Понедельник, 2 декабря 2024

Як будуць развівацца прадпрыемствы Пружан і што зменіцца ў горадзе? Старшыня райвыканкама расказаў работнікам «Пружанскіх электрасетак»

851

Інфармацыйна-прапагандысцкая група, якую ўзначальвае старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, 22 лістапада сустракалася з калектывам філіяла «Пружанскія электрычныя сеткі» РУП «Брэстэнерга».

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік азнаёміў прысутных с праектам Закона «Аб Беларускім усенародным сходзе» (УНС), абмеркаванне якога працягвалася да 2 лістапада. Аляксандр Канстанцінавіч спыніўся на асноўных момантах праекта, расказаў аб гістарычных перадумовах УНС, складзе і парадку яго фарміравання, кампетэнцыях і інш.

Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Наталля Зеленяк рассказала аб змяненнях, якія былі ўнесены ў Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь.

Затым работнікі філіяла мелі магчымасць задаць старшыні райвыканкама Міхаілу Грышкевічу пытанні, выказаць прапановы. І пытанняў да першай асобы раёна аказалася нямала. Большасць з іх тычылася добраўпарадкавання населеных пунктаў, праезных частак дарог, тратуараў, веласіпедных дарожак, забеспячэння медыцынскімі кадрамі як у саміх Пружанах, так і ў гарадскіх пасёлках Ружаны, Шарашэва.

Як сказаў Міхаіл Міхайлавіч, многае ў раёне ўжо зроблена, але яшчэ шмат чаго трэба зрабіць у плане прывядзення дарог і тратуараў у належны стан, стварэння новых працоўных месцаў, будаўніцтва жылля, месцаў адпачынку дзяцей і моладзі. Праблемныя пытанні зараз акумулююцца на нядаўна адкрытай платформе сацыяльнай сеткі інтэрнэта «ВКонтакте»: «Пружаны. Сделай лучше». Па ацэнцы кіраўніка раёна, туды ўносяцца даволі слушныя прапановы, раскрываюцца праблемы, якія трэба вывучаць.

Наконт медыцынскіх кадраў Міхаіл Міхайлавіч паведаміў, што на нядаўняй калегіі галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама, у якой прыняў удзел міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Піневіч, гэтае пытанне абмяркоўвалася і ўзята на кантроль. Расказаў Міхаіл Грышкевіч і аб тым, што ў наступным годзе пачнецца будаўніцтва памяшкання для ўстаноўкі апарата камп’ютарнай тамаграфіі, будуць весціся работы па пераводзе дзіцячай і жаночай кансультацый у асобны будынак і многае іншае.

Было зададзена пытанне аб тым, як бачыць старшыня райвыканкама далейшае развіццё горада, раёна ў плане стварэння новых працоўных месцаў, каб не было адтоку моладзі. Міхаіл Міхайлавіч адказаў, што ў гэтым накірунку ёсць пэўныя напрацоўкі. Напрыклад, будзе ажыццяўляцца інвестыцыйны праект па малочнаму камбінату на базе плошчаў, якія вызваліла кампанія Danon. Рэалізацыя яго намечана на працягу 2023-2025 гадоў. Павялічыцца прадукцыйнасць сушыльнага абсталявання, бо на рынках адчуваецца вялікая запатрабаванасць у сухім абястлушчаным малацэ, замяняльніку цэльнага малака, розных сартах сыру. Таксама ёсць вельмі сур’ёзныя напрацоўкі па пастаўках сметанковага масла ў Азербайджан. Плануецца выпуск цэльнамалочнай прадукцыі ў пакетах.

Вялікія планы і па кансервавым заводзе. Нельга, каб гэтая вытворчасць знаходзілася ў цэнтры горада, як цяпер. Міхаіл Грышкевіч крыху прыадкрыў таямніцу і паведаміў, што новы завод будзе будавацца па вуліцы Лазо, адпаведна магутнасці перанясуць туды. А на старых плошчах размесціцца зона адпачынку. Самае галоўнае, каб пры рэалізацыі гэтых планаў не ўзнікла перашкод, ад якіх ніхто не застрахаваны.

Расказаў Міхаіл Міхайлавіч і пра некаторыя іншыя праекты, якія забяспечаць пружанцаў новымі працоўнымі месцамі.

Прагучала і просьба да кіраўніка раёна аб дапамозе па змяненні выгляду помніка воінам-інтэрнацыяналістам на вуліцы Тармасава. Міхаіл Грышкевіч даў заданне Аляксандру Момліку прыняць да ўвагі прапанаваны праект змянення і затым разам абмеркаваць, што тут можна зрабіць. Бо гэтае і многія іншыя памятныя месцы павінны выхоўваць патрыятызм, гонар за гістарычнае мінулае.

Старшыня райвыканкама заклікаў прысутных быць не толькі спажыўцамі, але і клапаціцца аб добраўпарадкаванні горада, раёна, самім не засмечваць месцы свайго пражывання, карыстання, адпачынку і сачыць за тым, каб іншыя гэтага не рабілі. Звярнуў увагу і на даволі нярэдкія выпадкі тэлефоннага махлярства: усё часцей на вуду махляроў трапляюць нашы жыхары. Трэба думаць, перш чым раставацца са сваімі грашыма.

Напрыканцы сустрэчы адзін з супрацоўнікаў філіяла выказаў вялікую ўдзячнасць старшыні райвыканкама за клопат аб Пружаншчыне. За невялікі тэрмін многае змянілася ў лепшы бок.

У адказ на гэта Міхаіл Міхайлавіч выказаў падзяку і адзначыў, што ўсім разам трэба развіваць пружанскую зямлю. «Працаваць на радзіме адказнасць у сотні разоў вышэйшая, — сказаў кіраўнік раёна. — Я нарадзіўся і вырас на гэтай зямлі, працаваў тут і пасля чатырох гадоў вярнуўся сюды. Толькі разам мы зможам зрабіць наша жыццё лепшым. Ад вас усіх мне патрэбна ў гэтым дапамога».

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара