладальнікамі заключаюцца дагаворы на прыманне, абясшкоджванне і перапрацоўку смецця. Гаспадары самастойна дастаўляюць ЦКА да ўстаноўленых месцаў збору. У мікрараёнах шматпавярховай забудовы створаны адпаведныя пляцоўкі з кантэйнерамі, а па вуліцах з аднапавярховай забудовай, як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці, праязджае смеццявоз. Потым наша тэхніка адвозіць усё сабранае для ўтылізацыі на палігонах. Хаця перыядычна самі грамадзяне парушаюць устаноўлены парадак, ператвараюць кантэйнерныя пляцоўкі ў залежы смецця, нават не даносячы пакеты са смеццем да бакаў.
— Якое смецце збіраюць камунальшчыкі?
— Сістэма звароту з камунальнымі адходамі ў Пружанскім раёне накіравана на захаванне ўсеабдымнага прынцыпу. Мы прымаем амаль што ўсё, што чалавек пакідае пасля сябе, у тым ліку і буйнагабарытныя прадметы, напрыклад, мэблю, якую забіраем па папярэдніх заяўках. Толькі будаўнічыя адходы грамадзянам трэба вывозіць на палігоны ЦКА самастойна, таму што такая паслуга не карыстаецца адчувальным попытам у насельніцтва.
Заўсёды заклікаем грамадзян праводзіць раздзельны збор смецця, аддзяляць ад астатніх адходаў шкло, паперу, пластык. І ў той жа час не ўсё, што непатрэбна ў гаспадарцы, варта кідаць у кантэйнер для бытавога смецця. У прыватнасці, металалом актыўна прымаюць на многіх пляцоўках па раёне.
Збор адпрацаваных элементаў сілкавання (батарэек) арганізаваны ў філіяле райспажыўтаварыства «Гандлёвы цэнтр» і ў некаторых прыватных магазінах, якія гандлююць электратаварамі.
Прыём прадметаў, якія ўтрымліваюць ртуць (напрыклад, іртутных і люмінесцэнтных энергазберагальных лямпаў), КУВП «Камунальнік» ажыццяўляе ў спецыяльна абсталяваным пункце, размешчаным па адрасе: г. Пружаны, вул. Чырвонаармейская, 76. Між іншым, святлодыёдныя лямпы больш бяспечныя, іх можна выкідваць разам са звычайным смеццем.
Пратэрмінаваныя лекавыя сродкі падлягаюць збору ў аптэках, бальніцах, паліклініках, амбулаторыях і іншых арганізацыях, якія аказваюць насельніцтву медыцынскія паслугі. Тут павінны быць устаноўлены кантэйнеры, адкуль арганізавана дастаўка сабранага на перапрацоўчыя прадпрыемствы.
Здаць няспраўную электрычную і электронную бытавую тэхніку можна ў прыёмным пункце па адрасе: г. Пружаны, вул. Свабоды, 73А, а таксама ААТ «БрэстВТІ» па заяўках насельніцтва.
— Аднак, нягледзячы на падобную ўсеабдымнасць, чаму раз-пораз у лясах усё ж з’яўляюцца смеццязвалкі? Магчыма, з-за таго, што спецаўтамабілі рэдка бываюць у вёсках?
— Калі гаварыць пра графік, то адзначу, што камунальная служба збірае смецце з тэрыторыі шматкватэрнай забудовы пяць разоў на тыдзень, ад прыватных падворкаў — штотыднёва. У аграгарадках нашы машыны з’яўляюцца летам адзін раз на тыдзень, зімой — раз у два тыдні. З іншых сельскіх населеных пунктаў смецце вывозім праз тыдзень. Сем дзён — невялікі тэрмін, каб загрувасціць падворак смеццем. Тым больш, калі гутарка ідзе пра домаўладанні, дзе ёсць прысядзібны ўчастак, то тут арганічныя кампаненты камунальных адходаў прыдатныя для кампаставання (з кухні, з агарода, у выніку ўтрымання хатняй жывёлы і інш.), лепш за ўсё збіраць і вырабляць з іх натуральнае ўгнаенне.

На маю думку, прычына — звычайная чалавечая нядбайнасць, абыякавае стаўленне да наваколля: маўляў, тут мае дзеці не гуляюць, а праблемы іншых не хвалююць.
— Але той, хто пад покрывам цемры цягне смецце ў лес, рызыкуе…
— Так, заканадаўствам устаноўлена строгая адказнасць у выніку выяўлення падобных парушэнняў. У прыватнасці, ч.3 арт.16.44 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь за парушэнне заканадаўства аб звароце адходаў прадугледжвае накладанне штрафу на прыватную асобу ў памеры да трыццаці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — да ста базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — да тысячы базавых велічынь.
Гутарыў Алег Сідарэнка.
Фота Кацярыны Масік