Здаецца, выбар прафесіі для ўраджэнца Грынявіч Анатоля Савіцкага быў прадвызначаны з самага дзяцінства. Будучы яшчэ хлопчыкам, ён шмат часу праводзіў з татам Іванам Іванавічам, які працаваў трактарыстам у Мураве. Спрацаваныя рукі роднага чалавека і складаны механізм «жалезнага каня» натхнілі нашага героя. Ён паўтарыў бацькоўскі шлях.

Сельгаставарыства «Мурава» для Анатоля Іванавіча стала родным больш за чвэрць стагоддзя таму. Як толькі скончыў восем класаў, юнак уладкаваўся сюды на работу слесарам. У Пружанскім саўгасе-тэхнікуме атрымаў прафесію механіка і пасведчанне трактарыста.
— Атрымаўшы дыплом, вярнуўся ў родную гаспадарку. Па-іншаму і быць не магло. З самага дзяцінства, яшчэ калі жыў у Грынявічах, прывык да зямлі. Ведаю, што калі ты старанна працуеш, то і яна адказвае табе добрым ураджаем, — кажа Анатоль Іванавіч.
У Мураве мужчына стварыў сям‘ю. Разам з жонкай Любоўю жывуць ва ўласным доме. Старэйшы сын Аляксандр жыве і працуе ў Брэсце, а дачка Дар’я сёлета скончыла школу. Дзеці заўсёды гатовы дапамагчы бацькам па гаспадарцы, а вось на працы асноўным памочнікам Савіцкага ўжо дзесяць гадоў запар з’яўляецца «жалезны конь» — трактар «Беларус 3022». Падчас працы мы і засталі Анатоля Іванавіча і папрасілі зрабіць кароткі перапынак на некалькі мінут. Хаця выдатна разумелі: у сельгасферы часам кожная мінута дарагога вартая. Мяркуйце самі: на сваім «кані» Анатоль Іванавіч возіць сянаж падчас нарыхтоўкі кармоў. З заканчэннем жніва трактарыст выконвае не менш важную работу: узворвае палі пад азімую сяўбу. Дарэчы, сёлета яму трэба ўзараць каля 1000 га. Для такой гаспадаркі, як «Мурава», нагрузка немалая. Час невялікай перадышкі наступае з надыходам маразоў. Тады трактар праходзіць поўны «медагляд»: Анатоль Іванавіч рамантуе яго.

Адказны падыход работніка да любімай справы быў адзначаны на ўзроўні раёна. Сёлета імя трактарыста-машыніста сельгасвытворчасці А.І.Савіцкага за вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Пружаншчыны, высокі прафесіяналізм і актыўную грамадскую дзейнасць гэтага чалавека занесена на Дошку гонару Пружанскага раёна.
Дасягненне для Анатоля Іванавіча, безумоўна, значнае. Але пра яго кажа вельмі сціпла: «Разумею: гэта прызнанне маёй работы, за што вельмі ўдзячны. Але сезон яшчэ не скончаны, таму наперадзе шмат спраў…».
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік