Здароўе з’яўляецца адным з галоўных складнікаў нашага шчаслівага жыцця. Бо калі нешта баліць, то і свет не мілы. Спорт — цудоўная магчымасць папярэдзіць розныя захворванні, а фізічная актыўнасць дапаможа пазбавіцца непрыемных адчуванняў у целе. З гэтымі тэзісамі згодна і Галіна Вайтуховіч, якая пачала займацца спортам праз цяжкасці са спінай і ўжо не ўяўляе жыцця без трэнажорнай залы.
З нядаўняга часу Галіна Вайтуховіч займае пасаду намесніка начальніка бухгалтарскага аддзела Пружанскага камбіната кааператыўнай прамысловасці. Дагэтуль працавала бухгалтарам на розных прыватных прадпрыемствах.

— Прычынай таго, што я пачала займацца спортам, стала мая спіна. Як вы разумееце, бухгалтары не адрозніваюцца асаблівай рухавай актыўнасцю на рабочым месцы. З-за пастаяннага сядзячага ладу жыцця ў канчатковым выніку мяне добра «скруціла», пачало прастрэльваць спіну. Хто з падобным сутыкаўся, разумее, наколькі гэта непрыемныя пачуцці, калі ўсё твае цела быццам бы сціснута і ніколі не прыходзіць у расслаблены стан. Плюс да ўсяго пачала хутка набірацца лішняя вага, блізкія людзі рабілі спробы тактычна намякнуць на мой знешні выгляд, і я вырашыла, што пара нешта мяняць, — расказвае жанчына.
Галіна Уладзіміраўна пайшла ў спартзалу і… хутка ўцягнулася. Спачатку яна наведвала «трэнажорку», потым займалася фітбоксам, тайскім боксам, а пасля таго, як з’ехаў трэнер, вярнулася да трэнажораў.
Жанчына займаецца самастойна, тэхніка за чатыры гады заняткаў ужо пастаўлена, а калі і ўзнікнуць пытанні, то ў зале заўсёды дапамогуць, падкажуць, дзе памылка.
— Дарэчы, «падлячыць» спіну атрымалася толькі праз два гады і гэта пры тым, што я тройчы на тыдзень хадзіла ў трэнажорную залу. Запусціць сябе лёгка, а выправіць сітуацыю яшчэ паспрабуй, — кажа Галіна Вайтуховіч.
Для правільнага выканання практыкаванняў трэба разумець, як устроены наш арганізм, ведаць, пад якім вуглом нахіляцца, як правільна дыхаць, сачыць за паставай суставаў. Тэарэтычныя веды неабходны, каб не нашкодзіць сабе і выпадкова не траўміравацца.
— Цудоўна памятаю сваё першае наведванне трэнажорнай залы. Гэта было своеасаблівае адкрыццё, захапленне і адначасова скруха: чаму я аб гэтым раней не ведала? Напэўна, з боку я выглядала, як маленькае дзіця, бо пайшла наўгалоп па ўсіх трэнажорах. І вось так паступова, безумоўна, шмат памыляючыся, дазнавалася пра новы для сябе свет спорту, — расказвае Галіна Уладзіміраўна. — Глядзела спартыўных блогераў, якія даступна тлумачылі, як рабіць практыкаванне. Спачатку заўважала касыя позіркі, але ў станоўчай афарбоўцы, з мяне па-добраму жартавалі «пастаянныя кліенты», а з цягам часу ўжо пачалі ўспрымаць як роўную сабе.
Жанчына прызнаецца, што спорт падарыў ёй новыя знаёмствы, новую кампанію.
— Адзін чалавек да з’яўлення ў маім жыцці спорту сказаў мне: «У цябе лепшы сябар — камп’ютар». І гэта была праўда! Дзякуючы трэніроўкам я пазнаёмілася з добрымі людзьмі, ад зносін з якімі атрымліваю сапраўднае задавальненне, — дзеліцца бухгалтар.
Як вы зразумелі, Галіна Вайтуховіч ужо даўно не той сарамлівы навічок, які ўпершыню пераступіў парог трэнажорнай залы. Доказам гэтага з’яўляюцца перамогі ў адкрытым гарадскім чэмпіянаце па жыме лежачы сярод аматараў. Два гады запар жанчына паказвала лепшыя вынікі ў гэтым спаборніцтве. І калі паднятая вага ў 2021 годзе склала 52,5 кг, то праз год — 67,5 кг.
— Спачатку родныя мяне не разумелі. Маўляў, навошта табе той спорт? Але з цягам часу, калі палепшыўся стан здароўя, з’явілася фігура, з’явіліся першыя дасягненні на спаборніцтвах, канечне, пачалі мною ганарыцца. Зараз да маіх інтарэсаў ставяцца з павагай, падтрымліваюць. Малодшая дачка таксама пацягнулася за мной, часам нават бяру яе з сабой у трэнажорку, — кажа Галіна Уладзіміраўна.
Нагадаем, што бухгалтар займалася фітбоксам — фітнесам з элементамі баксіравання. Для гэтага віду спорту не характэрна практыка спарынгаў, але пад пільным наглядам трэнера Андрэя Кавалеўскага жанчыны станавіліся «па парах».
Галіна Вайтуховіч дэманстравала шчыткі і лапы, якія патрэбны для заняткаў боксам. Пры гэтым расказвала, што, нягледзячы на ўсю амуніцыю, усё роўна даводзілася хадзіць з сінякамі, але спартыўнаму азарту гэта не шкодзіла.

— Лічу, жанчыне вельмі карысна ведаць прыёмы самаабароны. Бокс вучыць не толькі біць, але і ўхіляцца ад удару, групавацца, хутка думаць і рэагаваць. Навыкі, якія дае бокс, дазволяць не збянтэжыцца падчас небяспекі, а пачаць якасна абараняцца.
Заняткі спортам для Галіны Уладзіміраўны — гэта яшчэ і цудоўны спосаб пазбавіцца стрэсу, атрымаць адрэналін і своеасаблівую падзарадку.
— Фізічная нагрузка павінна быць. З потам выходзяць усе таксіны, якія накопліваюцца ў арганізме. Увёўшы ў жыццё трэніроўкі, ты міжволі падсажваешся на правільнае харчаванне, сочыш за ежай, якую ўжываеш, і ў выніку прыходзіш да здаровага ладу жыцця.
Дарэчы, жанчына ўпэўнена, што ў залу хадзіць трэба не з мэтай скінуць лішнія кілаграмы, а каб атрымаць задавальненне. Калі апошняе будзе ў прыярытэце, тады і жаданыя лічбы хутка з’явяцца на вагах. Канечне, можна прымушаць сабе і займацца праз сілу, але дасягнуты эфект у такім выпадку будзе часовым.
— У мінулым годзе я паспрабавала бег. Згадала, што ў дзяцінстве ўдзельнічала ў спартыўных спаборніцтвах і добра спраўлялася з бегам на доўгія дыстанцыі, — расказвае Галіна Вайтуховіч. — Падчас прабежкі на стадыёне прыемна назіраць, як дарослыя мужчыны збіраюцца і гуляюць у футбол. Гэта сведчыць аб тым, што ў грамадства ёсць патрэба ў спартыўнай інфраструктуры.
Па словах нашай гераіні, у горадзе хапае месцаў, дзе людзі могуць займацца спортам, іншая справа ў якасці некаторых з іх…
Уласна мяне вельмі здзівіла, што ў трэнажорнай зале ў Водным палацы, дзе і займаецца Галіна Уладзіміраўна, няма… трэнера! Не зусім зразумела, як быць чалавеку, які ўпершыню трапіў у трэнажорку. І няхай іншыя наведвальнікі падтрымаюць парадай, падкажуць асаблівасці той ці іншай тэхнікі, але ўсё ж такі прафесійнай дапамогі ты не атрымаеш.
Высветлілася, што гэта толькі частка праблемных момантаў.
Само памяшканне трэнажорнай залы невялікае, і калі адначасова пазаймацца захочуць чалавек дзесяць, месца ўжо будзе бракаваць. У той жа час суседняя більярдная зала на памеры не скардзіцца…
Традыцыйна летам трэнажорку наведвае шмат народу, і пры гэтым не працуе… кандыцыянер! У гэтую пару года, як сведчыць жанчына, надыходзіць сапраўднае пекла.
Усе абсталяванне даволі старэнькае і патрабуе рамонту. Спадзяёмся, сітуацыя выправіцца ў лепшы бок…
І ўсё ж для чалавека, які сапраўды хоча ўдзяляць час трэніроўкам, перашкод не павінна быць.
— Спорт гартуе характар, нараджае здаровую ўпартасць, выхоўвае трываласць. Дзякуючы гэтаму развіваецца мэтанакіраванасць, з’яўляецца жаданне быць лепшай версіяй сабе, — рэзюмавала Галіна Уладзіміраўна.
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік
