Гэтыя хлопцы і дзяўчаты на «жалезных конях» ламаюць устойлівыя стэрэатыпы: чамусьці ўсе прывыклі думаць, што байкеры — проста брутальныя мота-аматары ў скураных куртках з заклёпкамі, гучнай музыкай з дынамікаў, без вызначаных мэт і сур’ёзных інтарэсаў. Але пагутарыш з імі, як кажуць, адзін на адзін, і адразу разумееш: гэта цікавыя людзі, захопленыя агульнай ідэяй, якім далёка не ўсё роўна, што адбываецца вакол. А яшчэ яны ціха і спакойна, без лішняга пафасу, выконваюць мары іншых.
У апошнюю чэрвеньскую пятніцу размеранае жыццё пасёлка Сонечны парушыў роў матораў. Дабрачынную акцыю для дзяцей, якія часова засталіся без апекі бацькоў, арганізавалі ўдзельнікі мотасуполкі «Routе Р98». Яшчэ пяць гадоў таму мясцовыя байкеры ўзялі шэфства над сацыяльна-педагагічным цэнтрам і два разы на год прыязджаюць сюды з падарункамі. Заснавальнікі суполкі, муж і жонка Вадзім Жэдзік і Юлія Жуковіч, падзяліліся з намі сваімі планамі і расказалі, як павярнуцца да свету, каб ён стаў дабрэйшым.
— Наш мотаклуб існуе з 2017 года, «база» ёсць у в. Шчарбы, што ў 35 км ад райцэнтра. Там мы збіраемся для абмеркавання мерапрыемстваў для мотааматараў і розных акцый, якія праводзім за кошт уласных сіл і рэзерваў, — кажа Юлія. — Паказальнымі выступленнямі, якіх усе чакаюць на розных мерапрыемствах, жыццё мотасуполкі не заканчваецца. Мы вырашылі далучыцца да праблем дзяцей, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, і неяк парадаваць іх сваёй увагай і, вядома ж, падарункамі.
У падтрымку развіцця мотатурызму ў нашым рэгіёне і па ўсёй Беларусі з моманту заснавання суполкі «Routе Р98», байкеры штогод праводзяць байк-фестываль «Villagy parti», які збірае тысячы аматараў і прыхільнікаў мотаруху. Спачатку ўдзельнікі клуба дапамагалі канкрэтным дзецям з цяжкімі захворваннямі і атрыманыя сродкі пералічвалі на рахунак дабрачыннай арганізацыі «Крылы анёла». Потым вырашылі пашырыць ахоп дапамогі, узяўшы шэфства над сацыяльным прытулкам.
— Тэлефануем выхавальнікам, даведваемся, што трэба ў першую чаргу, закупляем усё неабходнае і прызначаем дату сустрэчы. Дадаткова прывозім салодкія падарункі, каб парадаваць маленькіх падапечных. Звычайна рыхтуем невялікую забаўляльную праграму, запрашаем аніматараў, словам, робім усё магчымае, каб дзецям спадабалася. Многія сюды трапляюць, на жаль, не першы раз, нас ужо ведаюць і вельмі-вельмі чакаюць.
Праблемы бацькоў не павінны адбівацца на дзецях, але ў рэальнасці часта ўсё атрымліваецца інакш. У дзяцей, чые бацькі не спраўляюцца са сваімі абавязкамі, у жыцці мала свят. Тым больш каштоўнай становіцца магчымасць пасядзець на матацыкле, прымерыць шлем і нават пакатацца. Такія акцыі дапамагаюць дзецям перастаць сумаваць і хоць на нейкі час стаць часткай яркага, цікавага дзейства. Чужых дзяцей не бывае, ёсць проста бестурботнасць дарослых, на дапамогу якім прыходзяць іншыя службы, дапамагаюць выправіць памылкі і стаць на пра-вільны шлях. За гэтыя паўгода дзеткі не павінны сябе адчуваць пакінутымі, таму і ўвага да іх асаблівая.
А мы, у сваю чаргу, дзякуем мотасуполцы «Routе Р98» за актыўную жыццёвую пазіцыю, за дабразычлівасць і адкрытае сэрца, гатовае сагрэць усіх, хто мае ў гэтым патрэбу. Бо нездарма сацыяльны цэнтр знаходзіцца ў пас. Сонечны, назва якога кажа сама за сябе. А там, дзе ўзыходзіць сонейка, заўсёды ёсць месца для надзеі, веры і любові.
Ірына Велясевіч.
Фота аўтара