Існуе нямала легенд і паданняў, якія тлумачаць, чаму прынята дарыць жанчынам кветкі. Сярод іх мне асабліва падабаецца тая, у якой сцвярджаецца, што ў першае веснавое свята вельмі не хапае фарбаў для ўздыму настрою. І рознакаляровыя букеты абуджаюць радасныя пачуцці ў нашых душах.
Менавіта такой годнай справай займаецца род Кабрынцоў ужо ў другім пакаленні.
— У 1985 годзе арганізаваць прыгожы бізнэс надумаў мой тата,— расказвае Віктар Кабрынец. — У тыя гады першымі веснавымі кветкамі лічыліся цюльпаны, за імі — мімоза і зрэдку сустракаліся ружы. Для вырошчвання першых асаблівых умоў не патрабавалася, і тата паспрабаваў вырасціць цюльпаны дома. На першы раз ён атрымаў каля 300 штук.

Першы поспех падштурхнуў да ўзвядзення парніка, які і сёння дае магчымасць працягваць сямейную справу сыну. А потым на вул. Тармасава адкрыўся павільён, у якім пружанцы і цяпер набываюць самыя прыгожыя падарункі да 8 Сакавіка. Вырошчванне цюльпанаў за дзесяцігоддзі практыкі Кабрынцы давялі да тэхналагічнага ўзроўню, які дае магчымасць да першых веснавых дзён атрымліваць па 15-20 тысяч кветак. Хаця гэта праца і не стала менш карпатлівай.
У прыватнасці, пасадку цыбулін цюльпана трэба пачынаць яшчэ восенню, кожную з іх уласнаручна закрыць грунтам ды так, каб хапіла месца будучай расліне стабільна расці і развівацца.
— Таксама вывучылі асаблівасці розных сартоў, некаторыя з якіх мы сталі практыкаваць,— расказвае Віктар Кабрынец. — Яны падабраны такім чынам, каб «даходзіць да гатоўнасці» з розніцай у суткі, каб мець магчымасць прапаноўваць пружанцам толькі свежазрэзаныя кветкі.
Падзяліўся наш зямляк і сакрэтам, які дапаможа павялічыць працягласць жыцця букетаў. Па-першае, набываць трэба такія цюльпаны, бутоны якіх толькі пачалі афарбоўвацца ў роўны прыродны колер. А па-другое, штодня зрэзваць частку сцябла і адразу мяняць ваду ў вазе. Тады кветкі будуць радаваць прыгажосцю не менш за 10 дзён.
Віктару ў справах нярэдка дапамагае і жонка Вольга, якой мы задалі каверзнае пытанне: ці могуць кветкі надакучыць, калі іх замнога ды на кожны дзень?
— Як жа надакучыць такая радасць, што выклікае толькі добры настрой?, — смяецца жанчына. — Тым больш што можна дарыць як некалькі кветак, так і вось такі вялікі букет.
Алег Сідарэнка
Фота Кацярыны Масік