Понедельник, 21 апреля 2025

Яго прызванне — праца!

318

У аддаленых кутках Пружаншчыны жывуць дзіўныя людзі, знаёмства з якімі пакідае прыемныя ўспаміны і незабыўныя ўражанні. Яны заўсёды заняты справай, іх рукі заўжды ў рабоце, а сэрца імкнецца да новых ідэй і здзяйсненняў. Адзін з такіх — Мікалай Мікалаевіч Навуменка, стараста вёсак Белы Лясок і Ківачына, для якога праца на роднай зямлі — усё яго жыццё і прызванне.

Ва ўтульнай маленькай вёсачцы, дзе кожны ведае адзін аднаго, ёсць людзі, якія становяцца яе душой. Такім чалавекам вось ужо шмат гадоў у Белым Ляску з’яўляецца Мікалай Навуменка — нястомны працаўнік, добры сусед і мудры настаўнік. Нават выйшаўшы на заслужаны адпачынак дзесяць гадоў таму, ён не сядзіць без справы: яго энергіі і любові да роднага краю хапіла б на дзесяцярых. Вось у каго трэба павучыцца жыццялюбству! Некаторыя не паспеюць выйсці на працу, як ужо мараць аб пенсіі, а ў чалавека «таго» пакалення ўсё наадварот — хутчэй бы новы дзень, новыя справы і свежыя ўражанні.

— Я тут нарадзіўся і вырас, тут мае карані, мая сям’я і родная зямля. Вось прачынаюся на досвітку, выходжу на двор і ўдыхаю на поўныя грудзі свежае паветра. Калі я гэта ўсё бачу, значыць яшчэ жывы, — смяецца Мікалай Мікалаевіч. — А раз жывы, значыць, трэба працаваць і нешта рабіць. У вёсцы клопату хапае, ды і людзі звяртаюцца па самых розных пытаннях, вось і дапамагаю, чым магу. Самае галоўнае пытанне вясной — гэта своечасова пасадзіць бульбу. А значыць, палічыць соткі, зрабіць спісы, арганізаваць транспарт. Вось гэтым зараз і займаюся. Людзі мяне выбралі старастай, і я не магу іх падвесці.

Мікалай Навуменка ўсё жыццё працаваў у калгасе «Новая Крыніца» (пазней ён уліўся ў «Пружанскі райаграсэрвіс») на зернесушылцы, ведае ўсе тонкасці работы хлебароба. Праца не была лёгкай: пыл, спякота, бяссонныя ночы падчас уборачнай, але ён ніколі не наракаў. Былыя калегі кажуць пра яго, як пра чалавека, на якога заўсёды можна было спадзявацца: калі трэба падмяніць змену, проста дапамагчы ці падказаць — ніколі не адмаўляў.

Дарэчы, канчаткова з працай не развітаўся, робіць вартаўніком на будоўлі новага аб’екта ў в. Ківачына. Плюс, як мы ўжо казалі, адказна ставіцца да абавязкаў вясковага старасты. Мужчына не можа прайсці міма таго, што патрабуе рамонту ці навядзення парадку: то падправіць пахілены плот, то падфарбуе лавачку ля дарогі, то траву пакосіць — усё пад кантролем. Дзякуючы і яго намаганням, летась у вёсцы замянілі ўсе лямпы ў ліхтарах на энергазберагальныя.

— Наш стараста ва ўсіх пытаннях перадавік. За што ні возьмецца, усё даводзіць да канца, — з гонарам кажа галоўны спецыяліст Шарашэўскага сельвыканкама Крысціна Вярбіцкая. — У мінулым годзе на тэрыторыі Нікарскага лясніцтва арганізаваў суботнік на мясцовым вадаёме. Прыйшлі ўсе неабыякавыя жыхары, ляснічыя, падцягнулася тэхніка — шмат чаго прыбралі, пачысцілі бераг, навялі парадак за адзін дзень. Таксама вырашыў пытанне з аўтамагазінам: абрэзаў галіны дрэў, якія перашкаджалі руху аўтамабіля. Ён заўсёды думае пра людзей і клапоціцца пра родную вёску.

— Калі не мы, то хто? Галоўнае — не спыняцца. Пакуль ёсць сілы і жаданне, трэба рабіць жыццё вакол сябе лепшым, а парадак і чысціня — аснова ўнутранага спакою і ладу, — перакананы Мікалай Мікалаевіч.

Хату Навуменкаў немагчыма не заўважыць: у цёплы сезон яна літаральна патанае ў буйстве фарбаў. Мікалай Мікалаевіч з асаблівым трапятаннем вырошчвае ружы, і яго кветнік — прадмет захаплення ўсёй акругі. Сам даглядае іх, робіць падкормкі, прышчэпкі. Хтосьці скажа — не мужчынская гэта справа, але дазвольце не пагадзіцца, кожнаму сваё.

А яшчэ працягвае справу свайго дзеда і бацькі — займаецца пчалярствам. Гэтаму спецыяльна нідзе не вучыўся, сакрэты майстэрства перадаліся ў спадчыну. Зараз ужо менш вуллёў, на ўсё часу не хапае, але мядком частуе ўсіх родных і сяброў. Пчолы, як людзі: калі пра іх клапаціцца, яны заўсёды адкажуць дабром і сваімі дарамі, а вясковец менавіта так адносіцца да ўсяго навакольнага.

Летась Мікалай Мікалаевіч і яго жонка Алена Аляксееўна адзначылі залатое вяселле — 50 гадоў. Разам выгадавалі сына і дачку, дапамагаюць з унукамі і, што б ні здарылася, заўсёды падтрымліваюць адзін аднаго. Мінулым летам на свяце вёскі атрымалі Ганаровую грамату і памятныя падарункі ад сельвыканкама — як знак удзячнасці за працу, дабрыню, вернасць і адданасць роднай зямлі.

Мікалай Навуменка з тых людзей, пра якіх гавораць: «на ім свет трымаецца». Яго адкрытасць, невычэрпнае пачуццё гумару і гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу робяць яго сапраўдным Чалавекам з вялікай літары. Ён і працаўнік, і захавальнік традыцый, і душа вёскі. Усё, што дае яму жыццё, прымае з мудрасцю і падзякай, яго дабрыня сагравае, а працавітасць натхняе. Ён не шукае славы, не чакае ўзнагарод — проста жыве, як падказвае сэрца і абсалютна ўпэўнены, што сапраўднае жыццё — у працы, клопаце і каханні. А на банальнае пытанне: «Што жадаеце?», — адказвае проста: «У мяне ўсё ёсць, галоўнае — міру ўсім, здароўя і дабра!»

Ірына Велясевіч. Фота аўтара і з архіва рэдакцыі