Шэраг людзей бачыць сэнс жыцця ў набыцці новага досведу, які можна атрымаць з падарожжаў. Успаміны, што застануцца ў памяці на доўгія гады, часам падштурхоўваюць асобу ісці на пэўныя ліхтугі і рызыкі: абы пабачыць, даведацца, адчуць новае! Такім аматарам яскравых уражанняў з’яўляецца Барташ Слабідскі — удзельнік мотасуполкі «Route Р98», этнічны паляк, які ўжо больш чым год жыве ў Шчарбах.
Чалавек свету
Барт (так герой артыкула прасіў называць сябе для зручнасці) вядзе ў пэўным сэнсе прыгодніцкі лад жыцця. Мужчына не толькі пабываў амаль ва ўсіх краінах Еўропы, Паўночнай Амерыкі, але і пэўны час жыў на іх тэрыторыі.
— Можна сказаць, што мае вандраванні пачаліся ў пяцігадовым узросце, калі сям’я пераехала з Жэшува ў Варшаву, дзе я і правёў самы працяглы час свайго жыцця, — кажа «грамадзянін свету». — Бацькі адразу заўважылі маю схільнасць да «бадзяжніцтва», падтрымлівалі ўсе мае пачынанні, у тым ліку і жаданне пабачыць Новы Свет.
Юнак скончыў ліцэй ў ЗША, але заставацца ў штатах не было ніякага жадання. Ён вярнуўся на радзіму, атрымаў педагагічную адукацыю і дзесяць год працаваў настаўнікам англійскай мовы. Барташу Слабідскаму падабалася працаваць з падлеткамі, але з цягам часу ўзнікла фінансавае пытанне: заробку ад гэтай працы не хапала на падарожжы. Таму Барт вырашыў пераехаць у Лондан, дзе правёў 15 зім.
— Менавіта зім. У гэты перыяд я збіраў грошы (працаваў дастаўшчыкам ежы), каб з надыходам вясны пусціцца ў дарогу, — удакладняе байкер. — Але з Лонданам я развітаўся. Кропку ў нашых адносінах паставіла пандэмія COVID-19. Лакдаўн стаў для мяне самым цяжкім выпрабаваннем. Пазбавіцца жывых зносін, якія з’яўляюцца для мяне своеасаблівым палівам, замуравацца ў чатырох сценах я проста не мог… І знайшоў выйсце ў Беларусі.
Домам абрана «сінявокая»
Пазнаёміцца з рознымі культурамі, паглядзець, як жывуць простыя людзі, пабачыць, якія ёсць недахопы і дасягненні ў розных краінах, каб у канчатковым выніку знайсці месца, якое ідэальна падыходзіць для жыцця — вось адна з мэт, якая стаяла перад Барташам Слабідскім у падарожжах.
— Лепшым месцам на ўсім белым свеце для мяне аказалася простая, мілая Беларусь. Насамрэч, я зразумеў гэта даўно, яшчэ падчас першага візіту ў вашу цудоўную краіну ў 2009 годзе, але толькі тры гады таму набыў домік у Шчарбах (сюды прыязджаў на адпачынак з 2015 года, а з мясцовымі хлопцамі-байкерамі пазнаёміўся яшчэ раней) і вырашыў, што тут будзе маё месца сілы, — кажа суразмоўца.
Як узгадвае Барт, у 2020 годзе цудам атрымалася вырвацца з Лондана, прыехаць у Беларусь і правесці лепшы каранцін у жыцці на базе аграсядзібы мотааматараў «Route Р98». Менавіта тады паляк прыняў рашэнне асесці на адным месцы. У леташнім красавіку мужчына аформіў від на прабыванне і збіраецца заставацца на Пружаншчыне і надалей.
— Як родныя і блізкія ўспрынялі навіну, што Вы цяпер будзеце жыць у Беларусі? — задаю пытанне Барташу Слабідскаму.
— Можна сказаць, што ў нас не тыпічная польская сям’я. Тата ўсё жыццё выступаў за больш шчыльныя адносіны з усходнімі суседзямі, любіў Савецкі Саюз. У нашым доме часта гучалі творы Акуджавы і Высоцкага, што, безумоўна, на мяне паўплывала. Больш за тое, мая былая жонка — руская, і ў шлюб мы ўступалі з благаславення і з падтрымкай бацькоў. Таму калі я паведаміў пра пераезд, яны шчыра парадаваліся. Сябры спачатку скептычна аднесліся да маёй ідэі, але пасля таго, як я прывёз іх у Беларусь і пазнаёміў з краінай, частка зразумела мой выбар, — дзеліцца байкер.
Як кажа Барт, важкі вопыт у падарожжах дае магчымасць параўноўваць тое, што бачыў. Для сябе паляк выдзеліў шэраг пунктаў-пераваг, прааналізаваўшы якія вырашыў «кінуць якар» у Беларусі.
— Беларусы неверагодна добрыя, гасцінныя, мірныя, спакойныя людзі. Агулам ваша грамадства асаблівае, я такога нідзе не сустракаў. Таксама мне зразумелая беларуская культура. Мы ўсе славяне, выйшлі з аднаго карэння. Таму мне, паляку, прасцей знайсці агульную мову з беларусам і рускім, чым з немцам і французам, — тлумачыць сваё рашэнне Барташ Слабідскі. — У Беларусі бяспечна, і гэта дазваляе спакойна жыць, быць упэўненым у заўтрашнім дні. Яшчэ ў вас вельмі смачная ежа. Прадукты —добрай якасці, яны валодаюць прыроднай чысцінёй і выдатным смакам.
Пушчанская гармонія
Уявіце, якая навіна была для мясцовых (а іх засталося восем): паляк прыехаў у глухую пушчанскую вёску! Толькі вось Шчарбы — магніт для цікавых людзей, незвычайнае месца, якое ўжо атрымала статус «мотавёскі». Таму і Барта прынялі вельмі добра, што яго прыемна ўразіла.
— Тут адкрытыя людзі. Могуць завітаць у госці, каб пагутарыць, нават без папярэджання! І гэта вельмі класна: свабода і цесны кантакт. Менавіта такіх жывых зносін мне не хапала на Захадзе, — кажа паляк.
Па словах Барташа Слабідскага, жыццё ў Шчарбах набывае новыя фарбы летам, калі прыязджаюць дачнікі. У астатні перыяд года вёска ціхая, але менавіта гэтага спакою і душэўнай раўнавагі шукаў чалавек.
— Я добра ведаю сямейныя гісторыі мясцовых жыхароў: вечары доўгія, шмат часу праходзіць у размовах і ўспамінах, — тлумачыць байкер. — Яшчэ вёска дае магчымасць любавацца прыродай. Мы ж у пушчы! Гэта такая цесная сувязь з прыродай, невымоўная прыгажосць, што ажно дух займае.
Гаспадар правёў нам экскурсію па ўласных уладаннях. Мы пабачылі павець з акуратна складзенымі дровамі, калодзеж з чысцюткай вадой, хлеў, маленькі агарод. Здаецца, звычайныя атрыбуты простай вясковай хаты, але асобную ўвагу трэба ўдзяліць пабудове, якую Барт назваў летнім пакойчыкам. Нам жа яна нагадала сапраўдны музей.
— Тут я захоўваю ўспаміны з мінулага, частку свайго жыцця. Першая «экспазіцыя» закранае юныя гады. У гэтым кутку — рэчы, якімі я карыстаўся, калі быў футбольным фанатам. На картах адзначаны маршруты, па якіх я ў свой час вандраваў, і месцы, дзе жыў. Майкі з мінулых байкерскіх злётаў і фэстаў… Але гэта далёка не ўсё. Не падумайце, што я так нудна жыў! — усміхаецца Барташ Слабідскі.
Мотажыццё
Пасярод двара горда стаяў лепшы сябар мужчыны — прыгожы матацыкл Suzuki Intruder 800, які ўжо 25 год верай і праўдай служыць байкеру.
— Я набыў яго новым у 1998 годзе і з таго часу не расставаўся з ім. Звычайна байкеры мяняюць матацыклы, а я не магу: настолькі ён родны, — дзеліцца суразмоўца. — Былі ў мяне і ўсялякія машыны, але машыны — гэта сродак перасоўвання, у іх няма душы, у сучасных і тым больш.
Па словах Барташа Слабідскага, байкерскі хаўрус мае свае непаўторныя асаблівасці.
— У нашым згуртаванні існуе салідарнасць. У крытычнай сітуацыі на дарозе або ў простым жыцці табе дапамогуць. Ніколі няма праблемы застацца ў кагосьці на ноч, знайсці падтрымку. І калі ў Еўропе цябе прымуць дадому на адну-дзве ночы, то ў Беларусі да гасцей ставяцца зусім па-іншаму, — кажа паляк.
У планах Барта — дакладней «вывучыць» Расію, пабываць у Паўднёвай Амерыцы. Толькі крыху пазней, бо яшчэ не ўсю «сінявокую» бачыў. Пры гэтым мужчына распавёў, што наведаў шмат старых палацаў і замкаў, сядзіб і маёнткаў, касцёлаў і цэркваў. Дагэтуль здараюцца выпадкі, калі паляк раіць беларусам цікавыя мясціны ў іх раёне і вобласці.
— Люблю разглядаць гісторыка-культурныя каштоўнасці. Гэта дазваляе крыху адмежавацца ад настойлівай цывілізацыі, адчуць карані, сувязь часоў і моц мінулых стагоддзяў, — разважае Барташ Слабідскі. — А якое задавальненне катацца па Беларусі! Наведваць вялікія гарады, праязджаць утульныя вёсачкі, любавацца чысцінёй і некранутай прыродай… Я ні разу не пашкадаваў аб прынятым рашэнні. Я абраў самую лепшую з вядомых мне краін і тут шчаслівы.
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік