Суббота, 18 января 2025

Расказваем пра майстрыху з Калядзіч Таццяну Кныш, якая прадставіць вобласць на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур

730

Калі едзеш на Калядзічы з Пружан, праз акно машыны можна ўбачыць квітнеючыя жоўтыя палеткі рапсу, палявыя кветкі, якія прыгожа раскіданы ўздоўж дарогі. Не менш цудоўныя кветкі распускаюцца на работах майстрыхі з Калядзіч, культарганізатара мясцовага Дома культуры, кіраўніка аматарскага аб’яднання «Лада-Ладачка» Таццяны Кныш.

Майстрыха займаецца не толькі традыцыйнай вышыўкай, але і мікравышыўкай, і бісерапляценнем.

Як расказвае сама Таццяна Уладзіміраўна, вышывае яна з дзяцінства (ужо ў другім класе маленькая Таня вышыла падушкі для сваёй старэйшай сястры, якая на той момант выходзіла замуж). І асвоіла абсалютна розныя тэхнікі: гладзь, бразільскую вышыўку, французскі вузельчык, «калодачкі».

А вось бісерапляценне рамесніца адкрыла для сябе толькі пару гадоў таму дзякуючы калезе — кіраўніку тэатра моды «Таямніца» Людміле Кудрэйка. Прызнаецца: спачатку падумала, што гэта абсалютна «не для яе», але зараз з задавальненнем пляце цудоўныя бранзалеты, герданы (гэта такое этнічнае «калье») і іншыя ўпрыгожванні. Таксама дэкарыруе вышыўкай адзенне і аксесуары, вырабляе неверагоднай прыгажосці кулоны, брошы, бранзалеты, упрыгожаныя мікравышыўкай.

Зразумела, працэс стварэння вырабаў не абыходзіцца без складанасцяў. Напрыклад, спачатку было цяжка знайсці аправу для ўпрыгожванняў з мікравышыўкай, але дзякуючы інтэрнэт-крамам гэтае пытанне вырашылася. Увогуле, мікравышыўка — праца тонкая, са шматлікімі дробнымі дэталямі, для яе патрабуецца уседлівасць, дакладнасць рук, і вельмі добры зрок. І пачуццё прыгожага, зразумела.

У бісерапляценні самы прыемны этап стварэння пачынаецца тады, калі ўжо можна ўбачыць частку гатовага вырабу. І, канешне, вельмі радасна, калі задуманае атрымліваецца. Але ёсць і руцінныя моманты. Самым нецікавым Таццяна Уладзіміраўна лічыць запраўленне спецыяльнага станка, калі трэба ўважліва лічыць ніці, нацягваць іх.

Удвая прыемна, калі выраб знаходзіць прымяненне на практыцы і з задавальненнем носіцца ў штодзённым жыцці, выкарыстоўваецца як элемент касцюма розных танцавальных і вакальных калектываў роднага Дома культуры. Гэта натхняе да творчасці. Зарад творчай энергіі таксама дораць Таццяне Кныш любімыя дзеці і ўнукі. Рамесніца марыць, каб нашчадкі перанялі яе майстэрства, а старэйшая дачка нават ужо выказала жаданне навучыцца ў маці вышыўцы. Майстрыха ўпэўнена, што вышыванка добра спалучаецца, напрыклад, з ірванымі джынсамі ці іншым модным адзеннем, і што старажытнае рамяство да месца будзе і ў сучасным свеце.

У хуткім часе Таццяну Уладзіміраўну чакае вельмі важная падзея. Менш чым праз тыдзень, чацвёртага чэрвеня, яна са сваімі вырабамі паедзе на Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродна. Майстрыху заўважылі на абласным адборачным туры фестывалю ў Маларыце, а зараз яна будзе прадстаўляць Пружаны і Брэсцкую вобласць на рэспубліканскім узроўні.

Дык хай красуюць рознакаляровыя кветкі на палетках Беларусі і ў прыгожых вырабах Таццяны Кныш!

Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ