Понедельник, 16 сентября 2024

Як арганізавана бяспека працы ў будаўнічых арганізацыях? Карэспандэнт праверыў разам з мабільнай групай райвыканкама

327

З пачатку бягучага года працягваецца актыўная работа па наглядзе за выкананнем патрабаванняў заканадаўства па ахове працы, якая ўскладзена на мабільную групу райвыканкама. Як расказвае спецыяліст раённага ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Жанна Клімец, за першыя два месяцы было праведзена два дзясяткі наведванняў арганізацый. Падобныя візіты ладзяцца двойчы на тыдзень, што дае магчымасць членам мабільнай групы пабываць на ўсіх прадпрыемствах раёна, каб папярэдзіць парушэнні заканадаўства па ахове працы. У адзін з такіх маніторынгаў трапіла і наша карэспандэнцкая група.

На гэты раз у цэнтры ўвагі аказаліся будаўнічыя арганізацыі — ПМК-21 і ПМК-22. Будаўнікі гэтых прадпрыемстваў зараз шчыруюць на двух даволі сур’ёзных аб’ектах Пружаншчыны. ПМК-21 даручана ўзвядзенне прыбудовы пад размяшчэнне апарата камп’ютарнай тамаграфіі. Будынак дастаткова ўнушальны і па плошчы зойме ўсю пляцоўку, якая раней адводзілася пад транспартны прыём пацыентаў каля былога прыёмнага пакоя. Работнікі ПМК-22 узводзяць будынак сталоўкі для Шарашоўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната, плошча якога складае 900 квадратных метраў. На аб’ектах задзейнічана нямала людзей з падрадных арганізацый, і патрэбна стварыць бяспечныя ўмовы для будаўнікоў, а таксама выканаць патрабаванні адпаведнага заканадаўства.

— Самыя распаўсюджаныя недахопы, якія выяўляюцца падчас назіральных візітаў, тычацца бытавых пытанняў, — зазначае Жанна Мікалаеўна. — На жаль, састарэлы лозунг «Усё дзеля выніку!» пакуль не выкаранены паўсюдна, хаця даўно айчыннае заканадаўства патрабуе спачатку арганізаваць работнікам бяспеку, як вытворчую, так і санітарную, а ўжо потым прыступаць да рэалізацыі задач.

З улікам гэтага даўно для будаўнічых аб’ектаў выпускаюцца спецыяльныя бытоўкі, якія толькі знешне нагадваюць былыя вагончыкі, а ўнутры работнікі могуць як абагрэцца, так і высушыць адзенне, нават мець пад рукой гарачую ваду для гігіены ў палявых умовах. Паступова такія модулі ўкараняюцца, але не так масава, як хацелася б. Хаця такім чынам наймальнік выказвае павагу да сваіх падначаленых, што не толькі мяняе адносіны работніка да сваёй арганізацыі, але і спрыяе замацаванню кадраў. У дадатак такі падыход зніжае працягласць працоўных перапынкаў па стане здароўя, з чым напрамую звязана рэнтабельнасць работ.

Акрамя бытавых пытанняў, як паведамляе Жанна Клімец, выяўляюцца і некаторыя недахопы ў бяспецы на вытворчасці. Ёсць канкрэтныя рэкамендацыі па выкарыстанню электраабсталявання, правядзенні работ на вышыні і іншых. Але ў дробязях усё-такі дапускаюцца недахопы. Між тым састарэлыя драбіны, якія дзесяцігоддзямі «верай і праўдай» служылі, у адзін момант могуць прывесці да трагічнага здарэння.

Варта дадаць, што перад мабільнай групай не ставіцца задача па дысцыплінарным спагнанні адказных за ахову працы спецыялістаў. Па-першае, аказваецца метадычная дапамога, у рамках якой па выяўленых недахопах даюцца канкрэтныя рэкамендацыі па іх выкараненні, а разам з імі і прычын, якія прывялі да ўзнікнення парушэнняў. І галоўнае, што арганізацыі рэагуюць на работу мабільнай групы станоўча. Не так аператыўна, як хацелася б, але поўнага ігнаравання не адзначаецца. А вось выпраўленне недахопаў пры паўторных аглядах адназначна рэгіструецца.

Алег Сідарэнка

Фота аўтара