Воскресенье, 20 апреля 2025

Як блізняты Павел і Алег Ярашукі разам прафесію выратавальніка выбралі

410

Самым галоўным правілам выратавальнай службы з’яўляецца зладжанасць ва ўсіх дзеяннях. Толькі ў шчыльнай звязцы можна перамагчы вогненную стыхію, аператыўна ліквідаваць надзвычайныя здарэнні. І выйсці з гэтай барацьбы таксама разам і без страт. Часта за гады службы раней чужыя людзі становяцца нібыта родныя, яны дапамагаюць адзін аднаму не толькі на рабоце, але і ў паўсядзённым жыцці. Таму сярод выратавальнікаў часта можна сустрэць сапраўдныя сямейныя дынастыі, нярэдка служаць бацькі і дзеці, сямейныя пары, браты.

Так склалася ў жыцці Паўла і Алега Ярашукоў. Яшчэ ў дзяцінстве абодва хлопцы вырашылі ісці ў пажарную службу, якой нямала сіл аддалі спачатку дзед братоў, а потым і дзядзька. Яны ахоўвалі спакой жыхароў в. Стараволя і наваколля. А яшчэ на «адзінства» такога рашэння паўплывала тое, што Павел і Алег — блізняты і з маленства ўсё рабілі разам. Калі Радзіма заклікала абодвух на тэрміновую службу, то разам прыйшлі ў ваенкамат, атрымалі адно на дваіх накіраванне ў вайсковае падраздзяленне. Нават праходзілі школу абаронцы Айчыны ў адным узводзе.

Пасля дэмабілізацыі абодва прыйшлі ў райаддзел па надзвычайных сітуацыях, аднак тады мужчынам не пашанцавала: не было вакансій. Таму разам пайшлі служыць у праваахоўныя органы, а калі з’явілася магчымасць, зноў прынеслі дакументы ў пажарную службу. І вось дзявяты год ахоўваюць спакой жыхароў Шарашэўскай зоны старшымі інструктарамі-выратавальнікамі. Як зазначаюць браты, быць выратавальнікам пачэсна. А ў дадатак яны прывыклі ўсё рабіць разам, а служба ў МНС — гэта работа ў калектыве.

— У школе, а потым ў арміі нас часта блыталі, бо тады мы былі на адзін твар, — смяюцца Ярашукі. — Зараз, у старэйшыя гады, знешне мы сталі адрознівацца, хаця, як і раней, многае складваецца, як кажуць, адно на дваіх.

Напрыклад, у абодвух жонак клічуць Ганнамі, пры гэтым тыя, хаця і не сёстры, але нарадзіліся ў адзін дзень. Таксама браты разам захапляюцца рознымі відамі спорту, з-за чаго Ярашукі — прызнаныя спартсмены ў райаддзеле, яны штогод абараняюць гонар свайго падраздзялення на абласных спаборніцтвах па пажарных відах спорту. Да таго ж у Алега і Паўла за час службы ёсць нямала адзнак і ўзнагарод, якія яны зноў жа падзялілі пароўну паміж сабой.

Магчыма, многія службовыя складанасці Ярашукам дапамагае пераадольваць такая роднасць. Але і яна не спрацавала ў адзіноцтве, калі б не адпаведнае выхаванне, жыццёвая загартоўка і адказнае стаўленне да выканання ўскладзеных абавязкаў. Прыклад братоў з’яўляецца чарговым доказам таго, што ў выратавальнай службе выпадковых людзей няма.

Алег Сідарэнка.

Фота Кацярыны Масік