Понедельник, 2 декабря 2024

«Яблычны бум» атрымаўся! Знаёмім з пераможцамі нашага з «Ружаны-Агра» конкурсу

369

Не толькі лета дорыць нам вітаміны. Багата іх і восенню. Менавіта яна — час збору сакавітых, духмяных, прыгожых яблыкаў! У кастрычніку і лістападзе нашы карэспандэнты пабывалі амаль ва ўсіх гаспадарках раёна, якія займаюцца іх прамысловым вырошчваннем. Падчас здымак відэасюжэта з саду ААТ «Ружаны-Агра» разам з кіраўніцтвам гаспадаркі мы задумаліся: а чаму б не пачаставаць яблычкамі падпісчыкаў?

Сказана — зроблена! У нашым Instagram мы запусцілі конкурс «Яблычны бум». Паўдзельнічаць на ім можна было на працягу 11 дзён. Што трэба было рабіць? Нічога складанага: быць падпісчыкам акаўнтаў «раёнкі» @budni.by, а таксама ААТ «Ружаны-Агра» @ruzhany_agro і паставіць «лайк» пад пастом з умовамі конкурсу. Вось і ўсё!

Паспытаць удачу вырашылі больш за 360 падпісчыкаў. А пазмагацца было за што. У «Ружаны-Агра» адразу аб’явілі, што ўручаць тым, каму ўсміхнецца ўдача, 15, 10 і 5 кг яблыкаў ураджаю-2022 прама з саду. Дарэчы, ён у гаспадарцы займае ажно 172 га. Калі хочаце пабываць там, хай сабе і віртуальна, заходзьце на наш YouTube-канал і шукайце відэаролік.

Пераможцаў нашага конкурсу мы вызначылі з дапамогай спецыяльнага сэрвісу 3 лістапада, а ўжо 6-га, падчас свята-кірмашу ў нашым райцэнтры, яны атрымалі падарункі ад ААТ «Ружаны-Агра».

Трэцяе месца заняла Таццяна Скок, супрацоўніца Пружанскай ЦРБ, а зараз — мама ў дэкрэтным адпачынку. Ёй былі ўручаны пяць кілаграмаў яблыкаў. Імі Таццяна пачаставала бабуль, а таксама любімых дзетак — Ганначку і Андрушку. Расказала пераможца пра сяброўства з нашай газетай і «Ружаны-Агра»: «Раней была падпісана на друкаваную версію «раёнкі». Калі ж з’явілася магчымасць чытаць яе ў інтэрнэце, перайшла туды. На Instagram газеты падпісана вельмі даўно, чытаю навіны ў іншых сацсетках, а таксама ў Telegram і Viber. Цяпер стала яшчэ падпісчыцай акаўнта ружанскай гаспадаркі ў Instagram. Мясную прадукцыю з Ружан любіць уся сям’я, заўсёды набываем. Дзякуй вам за конкурс, ніколі раней у чымсьці падобным не ўдзельнічала і тым больш не перамагала».

Вельмі ўзрадавала навіна аб перамозе Анастасію Ціхановіч, кіраўніка маладзёжнага клуба «Teens-фармат». Прызнаецца: некалькі яблынь ёсць на ўласным прысядзібным участку, але ў планы на ўраджай сёлета ўмяшалася надвор’е, ветрам паламала дрэўцы. «Вось цяпер без вітамінаў на зіму не застанемся дакладна», — кажа Анастасія, якая атрымала ад «Ружаны-Агра» 10 кілаграмаў яблыкаў. І тут усё лепшае — дзецям. Па словах пераможцы, частку вітамінных пладоў забярэ ў Мінск дачка-студэнтка Улада, з радасцю будзе частавацца яблыкамі маленькі Паша. «Раней яблыкі ад ружанскай гаспадаркі не каштавалі. А вось мясную прадукцыю любім, калі бываем у Ружанах, купляем заўсёды. Шкада, што няма фірменнага магазіна «Ружаны-Агра» ў райцэнтры», — дзеліцца думкамі Анастасія.

Ну, і, нарэшце, абсалютны пераможца, той чалавек, якому ўдача ўсміхнулася ажно на 15 кг яблыкаў, — Крысціна Даўгарукая, работніца філіяла «Пружанскія электрычныя сеткі». Па словах Крысціны, на «Раённыя будні» яна падпісваецца прыкладна дзесяць гадоў. Актыўна сочыць за навінамі і ў інтэрнэце. Цяпер жыхарка Пружан падпісана яшчэ і на акаўнт «Ружаны-Агра» ў Instagram. Прадукцыю гэтага сельгаставарыства вельмі любіць і ўсім рэкамендуе. Яблычкамі будзе частавацца ўся сям’я, і хопіць дакладна на ўсіх. Каб забраць такі важкі падарунак, прыехалі на кірмаш на машыне.

Крысціна шчыра дзякуе «Ружанам-Агра», нашай газеце і абяцае сябраваць і далей.

У сваю чаргу, дзякуем усім падпісчыкам за ўдзел у «Яблычным буме» і мы. Асаблівы дзякуй — ААТ «Ружаны-Агра», без якога наш конкурс проста не атрымаўся б. Заставайцеся з намі і не забывайце, што адна са шматлікіх нагодаў наведаць Ружаны — набыццё смачнай прадукцыі ад мясцовай гаспадаркі.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Андрэя Пашкевіча