Юлію Ахрымук я «прыкмеціла» на сустрэчы кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі. Ужо і не памятаю пытанне, з якім яна звярнулася да Міхаіла Грышкевіча, але цудоўна запомнілася, як адрэкамендаваў дзяўчыну Сяргей Гук. Маўляў, Юлія — аўтар дыпломнага праекта па добраўпарадкаванні Пружанскага парку. Пагадзіцеся, цікава даведацца, што прапануе моладзь для паляпшэння райцэнтра. Можа, сапраўды наватарскія ідэі нараджаюцца ў галовах сучасных юнакоў і дзяўчат? Забягаючы наперад, скажу, што я не памылілася.
Магчыма, шчырае жаданне ўпрыгожыць горад звязана з тым, што сама Юлія — пружанка і краявіды малой радзімы не першы год хвалююць яе ўяўленне. Вядомы ўсе вулачкі роднага горада, вабяць і клічуць Муха і Вец, не пакідаюць ніяк раўнадушнымі, з’яўляюцца лекамі нашых сэрцаў…
Пасля заканчэння гімназіі Юлія Ахрымук паступіла ў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт на інжынерны факультэт і ў мінулым годзе атрымала спецыяльнасць «Інжынер садова-паркавага будаўніцтва».
— Часам здзіўляюся, як я стала інжынерам, няхай і з творчым ухілам. Мая сям’я да інжынерных спецыяльнасцяў адносін не мае, сама ж я першапачаткова хацела ісці ў медыцыну, але не паступіла. Жыццёвы шлях абрала спантанна, але пра гэта ні кроплі не шкадую. Скажам так, сукупнасць выпадковасцяў прывяла мяне да любімай справы, — дзеліцца думкамі малады спецыяліст.
Са жніўня дзяўчына працуе ў зелянгасе КУВП «Камунальнік» інжынерам садова-паркавай гаспадаркі, займаецца ландшафтным дызайнам.
— У мае абавязкі ўваходзіць афармленне экстэр’еру. Усё, што звязана з прыгажосцю на вуліцах, па сутнасці, мая задача, — кажа Юлія Валер’еўна.
Спачатку нараджаецца ідэя, якая потым рэалізуецца ў анлайн-рэжыме. Дызайнер малюе чарцяжы і праектуе лакацыі ў камп’ютарных праграмах. Задаю пытанне, ці адпавядаюць веды, атрыманыя ва ўніверсітэце, патрабаванням на працы, на што дзяўчына кажа:
— Вучыцца было цікава і не надта цяжка (не ўлічваючы курсавых работ, вядома). Мая прафесія патрабуе намаганняў у творчым плане. Дызайнер не можа дазволіць сабе такую раскошу, як пошук натхнення, яно павінна заўсёды біць праз край, — усміхаецца дзяўчына. — Насамрэч, няпроста навучыцца думаць крэатыўна. Зразумела, што ва ўніверсітэце нам давалі базу: якімі павінны быць памеры сцяжынак, якія нормы водступу пры пасадцы дрэў і кустоў ад розных камунікацый, дамоў. Усё астатняе — на водкуп фантазіі.
Дарэчы, пасля атрымання дыплома Юлія Ахрымук «выцягнула кароткую запалку»: па размеркаванні дзяўчына павінна была ехаць у Барысаў аграномам на футбольную арэну. Такая перспектыва яе не вельмі вабіла, бо… здавалася занадта лёгкай! Сусвет пачуў сумненні маладога спецыяліста і прапанаваў іншае.
— Знаёмая ўгаварыла мяне прэзентаваць у райвыканкаме свой дыпломны праект па добраўпарадкаванні пружанскага парку. Я не вельмі хацела паказваць яго кіраўніцтву раёна, таму што да апошняга сумнявалася ў якасці сваёй працы. Але праект быў ужо зроблены, і я падумала: «Ну проста пакажу, чаму не?» Усё прайшло па канонах універсітэцкай прэзентацыі. Атрымліваецца, двойчы абараняла дыплом, — усміхаецца Юлія.
Калі малады спецыяліст была маральна гатова да пераезду ў Барысаў, сабрала рэчы, ужо амаль у інтэрнат засялілася, нечакана як снег на галаву звалілася навіна…
— Раптам — чароўны тэлефонны званок з не менш чароўнай прапановай працаваць у нашым «Камунальніку». Я гэтаму бязмерна абрадавалася!
Юлія Ахрымук расказвае, што ў калектыве зелянгаса трывалыя таварыскія сувязі, пануе камфортная і нават утульная атмасфера. Але першы працоўны дзень быў нялёгкім.
— Усё ж адбывалася вельмі імкліва, і прапанова застацца на малой радзіме была даволі нечаканай. Таму калі ўпершыню прыйшла ў зелянгас, я дакладна стала для калектыву «сюрпрызам», не пытайце якім, — жартуе малады спецыяліст.
Мы, канешне, пагутарылі і пра знакаміты дыплом. Цікава, як часам нашы намаганні ўплываюць на жыццё…
— Шчыра кажучы, была праведзена грунтоўная праца. Спачатку я зрабіла падрабязны аналіз: высветліла, дзе праходзяць камунікацыі, дзе змяшчаюцца зацемненыя ўчасткі, якія дрэвы растуць па ўсёй тэрыторыі парку. Потым, згодна з атрыманай інфармацыяй, пачала паступова і ўважліва будаваць яго новы выгляд, — успамінае дзяўчына.
Дыпломны праект Юліі Ахрымук сапраўды ўражвае. Рэканструкцыя пакрыцця, абнаўленне сцяжынак і лавачак, устаноўка інфармацыйных стэндаў, высадка разнастайных кветак і кустоўя, стварэнне новых месцаў для адпачынку і нават… фантан.
— Абавязкова хочацца добраўпарадкаваць сажалкі ў парку, але найперш трэба наводзіць парадак на вадаёме па вул. Горка. Гэта вельмі ёмісты працэс, які каштуе шмат грошаў, таму прыйдзецца крыху пачакаць, — кажа дызайнер. — На мой погляд, парку не пашкодзілі б агеньчыкі, размешчаныя, напрыклад, паміж дрэвамі, але баюся, каб яны не выклікалі асацыяцыю з Новым годам. Хацелася б, каб спадчыну Швыкоўскіх калі-небудзь ахутала цёплае зіхаценне маленькіх лямпачак.
Падалося, што ў Юліі Ахрымук склалася трывалая, каштоўная сувязь з зямлёй, аб чым я і запыталася.
— Не разумею, чаму шмат маладых людзей неяк скептычна ставіцца да працы на зямлі. Свая гаспадарка не шануецца, догляд агарода лічыцца не актуальным. Неаднаразова чула выразы накшталт наступнага: «Навошта корпацца ў тых градках, прасцей купіць усё неабходнае». Гэта, безумоўна, расчароўвае, бо такім чынам губляецца яднанне з прыродай, — шчыра кажа дзяўчына. — На жаль, многія людзі пакуль не гатовы траціцца на прыгажосць. Многія звяртаюць увагу толькі на сваю ўласную тэрыторыю. А як жа вуліцы, па якіх ходзім кожны дзень, тратуары, паркі, вадаёмы? Мяне крыху хвалюе такая незацікаўленасць.
Хутка мы будзем святкаваць 590-годдзе Пружан. У сувязі з гэтым Юлія працуе над канцэпцыяй азелянення і добраўпарадкавання горада і прызнаецца, што ўжо прыдумала шэраг варыянтаў.
— Шчыра кажучы, у мяне зараз даволі цікавы жыццёвы перыяд, калі жаданні і фантазіі сустрэліся з непрывабнай рэальнасцю. Сутыкаюся з крытыкай, фінансавымі абмежаваннямі, але ўсе цяжкасці — цудоўны вопыт, які дазваляе адчуць асобасны рост, трансфармавацца ў лепшую версію сябе. Калі падумаць, класна вучыцца чамусьці новаму, шукаць нязвыклыя сродкі, адкрываць раней невядомыя шляхі, — разважае малады спецыяліст.
Ужо зараз у зелянгасе ідзе актыўная падрыхтоўка да вясны. Калектыў абмяркоўвае ідэі ўпрыгажэння горада, вырашае, якія кветкі будзе высаджваць, заказвае насенне. Юлія прымае ў гэтым працэсе самы непасрэдны ўдзел і абяцае, што вясной нам будзе не ўседзець дома.
— Часам хочацца больш паглыбіцца ў інжынерыю, але калі ідзеш па горадзе і бачыш свае праекты, адчуваеш такі парыў тварыць далей! І гэта пры тым, што пакуль існуе толькі пара клумб майго аўтарства, — усміхаецца дзяўчына.
Спадзяёмся, што паступова задумы Юліі Ахрымук будуць ажыццяўляцца, а Пружаны — развівацца і прыгажэць.
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік і з дыпломнага праекта Юліі Ахрымук