Среда, 26 марта 2025

Яе ведаюць далёка за межамі раёна, а яе імя ёсць нават у энцыклапедыі! У Дзень настаўніка расказваем пра настаўнцу гісторыі СШ №5 Тамару Ляўчук

565

Тамара Сцяпанаўна Ляўчук шмат гадоў выкладае гісторыю. Цяпер яна працуе ў сярэдняй школе №5 г. Пружаны.

Звесткі пра яе ёсць у энцыклапедыі «Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь» (у гэтай кнізе змешчана інфармацыя пра нашых сучаснікаў — прафесіяналаў у розных сферах дзейнасці, якія адыгрываюць прыкметную ролю ў жыцці сучаснай Беларусі). А ў 2021 годзе яе імя было занесена на Дошку гонару Пружанскага раёна.

Уражвае, што за сваю педагагічную дзейнасць Тамара Сцяпанаўна падрыхтавала каля 80 пераможцаў і прызёраў алімпіяд і конкурсаў рознага ўзроўню. Адным са сваіх дасягненняў педагог лічыць і тое, што многія яе вучні таксама сталі гісторыкамі.


З нагоды прафесійнага свята я паспрабавала ў пытаннях і адказах стварыць лаканічны партрэт асобы сваёй любімай настаўніцы — Тамары Сцяпанаўны Ляўчук.

— Тамара Сцяпанаўна, калі Вы вырашылі стаць настаўнікам і чаму?

— Гэта здарылася ў выпускным класе, калі працаваць да нас, у Мокраўскую школу, дзе я вучылася, прыйшоў настаўнік Віктар Уладзіміравіч Нічыпаровіч. На той момант я марыла стаць інжынерам, а тут раптам зразумела, што няма нічога больш цікавага і дзіўнага, чым свет гісторыі. Як бачыце, шмат у чым на выбар прафесіі ўплывае і асоба настаўніка.

— Як Вам удалося дабіцца поспеху ў сваёй прафесіі?

— У мяне заўжды былі высокія патрабаванні да сябе.

— У чым найбольшая адказнасць педагога?

— Настаўнік не проста вучыць свайму прадмету: ён фарміруе ўнутраны свет сваіх вучняў.

— Тамара Сцяпанаўна, ахарактарызуйце сябе ў двух словах.

— Цярплівая і талерантная.

— Ці бываюць моманты, калі Вас пакідае натхненне?

— Здзіўляюся сабе! Не пакідае!

— Чым Вы любіце займацца ў вольны час?

— Вельмі люблю чытаць, разгадваць крыжаванкі.

— Якія Вашы любімыя кнігі?

— Больш за ўсё люблю кнігі на гістарычную тэматыку, а яшчэ перачытваю Дэйла Карнегі.

— Чаго б Вы ніколі не зрабілі ў жыцці?

— Не змагла б прынізіць, абразіць чалавека.

— Які Ваш дэвіз?

— Калі не я, то хто?

— Сфармулюйце Вашы адносіны да жыцця ў пяці словах.

— Аптымізм, вера, надзея, каханне, прабачэнне.

— Пра што Вы марыце?

— Каб заўсёды квітнела мая краіна, мая сінявокая Беларусь.

— Якія словы адрасуеце калегам у Дзень настаўніка?

— Моцнага ўсім здароўя, дабрабыту, міру! Давайце заўсёды заставацца вытрыманымі, тактоўнымі, шчырымі і будзем помніць: нашы вучні — гэта наша адлюстраванне.

Паліна Сянкевіч, вучаніца 9 «В» класа СШ №5, навучэнка ЦТДМ

Фота Кацярыны Масік і з архіву рэдакцыі