Среда, 26 марта 2025

Як і чаму праграміст Андрэй Зубко выратавальнікам стаў

345

У лістападзе мінулага года Андрэй Зубко апрануў форму выратавальніка. Як ён запэўнівае, гэта быў узважаны выбар, да якога ішоў чатыры гады пасля заканчэння школы.

Адразу пружанскі хлопец марыў стаць праграмістам, дзеля чаго паступіў і паспяхова закончыў Баранавіцкі тэхналагічны каледж. Вось толькі потым вырашыў, што карысць грамадству можа прыносіць і па-іншаму. Магчыма, гэтаму паспрыяў прыклад бацькі, які працяглы час служыць праваахоўнікам, аберагаючы спакой людзей. З ім Андрэй і абмяркоўваў свае намеры кардынальна змяніць свой прафесійны шлях.

— Тата Раман падтрымаў мой выбар, але папярэдзіў, што пажарная служба істотна адрозніваецца ад любой цывільнай работы, а значыць, патрабуе асаблівай трываласці характару. Палічыў, што адпавядаю такім патрабаванням і здольны стаць сапраўдным выратавальнікам.

Рашэнне Андрэя здзівіла яго сяброў. Адныя выказалі адабрэнне, іншыя — сумненне, а пераважная большасць і зараз працягвае пытацца ў яго пра акалічнасці службы. Больш за тое, прыклад сябра некаторых уразіў настолькі, што яны задумаліся над магчымасцю гэтак жа змяніць сваё жыццё.

Да прыняцця рашэння хлопец пазнаёміўся з добрай дзяўчынай, з цягам часу паміж маладымі людзьмі стварыліся ўстойлівыя ўзаемаадносіны. І першае выпрабаванне ў пары адбылося, калі стала вядома пра жыццёвы выбар Андрэя.

— Яна падтрымала мяне, здаецца, што нашы адносіны ад гэтага толькі ўмацаваліся.

Малады выратавальнік зараз завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю. Новыя веды і ўменні яму абавязкова спатрэбяцца як пры выкананні паўсядзённых абавязкаў, так і ў кар’ерным росце.

Андрэю вельмі падабаецца калектыў саслужыўцаў, атмасфера безумоўнай падтрымкі, якой ён акружаны.

— У пружанскіх выратавальнікаў вельмі развіта «пачуццё локця». У любой сітуацыі ты перакананы, што не застанешся сам-насам з пагрозай, за тваімі плячыма — цэлая каманда аднадумцаў і баявых таварышаў.

У гэтым ён пераканаўся адразу, на першых трывожных выездах, калі давялося ўтаймоўваць вогненную стыхію на адной з шарашэўскіх вуліц. Дзейнасць пажарнай брыгады нагадвала гадзіннік, дзе кожная дэталь на сваім месцы і садзейнічае рабоце іншых элементаў агульнага механізма. Як запэўнівае малады пажарны, калі адчуваеш еднасць, зладжанасць работы, то страху не застаецца, а толькі пачуццё таго, што ты не можаш падвесці калег.

Па прычыне невялікага жыццёвага вопыту Андрэй Зубко не можа сцвярджаць, што такое магчыма толькі ў службе МНС, аднак свой прафесійны выбар ён лічыць самым правільным.

Алег Сідарэнка.

Фота Кацярыны Масік