Здаецца, зусім нядаўна журналісты наведалі ААТ «Айчына», дзе толькі-толькі пачынаўся збор вітаміннага ўраджаю. Але з таго часу прайшло амаль два месяцы, на календары лістапад, і гаспадаркі раёна, якія займаюцца вырошчваннем садавіны, закончылі ўборку таварных пладоў.
Сказаць, што гэты год парадаваў работнікаў садоў, нельга. Прычынай таму ўсе аднагалосна называюць рэзкія перапады тэмператур, асабліва ў зімова-вясновы перыяд. З-за гэтага, напрыклад, у ААТ «Жураўлінае», падмерзла немала дрэўцаў. Па словах начальніка прамысловага саду таварыства Таццяны Дымковай, сёлета сабралі больш за 740 тон яблык. На 113 га гаспадаркі знаходзіцца месца такім гатункам, як «алеся», «вербнае», «фрыдом», «глостар», «шампіён», «імант», «весяліна», а яшчэ «айдарэд». Ён, кажа Таццяна Міхайлаўна, найбольш радуе ў апошнія некалькі гадоў. У той жа час сад перажывае абнаўленне: у гэтым сезоне яго правялі на трох кварталах. Гэта, спадзяюцца тут, дапаможа павялічыць ураджайнасць. Цікава, што побач з яблынямі ў садзе «Жураўлінага» расце алыча гатунку «камета». Ураджай костачкавых сабралі 3,7 тоны.
А вось найбольшым валавым зборам яблык сёлета можа пахваліцца РУП «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Тут, як адзначыў дырэктар Уладзімір Цімошчанка, на 106 га вырошчваецца ажно 39 гатункаў яблынь! Напрыклад, сярод восеньскіх радуюць «заслаўскае» і «беларускае салодкае». Усяго карысных пладоў назапасілі 1495 тон. Плюс да гэтага — 6 тон костачкавых. Уладзімір Рыгоравіч адзначыў, што зараз у садзе вядзецца збор ападу, яго паднялі ўжо з 40% тэрыторыі.
Ураджайныя плошчы пладовага саду ААТ «Ружаны-Агра» складаюць 100 га. З іх збіраюць яблыкі самых розных гатункаў. У гэты сезон пладоў назапашана 723 тоны. Частка з іх ужо рэалізавана на кірмашах, астатняе знаходзіцца на складзе. Каб ураджай не псаваўся, у гаспадарцы робяць упор на гатункі, якія доўга захоўваюцца – «алеся», «імант», «вербнае» і інш.
І, нарэшце, пра ААТ «Айчына». Кіраўнік аддзялення садаводства Леанід Астапук расказаў, што са 154 яблыневых гектараў сабрана амаль 504 тысячы тон ураджаю. Лепш за іншыя вызначыўся гатунак «беларускае салодкае» (пакаштаваць яго мы якраз змаглі падчас наведвання таварыства ў верасні), а таксама «імант».
Зараз работнікі гаспадарак будуць паступова ўбіраць апад, абразаць сад і рыхтаваць яго да адпачынку – зімовага сезону. Усё гэта павінна стаць залогам добрага ўраджаю. Вядома, калі зноў не ўмяшаецца надвор’е.
На здымках: падчас пачатку ўборкі ў «Айчыне».
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік